1 траўня 2024, Серада, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Пасля «выбараў» Беларусь чакае глыбокая рэцэсія

19
Станіслаў Багданкевіч: Пасля «выбараў» Беларусь чакае глыбокая рэцэсія

Пакуль ад поўнага абвалу эканоміку ратуе толькі працавітасць беларускага народа.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

- Паводле звестак статыстыкі, ВУП Беларусі з пачатку года абваліўся на 3,3%, і гэта самае вялікае падзенне з 1995 года. Як вы пракаментуеце гэты факт?

- Гэты факт усімі чаканы, бо ў нас не працуе прамысловасць, падае экспарт і імпарт, стаяць заводы, 80% прадпрыемстваў працуе 3-4 дні на тыдзень. Гэта натуральны працэс, і выкліканы ён адмовай ад нармальнай мадэлі развіцця, захаваннем аўтарытарнай, камандна-адміністрацыйнай мадэлі. У аснове крызісу і ляжыць гэтая мадэль.

Дзяржава не правяла своечасовыя рэформы - інстытуцыйныя, структурныя і іншыя. Вынік мы назіраем сёння. Нічога нечаканага ў гэтым няма. І хоць прычыны ў нас абсалютна ўнутраныя, але спрыяла крызісу сітуацыя ў Расеі, дзе таксама мае месца абвал і рэцэсія эканомікі.

І экспартная структура, гэтая прывязка апрацоўчых галін прамысловасці Беларусі да Расеі - яна залішняя і надзвычай высокая. У многіх тыпах прадукцыі яна даходзіць да 90% усяго экспарту. Таму мы і маем такую сітуацыю: Расея абвалілася, і Беларусь, не правёўшы рэформы, не дыверсіфікаваўшы замежнаэканамічныя стасункі і прывязаўшы сябе толькі да Усходу, была асуджаная на абвал.

- Як бы вы ацанілі найбліжэйшыя перспектывы эканамічнага развіцця Беларусі?

- Сёння цяжка даваць прагноз. Калі б улады наважыліся на неабходныя структурныя пераўтварэнні, можна было б чакаць нейкай стабілізацыі. Наколькі я разумею, Аляксандр Лукашэнка перад выбарамі на гэта не пойдзе. Ён будзе дамагацца статус-кво да выбараў, і відавочна, што Расея дапаможа яму захаваць бачнасць «стабільнасці» і дасць крэдыты.

Да выбараў, мабыць, сітуацыя кардынальна не пагоршыцца. А пасля выбараў варта чакаць далейшай рэцэсіі эканомікі.

- Якія гэта можа мець сацыяльныя наступствы?

- Узровень жыцця ўжо падае. Калі раней нам казалі пра 500 і нават 1000 даляраў заробку, то сёння мы маем справу з 400 далярамі. І нават звесткі дзяржаўнай статыстыкі паказваюць, што большасць беларусаў маюць вельмі нізкі ўзровень даходаў.

Мы бачым, што пачынаюцца праблемы і ў манетарнай, валютнай сферы. У апошні месяц зменшыліся дэпазіты ў беларускіх рублях і павялічыліся дэпазіты ў замежнай валюце, у далярах ЗША. І гэта пасля таго, як Нацбанкам была абвешчаная праграма «дэдалярызацыі» эканомікі і аднаўлення да беларускага рубля. Але гэта не адбылося праз тое, што ў эканоміцы няма станоўчых зрухаў.

Ад поўнага абвалу беларускую эканоміку ратуе толькі тое, што народ працуе. Беларусы вельмі працавітыя, і пры ўсякіх мінусах кіравання яны здольныя падтрымліваць пэўны ўзровень жыцця. Але гэта заслуга беларускай нацыі і такой нацыянальнай рысы, як працавітасць, уменне не здавацца ў цяжкай сітуацыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках