29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: ЕЗ павінен выставіць Менску выразныя патрабаванні

Праваабаронцы: ЕЗ павінен выставіць Менску выразныя патрабаванні

Праваабаронцы заклікаюць Брусэль быць асцярожным падчас перамоваў з уладамі Беларусі.

Напярэдадні пачатку "дыялогу ў правах чалавека" па лініі Беларусь - ЕЗ Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуліся да еўракамісара ў пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэса Хана, вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежнай палітыцы Федэрыкі Магерыні , а таксама да чальцоў рабочых груп Еўразвяза ў правах чалавека і ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі з супольнай заявай.

Праваабаронцы заклікаюць Еўразвяз "быць вельмі асцярожным у перамовах аб правах чалавека з Беларуссю і намеціць выразныя ўмовы ў адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі ЕЗ у галіне правоў чалавека і дэмакратыі", паведамляе сайт ПЦ "Вясна".

Улічваючы, што развязанне сітуацыі з правамі чалавека "з'яўляецца пытаннем палітычнай волі, а не тэхнічных абставінаў", прадстаўнікі праваабарончых арганізацый мяркуюць: дыялог па тэматыцы правоў чалавека з Менскам можа адбыцца толькі ў выпадку выканання трох умоў.

Па-першае, "дыялог павінен быць заснаваны на выразна акрэсленых палітычных абавязаннях". "ЕЗ павінен імкнуцца атрымаць абавязанні наконт рэформ на самым высокім палітычным узроўні, перш чым дыялог аб правах чалавека будзе створаны, каб абмеркаваць рэалізацыю гэтых рэформаў", - адзначаецца ў заяве.

Ягоныя аўтары мяркуюць, што ў дыялогу з Менскам ЕЗ павінен падкрэсліваць неабходнасць вызвалення палітвязняў як перадумову для ўсякіх крокаў для нармалізацыі двухбаковых стасункаў. Еўразвяз таксама павінен настойваць на прыняцці беларускім бокам фармальнай палітычнай дэкларацыі з гэтай нагоды.

Па-другое, адзначаецца ў заяве, дыялог павінен забяспечыць канструктыўны ўдзел у ім чальцоў грамадзянскай супольнасці. "ЕЗ павінен імкнуцца атрымаць афіцыйныя гарантыі таго, што рэпрэсіі ў дачыненні да мірнай дзейнасці грамадзянскай супольнасці будуць спыненыя, і што беларускія ўлады прызнаюць легітымнасць незалежнай грамадзянскай супольнасці", - падкрэсліваюць праваабаронцы.

Па-трэцяе, на іх думку, дыялог павінен рэалізаваць "дарожную карту" ў правах чалавека. Яна павінна прыняць форму падрабязнага плана дзеянняў, які б дакладна абазначыў арыенціры, абавязкі і часовыя рамкі для правядзення рэформаў. "Дарожная карта ў правах чалавека павінна быць максімальна поўна прадстаўленая як частка больш шырокай праграмы, накіраванай на выкарыстанне эфектыўнага ўзаемадзеяння палітыкі і інструментаў, даступных для дасягнення пастаўленых мэтаў", - сказана ў заяве.

Нагадаем, першы раўнд дыялогу аб правах чалавека па лініі Беларусь - ЕЗ адбыўся 28 ліпеня ў Брусэлі. Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальваў начальнік галоўнай управы шматбаковай дыпламатыі МЗС Юрый Амбразевіч, дэлегацыю Еўразвязу - начальнік управы правоў чалавека і дэмакратыі Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Сільвіё Ганзата.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках