Беларусам не пазбегнуць падатку на замежны інтэрнэт-шопінг
24- 21.07.2015, 14:46
- 13,238
Мінгандлю не адмовіцца ад ідэі збірання падатку на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах.
Пра гэта заявіла сёння журналістам намесніца міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч, паведамляе БелТА.
«Мінгандлю не адмовіцца ад гэтай ідэі. Мы стаім на абароне ўнутранага рынку і зацікаўленыя ў тым, каб развіваўся наш раздробны гандаль з нашым айчынным таварам і нашы інтэрнэт-крамы, а гэта і ёсць як раз ахоўны механізм і стварэнне добрасумленных умоў на рынку», - адзначыла Ірына Наркевіч. Паводле яе слоў, цяпер зацікаўленыя дзяржорганы працуюць над выпрацоўкай методыкі збірання падатку.
Ірына Наркевіч распавяла, што практыка спагнання падатку на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах шырока распаўсюджаная на тэрыторыі Еўрапейскага звязу. «Унутры ЕЗ - без падаткаў, а калі за межамі - калі ласка, заплаці. І гэта акрамя вызначанага парогу і сумы мытных падаткаў. У нас бязмытны парог - 200 еўраў, далей - мытны падатак», - патлумачыла намесніца міністра.
Яна падкрэсліла, што ў прыняцці канчатковай пастановы не павінна быць спеху.
«Неабходна вывучыць перадавы досвед, як гэта рэальна працуе ў іншых краінах, паглядзець механізмы, адаптаваць іх да нашых варункаў. Акрамя таго, мы ўваходзім у Еўразійскі эканамічны саюз і дзеянні павінны быць узгодненыя», - упэўненая намесніца міністра.
Што да выказванняў кіраўніцтва некаторых банкаў аб адсутнасці тэхнічнай магчымасці збірання такога збору, Ірына Наркевіч адзначыла, што трэба старанна прапрацаваць гэта пытанне і прапанаваць прымальныя варыянты.