26 красавiка 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскага журналіста аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў

Берасцейскага журналіста аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў
ФОТА: BYMEDIA.NET

Берасцейца Алеся Ляўчука трэцім разам прызналі вінаватым у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук атрымаў штраф у суме 50 базавых адзінак. Такую пастанову 2 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёна Берасця. Пазаштатнага карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН прызналі вінаватым у супрацоўніцтве са спадарожнікавым тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі, паведамляе "Еўрарадыё".

Нагодай для справы стаў рэпартаж пра футбольны матч чэмпіянату Беларусі паміж берасцейскім "Дынама" і "Віцебскам", які прайшоў 3 траўня. Тэлеканал "Белсат" паказаў і кароткае інтэрв'ю з вядомым футбалістам Раманам Васілюком. Аўтарам матэрыялу, на думку праваахоўнікаў, з'яўляўся менавіта Алесь Ляўчук.

На пасяджэнні Ляўчук віны сваёй не прызнаў і паведаміў, што сапраўды браў у капітана каманды "Дынама" (Берасце) інтэрв'ю, але для кампаніі "БелаПАН".

У якасці сведкі ў судзе выступіў і Раман Васілюк. Футбаліст паведаміў, што Ляўчук браў у яго каментар, але для якога інфармацыйнага рэсурсу, ён не ведаў.

Як паведаміў Алесь Ляўчук, у суда не было доказаў таго, што менавіта ён зрабіў гэты матэрыял для "Белсата". Аднак пры вынясенні пастановы суддзя Алег Міранюк не пагадзіўся з журналістам. Аргументы суддзі Ляўчук называе смешнымі:

"Матэрыял на "Белсаце" быў падпісаны літарамі "СА". Спачатку суддзя прачытаў іх лацінкай, але калі выносіў пастанову, сказаў, што гэта мае імя і імя па бацьку (Алесь Сяргеевіч), напісаныя наадварот, каб спецыяльна заблытаць суд і міліцыю".

Пастанову суда Ленінскага раёна Берасця Алесь Ляўчук збіраецца абскарджваць.

24 чэрвеня на журналіста завялі яшчэ адну аналагічную справу - цяпер ужо за рэзанансны сюжэт пра нядаўні рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі.

Алеся Ляўчука пераследавалі за працу без акрэдытацыі ўжо двойчы: у канцы 2014 ён быў пакараны штрафам у 40 базавых адзінак (6 млн рублёў), а ў сакавіку - на 21 базавую адзінку (3,78 млн рублёў), прычым другі суд адбыўся без удзелу самога фрылансёра.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках