Мішэль Плаціні абвясціў аб вылучэнні на пасаду прэзідэнта FIFA
- 29.07.2015, 15:18
- 6,856
Кіраўнік Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцый (UEFA) Мішэль Плаціні абвясціў аб намеры балатавацца на пасаду прэзідэнта FIFA.
"Я прыняў глыбока асабістую і вельмі абдуманую пастанову, старанна ўзважыўшы і будучыню футбола, і сваю ўласную будучыню. Зразумела, пры гэтым я кіраваўся і вашай падтрымкай, той павагай і падбадзёрваннем, якое выказвалі мне многія з вас", - цытуе Мішэля Плаціні прэс-служба UEFA.
Выбары прэзідэнта FIFA намечаныя на 26 лютага 2016 года. Кандыдаты павінны падаць заяўкі на ўдзел у выбарах да 26 кастрычніка, паведамляе расейская служба BBC.
Плаціні цягам многіх гадоў разглядаўся ў якасці пераемніка цяперашняга кіраўніка FIFA Зэпа Блатэра.
У канцы траўня ў FIFA разгарэўся карупцыйны скандал, у выніку якога ад дзейнасці былі адхіленыя некалькі чыноўнікаў арганізацыі.
Кіраўнік FIFA Зэп Блатэр, на фоне скандалу пераабраны на пяты тэрмін, заявіў аб пастанове пакінуць займаны пост.
Мішэль Плаціні ўзначаліў UEFA ў 2007 годзе. Будучы футбалістам, Плаціні тройчы прызнаваўся найлепшым гульцом Еўропы.
Пасля заканчэння кар'еры футбаліста Плаціні цягам некалькіх гадоў трэніраваў нацыянальную каманду Францыі.