26 красавiка 2024, Пятніца, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-начальнік Акадэміі МУС на паляванні застрэліў свайго прыяцеля?

25
Экс-начальнік Акадэміі МУС на паляванні застрэліў свайго прыяцеля?

Няшчасны выпадак адбыўся пад Ганцавічамі падчас начнога палявання 24 ліпеня.

Дасведчаныя паляўнічыя не раз разам хадзілі на дзіка, але ў той вечар пенсіянер сышоў з дазволенага ўчастка і выйшаў на агнявы рубеж, піша kp.by.

- Дазвол на паляванне Іван і Міша атрымлівалі ў нас, бо ўгоддзі каля вёскі Малыя Круговічы належаць нам. Абодва яны паляўнічыя са стажам. Іван - сам з Ганцавічаў, з 1990 года хадзіў на парнакапытных, а Міхаіл стаў паляўнічым у 2000 годзе. Дасведчаныя, не раз разам палявалі на казулю і дзіка, - распавядаюць у Ганцавіцкім раённым аб'яднанні паляўнічых і рыбаловаў.

Няшчасны выпадак адбыўся падчас начнога палявання 24 ліпеня. Разам з Іванам і Міхаілам у лесе таксама знаходзіўся егер.

- Іван нікога не папярэдзіў і сышоў з участку, які егер намеціў для палявання, і выйшаў у зону стральбы. У гэты момант Міхаіл прыняў яго за дзіка і стрэліў. Гэта было недзе а 23.00, - прадаўжаюць распавядаць у Ганцавіцкім раённым аб'яднанні паляўнічых і рыбаловаў. - Ён і падумаць не мог, што трапіў у Івана. Стаў яму адразу набіраць на тэлефон, каб папярэдзіць: кабан застрэлены, і ён з падлоўчым выходзіць у зону стральбы. Трубку ніхто не здымаў, тады яны звязаліся з іншай групай паляўнічых, якія былі па суседстве, і разам сталі прачэсваць лес. А 1.20 яны знайшлі цела Івана.

Ад стрэлу ў галаву 61-гадовы Іван загінуў на месцы. Паляўнічыя мяркуюць: прычынай усяму стаў досвед Івана. Ён быў упэўнены, што з ім нічога не здарыцца, нават калі парушыць забарону.

- Вядома, Івану трэба было патэлефанаваць і папярэдзіць, куды ён выходзіць, - кажуць мясцовыя паляўнічыя.

Другі ўдзельнік гэтай драмы, Міхаіл, жыве ў Менску, працуе выкладчыкам у Акадэміі МУС, некалькі гадоў таму яе ўзначальваў. Мужчына часта прыязджае ў Ганцавіцкі раён, бо тут знаходзіцца бацькоўскі дом.

- Паводле факта прычынення смерці па неасцярожнасці распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт.144 КК. Праводзіцца папярэдняе расследаванне, - пракаментавала афіцыйная прадстаўніца ўправы Следчага камітэта Берасцейскай вобласці Марына Дранькова.

Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Імёны герояў змененыя з этычных меркаванняў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках