29 красавiка 2024, панядзелак, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнік «Амкадора»: «Баюся, завод два гады не працягне»

7
Работнік «Амкадора»: «Баюся, завод два гады не працягне»
Фота: amkodor.by

З ліпеня ААТ "Амкадор" пераводзіць рабочых на чатырохдзённы працоўны тыдзень з захаваннем толькі за дзве траціны тарыфнай стаўкі 1-га разраду (8000 рублёў у гадзіну).

Завод гудзе чуткамі: начальства рыхтуе прадпрыемства да трохдзёнкі.

Работнік «Амкадора» распавёў praca-by.info аб імклівым пагаршэнні сітуацыі на прадпрыемстве.

- З красавіка да чэрвеня завод "Амкадор" працаваў на чатырохдзёнцы, у пятніцу мы працавалі на дзве траціны тарыфнай стаўкі 1-га разраду. З ліпеня завод перайшоў на чатырохдзёнку, і пятніца ўжо не аплачваецца. Кіраўніцтва прадпрыемства рыхтуецца да пераходу на трохдзённы рэжым працы - інакш які сэнс усіх перастановак? Мы падазраём, што ў чацвер захаваецца толькі дзве траціны заробку - гэты слых ужо гуляе па ўсім заводзе.

- Скарачэнне працоўнага тыдня відавочна адбілася на заробках?

- Заробкі ва ўсіх упалі. Цяпер на заводзе адбываецца масавае скарачэнне людзей, хоць гэтыя факты не агалошваюцца. Пры найменшай правіне - звальненне; усё роўна, што ты маці-адзіночка ці маці-гераіня, не кажучы ўжо пра мужчын. Хіба толькі калі начальнік заступіцца, тады кіраўніцтва завода можа разгледзець пытанне аб падаўжэнні працоўнага кантракту.

Грошай на прадпрыемстве няма. Заробак у мінулым месяцы затрымалі: па калектыўнай дамове павінны выплачваць да 18-га, а выплацілі ў 20-ых чыслах.

За чэрвень сярэдні заробак па заводзе склаў два з паловай мільёны - гэта афіцыйныя звесткі. Сумавалі нават прыбыткі «белага дома», дзе заробкі па 30 мільёнаў, з нашымі: у кагосьці - 2 мільёны васемсот тысяч, у кагосьці нават два мільёны не выйшла. За поўны працоўны месяц людзі атрымлівалі 3 700 000. Сярэдні заробак рабочых на зборцы склала 3-5 мільёны максімум.

- Колькі чалавек працуе на прадпрыемстве?

- Не буду казаць за ўвесь завод. На зборцы засталося 13 мужчын з 40 - за апошнія месяцы скарацілі больш чым удвая.

- Як настроены самі працоўныя, якім чынам плануюць «выкручвацца» з сітуацыі?

- Людзі трымаюцца за працоўныя месцы, бо колькасць вакансій скарацілася ў два з паловай разы. Ніхто не рыпаецца, усё са страхам чакаюць што могуць не падоўжыць кантракт: цябе могуць засунуць у любую дзірку - такія магчымасці дадзеныя апошнім дэкрэтам.

- Як адміністрацыя тлумачыць катастрафічную сітуацыю на прадпрыемстве?

- Няма збыту. Наша прадукцыя ў асноўным ішла на Расею.

- А што кажуць пра перспектывы?

- Святло ў канцы тунэлю з'явіцца праз два-тры гады. Але калі зацягнецца цяперашняя сітуацыя (прадпрыемства загразла ў крэдытах, якія бярэ на выплату заробкаў, за адны рухавікі запазычылі мільярды), мы не працягнем і два гады.

Але начальства сябе не скарачае - скарачае рабочых: цяпер на аднаго рабочага прыпадае тры кіраўнікі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках