Прычынай пажару пад Чарнобылем быў наўмысны падпал
6- 29.07.2015, 10:46
- 28,556
Паводле версіі Дзяржслужбы Украіны ў надзвычайных сітуацыях, прычынай апошняга маштабнага ляснога пажару ў Чарнобыльскай зоне быў падпал.
Пра гэта заявіў кіраўнік установы Мікалай Чачоткін ў эфіры «5 канала», паведамляе «Интерфакс».
«У 70% пажараў, якія ўзніклі на тэрыторыі зоны адчужэння (гэта 56 пажараў з пачатку года), прычынай пажару былі наўмысныя падпалы. Пры ліквідацыі апошняга маштабнага пажару на месцы мы выявілі дзве паходні, гэта сведчыць аб тым, што пажар узнік у выніку наўмысных падпалаў», - сказаў Чачоткін.
З ягоных слоў, пажар у Чарнобыльскай зоне адчужэння не стаў для ратавальнікаў выклікам, такія пажары яны тушылі шмат разоў.
Кіраўнік Дзяржслужбы НС таксама заявіў, што 200 млн грн, якія выдзеленыя на закупку пажарна-выратавальнай тэхнікі, - гэта занадта мала для маштабнага абнаўлення аўтапарка службы.
«Гэта вельмі мала - 200 млн. Мы павінны закупіць блізу 40-42 машын. У нас больш за 4 тыс адзінак тэхнікі, вядома, 42 адзінкі - гэта вельмі мала. Але ўсё роўна я мяркую - гэта крок наперад для таго, каб мы пачалі працэс пераабсталявання пажарна-выратавальных падраздзяленняў», - сказаў ён.
Нагадаем, апошні сур'ёзны пажар на тэрыторыі зоны адчужэння (комплекс лясной гаспадаркі «Чарнобыльская пушча») узнік у канцы чэрвеня. Ратавальнікі змагаліся з агнём і тленнем торфу больш за 2 тыдні.
Дзяржслужба НС ужо тады выказвала здагадкі аб тым, што прычынай пажару мог быць падпал.