26 красавiка 2024, Пятніца, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ідэолагі абвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрэмізме і прапагандзе вайны

9
Ідэолагі абвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрэмізме і прапагандзе вайны
ФОТА: BUDZMA.BY

Чарговая спроба арганізаваць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Менску скончылася скандалам.

Сталічныя ідэолагі адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання ў сувязі з тым, што "дзейнасць гэтага выканаўцы" нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.

Як паведамляе Tuzin.fm, выступ Вайцюшкевіча быў запланаваны на 22 ліпеня ў Доме Масквы, дзе музыка меў намер прэзентаваць праграму на вершы Уладзіміра Маякоўскага з нагоды дня нараджэння паэта. Папярэдняя згода з пляцоўкай была дасягнутая.

Калі раней выступы Вайцюшкевіча зрываліся з надуманых прычын, проста па званку "зверху", то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэнне за подпісам першай намесніцы начальніка галоўнай управы ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі - кіраўніцы ўправы культуры Менгарвыканкама (так афіцыйна гучыць пасаду) Віталіны Рудзікавай.

Адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання звязаная з тым, што дзейнасць выканаўцы, на думку чыноўніцы, падпадае пад дзеянне пункта 5 часткі 2 указу Лукашэнкі №257.

Нагадаем, у ім гаворыцца пра тое, што забараняецца арганізацыя і правядзенне канцэртаў, якія маюць на мэце прапаганду вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян.

Цікава, што да такой высновы Віталіна Рудзікава прыйшла пры «вывучэнні дзейнасці» Змітра Вайцюшкевіча. Але спасылкі і прыклады, якія б пра гэта сведчылі, не падала.

У размове з арганізатарам канцэрту ідэолаг заявіла, што "паслухала аўдыё і паглядзела відэа" ў інтэрнэце і асабіста прыняла пастанову аб забароне імпрэзы. Канкрэтна да Маякоўскага чыноўніца прэтэнзіяй не мела, яна ўдакладніла, што справа тычыцца менавіта творчасці Вайцюшкевіча.

Сам Зміцер у каментары для Tuzin.fm адказаў на кожны пункт гэтага абвінавачвання.

"У мяне гэты дакумент выклікае поўнае здзіўленне. Ніводная з пералічаных падстаў не мае нічога агульнага з маёй творчасцю. У маіх песнях няма ні прапаганды вайны, ні экстрэмізму. Наадварот - я стараюся праслаўляць Беларусь з дапамогай песняў на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў.

Можа, буду нясціплым, але мне здаецца, што мае творы ніяк не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот лечаць слухачоў і прыносяць толькі пазітыўныя эмоцыі, пра што магу судзіць са сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем'ямі", - кажа спявак.

Праўда, маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзенні канцэрта, музыка можа аспрэчыць гэтую пастанову.

"Вядома, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш выразна абгрунтоўвалі сваю пазіцыю. Таму я гатовы бараніць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў", - кажа Вайцюшкевіч.

Заўважым, што за час існавання практыкі забароны канцэртаў у Беларусі, гэта толькі другі выпадак, калі арганізатары атрымалі афіцыйны ліст. У 2014 годзе з такой жа прычыны за подпісам той жа Рудзікавай у правядзенні канцэрту было адмоўлена гурту Amaroka.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках