24 красавiка 2024, Серада, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат»: у гарадзенскім РАУС затрыманага збівалі патэльняй

23
«Белсат»: у гарадзенскім РАУС затрыманага збівалі патэльняй

Выбіванне прызнанняў, доўгатэрміновыя прысуды. Калі міліцыянт захоча давесці, што вы прадалі наркотыкі, не разлічвайце на дапамогу.

«328 не проста лічба» - так завочна бацькі называюць свой аргкамітэт. Назва падказала аднайменная артыкул КК РБ - «незаконны абарот наркатычных сродкаў». Стварэнне аргкамітэта - крык адчаю, бо папярэдне ўжо былі лісты ў суды, пракуратуру, нават Лукашэнку. Каб дапамагчы дзецям, а таксама падтрымаць адзін аднаго патрэбная арганізацыя. З гэтай нагоды на выходных у Горадні бацькі зладзілі невялікую прэс-канферэнцыю, паведамляе «Белсат».

«З'ехаў на заробкі»

Бацькі асуджаных просяць пакуль не фатаграфаваць іх твары і не даваць прозвішчы ў СМІ. У кагосьці, напрыклад, нават іншыя сямейнікі не ведаюць, што дзеці за кратамі: «з'ехаў на заробкі» - вось універсальная адгаворка...

Жанчыны, а збольшага на сустрэчу прыйшлі менавіта маці, даводзяць, што не апраўдваюць наркаманію і наркаманаў як з'яву, але паказваюць на дзесяткі парушэнняў, якія ўчыняюць праваахоўнікі ў час такіх працэсаў: перавод затрыманага з катэгорыі спажыўца ў распаўсюдніка, катаванні, некарэктныя ператрусы і інш.

«Нам затыкаюць рот»

Сын Валянціны Пятроўны быў затрыманы разам з сябрам са 147 грамамі канопляў. Аднаму гэта кваліфікавалі як захоўванне без мэты продажу, а сыну - з мэтай. У ІЧУ, як распавядаў сын, збівалі...

«Мы жывем у выдатна квітнеючай дзяржаве, у якой не стае толькі справядлівасці, - скрозь слёзы кажа Валянціна Пятроўна, - Нам затыкаюць рот. Бо калі нешта скажаш, зробяць так, каб ты не змог жыць у гэтым горадзе. Значыць гэта сістэма, створаная прэзідэнтам…»

«Калі хлопцу 17 і яго саджаюць на 10, то кім ён выйдзе?»

Вольга Казіміраўна, сын якой таксама знаходзіцца за кратамі звяртае ўвагу на вялікія тэрміны, якія атрымліваюць большай часткаю маладыя людзі, якія не бачылі жыцця:

«Так, трэба змагацца з наркаманіяй, наркотыкі не давядуць да дабра, такога ніводнай сям'і не пажадаеш. Але мы павінны разумець дзяцей і выцягваць іх з гэтага. Трэба даваць шанец выправіцца. Бо калі хлопцу 17 або 20 гадоў і яго саджаюць на 10, то кім ён выйдзе?»

Сыну Вольгі Казіміраўны далі 11 гадоў: захоўванне, продаж, перавозка... Ён жыў на кватэры разам з хлопцам, да якога прыйшлі міліцыянты паводле справы аб зніклых аўтамабілях. Са слоў сына, абодвух міліцыя збіла. Панятыя адзначылі, што шалі і трубкі для курэння вынеслі менавіта з памяшкання арэндадаўца, якое было зачыненае - хлопцы туды не ўваходзілі.

«У РАУС сына збівалі патэльняй... ён ва ўсім прызнаўся»

«Харчовы кантэйнер, у якім былі знойдзеныя наркотыкі, супрацоўнікі нават не забралі з сабой, - абураецца маці, - Як такое наогул можа быць? Сына падчас затрымання ўдарылі чыгуннай патэльняй. Яе пасля забралі ў РАУС... І там яго зноў збівалі - патэльняй. Ён ва ўсім прызнаўся - акрамя гэтых сведчанняў, якія даў пад катаваннямі, у міліцыі нічога няма. Толькі на судзе сын сказаў праўду».

Сапраўдны ж гаспадар кватэры хаваўся некалькі дзён пасля ператрусу. У прыватнай гутарцы, як кажа Вольга Казіміраўна, ён нават прызнаўся, што з'яўляецца інвалідам 2-й групы, у яго хворыя ныркі і таму час ад часу ўжывае... Кланяўся ў ногі, прасіў, каб яго не чапалі: бо хворы, бо хутка сын народзіцца.

«І адвакат, і следчы ўгаворвалі нас, каб сын узяў на сябе і тады пойдзе па першай частцы, - працягвае маці, - Інакш - будзе група, а значыць трэцяя частка, больш цяжкая. А што мне было думаць? Паверыла. Але яму далі 3-ю»

«З хворых людзей робяць наркабаронаў»

Падчас размовы як на далоні дзесяткі зламаных лёсаў - не толькі саміх наркаманаў, але і сямейнікаў. Не сутыкаючыся да гэтага з сістэмай правасуддзя ў Беларусі, для большасці бацькоў усё гэта стала шокам.

Рэфрэнам у размове гучыць: чаму замест таго, каб ратаваць і выцягваць дзяцей, з іх робяць злачынцаў і даюць па 10-11 гадоў? Чаму з хворых людзей робяць распаўсюджвальнікаў, ці ледзь не наркабаронаў? Чаму з праблемы і чалавечай бяды хтосьці робіць паказчыкі затрыманняў і закрыцця спраў?

На спатканнях у ізалятарах і калоніях дзеці прама кажуць бацькам: раней мы не ведалі пра наркотыкі нічога, зараз не ведаем ні пра што, акрамя наркотыкаў... Так аб якім «перавыхаванні» ідзе гаворка?

Зразумела, што ў нас няма аб'ектыўнай магчымасці праверыць кожную з расказаных гісторый. Зразумела, што кожная маці будзе да апошняга абараняць свайго сына, якім бы ён не быў. Але калі ў інфармацыйным полі бурліць адно афіцыйнае меркаванне пра «гераічную барацьбу» з наркаманіяй, дзе тады месца сведчанням аб парушэннях, падтасоўках і нават катаваннях, падчас гэтай «барацьбы».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках