27 красавiка 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзя не прыкмецілі

Мядзведзя не прыкмецілі
ФОТА: AFP

Пратэсты ў Ерэване толькі адтэрмінавалі развязанне сапраўднай праблемы. Гаворка пра стасункі Арменіі з сюзерэнам Расеяй.

Дэманстрацыі, якія ахапілі Арменію ў канцы чэрвеня і пачатку ліпеня, амаль скончыліся. Дэманстранты, якія пазапаўнялі тады цэнтральныя бульвары Ерэвана, вярнуліся да штодзённага жыцця. Вынікі "Электрычнага Ерэвана" адаб'юцца на найбліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве Арменіі, піша Foreign Policy (пераклад Инопресса.ру).

Згоду армянскага ўрада скасаваць павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі, якая стала прычынай пратэсту, многія ўважаюць за сапраўдную перамогу. "З гэтага пункту гледжання, - паказвае аўтар, - народная сіла кінула выклік армянскай магутнай і надзейна абароненай эліце і перамагла. Аднак гэтая відавочная перамога, якой бы ўражлівай яна ні была, толькі адтэрмінавала развязанне праблемы, якая з'яўляецца сапраўднай прычынай пратэстаў. Гэта стасункі Арменіі з яе хаўруснікам і геапалітычным сюзерэнам - Расеяй".

На думку аўтара, "склератычная армянская аўтакратыя і дамінаванне Расеі падмацоўваюць адзін аднаго", і залежнасць Арменіі ад Масквы спрыяе ізаляцыі армянскай "не канкурэнтаздольнай эканомікі і не ліберальнай палітычнай сістэмы" і паглыбленню іх недасканаласці.

Аўтар нагадвае, што расейская дзяржаўная кампанія "Інтэр РАТ" - асноўны ўласнік ЗАТ "Электрычныя сеткі Арменіі", а "Газпром" у 2014 годзе "скончыў паглынанне" армянскай сеткі газазабеспячэння. Акрамя таго, "на руках у Масквы ўсе карты" ў такіх сферах армянскай эканомікі, як грашовыя пераводы, гандаль і імпарт зброі. "Нядзіўна, што армянская эканоміка таксама сур'ёзна пацярпела праз цяперашні расійскі эканамічны спад", - адзначае журналіст.

"Паступовая манапалізацыя ключавых сектараў армянскай эканомікі адбылася з цалкам інфармаванай згоды армянскага ўрада", - піша выданне, спасылаючыся на выступ армянскага прэзідэнта Сержа Саргсяна ў Вашынгтоне ў 2013 годзе, падчас якога той заявіў, што Арменія аддае перавагу Еўразійскаму эканамічнаму саюзу перад Еўрапейскім звязам з "прагматызму ".

"Козыр Масквы - саманадзейная геапалітычная залежнасць Арменіі ад Расеі. Расея не толькі займае верхні радок у балансавай ведамасці армянскай эканомікі, але і вядзе шырокамаштабны кантроль над Арменіяй пасродкам іх цесных стасункаў у галіне бяспекі. Расея (...) ўспрымаецца ў Ерэване, як апошняе прыстанішча ў выпадку аднаўлення вайны з суседнім Азербайджанам, [частка] тэрыторыі якога па-ранейшаму акупаваная армянскімі войскамі (гаворка аб Нагорным Карабаху)", - адзначае выданне.

"Аднак з'яўляецца ўсё больш сведчанняў таго, што альянс Расеі і Ерэвана - гэта толькі чарговы вектар расейскага кантролю, а не праява альтруізму з боку Крамля. (Варта толькі ўспомніць цесныя сувязі Масквы з азербайджанцамі - заклятымі ворагамі Арменіі, - і тое, як часта паміж [Расеяй і Азербайджанам] укладаюцца ўгоды аб пастаўках зброі). Не, у гэтым выпадку Масква, як і ў іншых рэгіёнах, выкарыстоўвае сваё заступніцтва, як стратэгічную дубіну, якая дазваляе дамагчыся ад Арменіі адданасці і рэгулярных эканамічных і палітычных саступак", - піша аўтар.

Нягледзячы на відавочныя геапалітычныя абмежаванні, для Арменіі яшчэ не ўсё страчана. Магчымасць доўгатэрміновай ядзернай угоды з Іранам, якая з'явілася нядаўна, можа спрыяць ператварэнню Арменіі з міжнароднай буфернай дзяржавы ў транзітны калідор для тавараў і вуглевадародаў з Ірана. Акрамя таго, з яго пункту гледжання, Арменія магла б выкарыстаць узрастаючую цікавасць Пекіна да Паўночнага Каўказа.

"Станоўчы вынік "Электрычнага Ерэвана" паказвае, што [мясцовая] грамадзянская супольнасць, нягледзячы на адсутнасць згуртаванасці і нават, часцяком, сацыяльную адчужанасць, у стане пасадзіць армянскую эліту за стол перамоваў. Гэта важны прэцэдэнт, які можа служыць пунктам адліку для будучых абмеркаванняў. Грамадзянская супольнасць - гэта не панацэя, і армянская феадальная аўтакратыя – цяжка разбуральная сістэма, аднак падзеі гэтага лета паказалі, што прагрэс магчымы. Але толькі ўсведамленне шкоды, якое наносіць Арменіі разбэшчвальнае заступніцтва Расеі, дапаможа актывістам прапанаваць стратэгіі яго паслаблення і знішчэння. Пакуль Масква падвяргае армянскую палітыку цэнзуры і карэктуе яе курс, Арменія не будзе па-сапраўднаму належаць свайму народу", - рэзюмуе аўтар артыкула.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках