19 красавiка 2024, Пятніца, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы гендырэктар «Барысаўдрэва» выйшаў на свабоду

18
Былы гендырэктар «Барысаўдрэва» выйшаў на свабоду

Былы генеральны дырэктар ААТ «Барысаўдрэў» Уладзімір Мальцаў 2 ліпеня вызваліўся па амністыі з магілёўскай папраўчай калоніі агульнага рэжыму №15.

Ён выйшаў з калоніі блізу 16.00. Уладзіміра Мальцава сустракалі жонка, бацька і брат.

Як стала вядома БелаПАН, пастанова аб вызваленні Мальцава была прынятая 1 ліпеня камісіяй па ўжыванні амністыі, якая засядала ў магілёўскай калоніі, а сёння раніцай - зацверджаная пракурорам.

Гендырэктар «Барысаўдрэва» быў затрыманы ў сакавіку 2014 года. У снежні Менскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, Мальцава абавязалі вярнуць прадпрыемству 1 млрд 906 млн рублёў. На выплату запазычанасці павінна была быць накіраваная ўся раней арыштаваная асабістая маёмасць былога гендырэктара.

У красавіку гэтага года Вярхоўны суд Беларусі перакваліфікаваў абвінавачванне Мальцаву на больш мяккае і скараціў яму тэрмін пазбаўлення волі да двух з паловай гадоў у калоніі агульнага рэжыму. З пастановы суда першай інстанцыі таксама было выключанае абвінавачванне ў нанясенні «Барысаўдрэву» шкоды.

Акрамя таго, Мальцаў трапіў пад дзеянне адразу двух амністый - 2014 і 2015 гадоў, у выніку чаго тэрмін ягонага пакарання скараціўся яшчэ на адзін год.

Варта адзначыць, што крымінальная справа Уладзіміра Мальцава атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Ён быў прызначаны на пасаду гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў» асабіста Аляксандрам Лукашэнкам у лістападзе 2012 года. Абураны сітуацыяй з мадэрнізацыяй дыктатар тады распарадзіўся звольніць былога кіраўніка і прызначыць замест яго Уладзіміра Мальцава, які займаў пасаду намесніка гендырэктара па тэхнічным узбраенні. Такім чынам, да свайго арышту ў сакавіку 2014-га Мальцаў кіраваў прадпрыемствам усяго паўтара года.

На прэс-канферэнцыі 29 студзеня 2015 года Лукашэнка, адказваючы на пытанне, ці не мяркуе ён, што прысуд, вынесены былому гендырэктару «Барысаўдрэва», занадта жорсткі, заявіў, што не быў прыхільнікам жорсткага пакарання Мальцава і паабяцаў асабіста азнаёміцца з падрабязнасцямі ягонай крымінальнай справы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках