Памёр самы багаты бізнэсовец Польшчы
6- 29.07.2015, 15:31
- 12,022
Памёр адзін з самых вядомых бізнэсоўцаў Польшчы Ян Кульчык.
Ён памёр ва ўзросце 65 гадоў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка кампаніі Kulczyk Holding SA Марта Высоцкая-Антонсэн, піша «Інтэрфакс».
З 2002 года Ян Кульчык стала знаходзіўся ў спісе самых багатых палякаў. Некалькі апошніх гадоў запар ён утрымліваў першынство сярод самых палякаў, а ягоны стан ацэньвалі ў 16 млрд злотых.
Кульчык быў уладальнікам прадпрыемства Kulczyk Holding і міжнароднай інвестыцыйнай групы Kulczyk Investments, а таксама сузаснавальнікам Польскай рады бізнэсу.
Польскі мільярдэр актыўна дзейнічаў на міжнароднай арэне. Ён вёў справы ў Еўропе, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы, займаючыся інвестыцыямі ў галіне энэргетыкі, нафты і газу, інфраструктуры, нерухомасці. Сярод іншага, ён валодаў 49,99% акцый кампаніі Kulczyk Oil Ventures, якая займаецца выведкай газу і нафты таксама ва Украіне.
Ян Кульчык вёў супольны бізнэс з беларусамі да мінулага года. Створаная «Беларуснафтай» сэрвісная кампанія «Сэрвіс ойл» займалася гідраўлічным разрывам пластоў на газавых радовішчах кампаніі «КУБ-газ» ва Украіне. Уладальнікам 70% акцый «КУБ-газу» з 2010 года з'яўляецца Kulchik Holding. Праблема ў тым, што радовішчы размешчаныя ў Луганскай вобласці і знаходзяцца ў эпіцэнтры самага буйнога ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Еўропы ў XXI стагоддзі. Улетку «КУБ-газ» спыніла працы ў Луганскай вобласці і закансервавала свідравіны.