5 траўня 2024, Нядзеля, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Мы зноў спрабуем выціскаць сацыялістычны лімон

22
Леанід Заіка: Мы зноў спрабуем выціскаць сацыялістычны лімон
Леанід Заіка

Урад Беларусі неадэкватна ўспрымае сітуацыю, ён спалоханы.

Так пракаментаваў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за першыя шэсць месяцаў 2015 году, паведамляе «Радыё Свабода».

«Справа ў тым, што сама траекторыя беларускай эканомікі крызісная. Мы выходзім на пункт перагіну - класічны крызіс адноснай перавытворчасці тавараў, апісаны яшчэ ў XIX стагоддзі. На мой погляд, тут усё адбываецца абсалютна заканамерна», - сказаў экспэрт.

На думку эканаміста, самі па сабе лічбы, якія дае Белстат - гэта зусім не галоўнае. Са слоў Леаніда Заікі, падзенне УБП на 3,3% у сённяшніх умовах - гэта не шмат, а падзенне прамысловай вытворчасці на 7,4% - нават добра, бо такім чынам прадпрыемствы перастаюць выпускаць непатрэбныя тавары і забіваць склады.

«У гэтых умовах трэба змагацца не з крызісам, а абнаўляць вытворчасць, займацца праграмамі стварэння новых відаў тавараў, новых відаў паслуг. Гэта значыць - рэструктурызаваць кіраванне і наменклатуру тавараў, якія выпускаюцца ў краіне. На цяперашняй фазе важная рэструктурызацыя працоўнай сілы - гэта значыць, вызваленне прадпрыемстваў ад лішніх працоўных рук і стварэнне новых працоўных месцаў. Але ў нас усё адбываецца з дакладнасцю ды наадварот. Мы спрабуем зноў выціскаць сацыялістычны лімон і дамагацца нейкіх высокіх паказчыкаў - а гэта абсалютная лухта! Урад неадэкватна ўспрымае сітуацыю, ён спалоханы. Наколькі ясна з заяў, урад будзе старацца нешта зрабіць у другім паўгоддзі, каб выйсці на станоўчыя паказчыкі. А рабіць гэтага не трэба - урад павінен расслабіцца і атрымліваць задавальненне», - гаворыць экспэрт.

Што тычыцца падзення аб'ёмаў экспарту беларускіх тавараў і паслуг на 25,9%, то, на думку Заікі, гэта вынік няслушнага выбудоўвання экспарту паводле монасыравіннай або монатаварнай прыкмеце:

«Многія механізмы былі закладзеныя праз тое, што была няправільная арыентацыя на перапрацоўку нафты. Нафта зараз абясцэньваецца, нафтапрадукты вырабляюцца танней. А гэта закладвалася з канца 90-х гадоў. Тады гэта была сусветная радасць - сесці на расейскую нафтавую трубу, перапрацоўваць нафту і прадаваць дарагія нафтапрадукты за мяжу. У нас 40% усяго аб'ёму экспарту прыпадала на нафтапрадукты. Яны маглі б займаць 10-15%, Але ня 40%. Мне неаднаразова даводзілася пісаць, што гэта вельмі небяспечна, што гэта аднабокая залежнасць ад нафтавай нішы рынку . То бок, гэта была абсалютна непрыдатная палітыка. Было жаданне нахапацца больш нафты, прадаць яе, а потым сядзець, усміхацца і казаць аб заробку ў 1000 даляраў», - кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія».

Сённяшнія паказчыкі беларускай эканомікі сур'ёзна разыходзяцца з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2015 год. Але навошта ўлада зацвердзіла такія паказчыкі? Няўжо ніхто не разумеў, што іх немагчыма будзе выканаць? На думку Заікі, неадэкватны сацыяльна-эканамічны прагноз - гэта вынік таго, што ніхто ва ўрадзе не можа ўзяць на сябе адказнасць за сітуацыю ў эканоміцы.

«Ва ўрадзе няма чалавека, які можа на сябе ўзяць адказнасць. Яны сядзяць, шчокі раздзімаюць і самазабыўна слухаюць Лукашэнку. А Лукашэнка патрабуе ад іх: давайце пазітыву, давайце плюсы. Няма такога, каб прыйшлі да яго 2-3 чалавекі і сказалі: «Аляксандр Рыгоравіч, гэта глупства, ніякай плюс не патрэбны, трэба змагацца за глыбокую рэструктурызацыю эканомікі, пачынаць новую эканамічную палітыку, закладваць новую стратэгію бізнэсу... «Час крызісу - гэта час стварэння новай эканомікі, і гэтым трэба займацца. Але яны ж усе слабенькія , яны ўсё троечнікі, вучыліся дрэнна ў інстытутах. Чаго ад іх можна было чакаць? Яны толькі і робяць, што ядуць вачыма начальства. Вось і атрымліваецца такі вынік», - адзначае экспэрт.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках