26 красавiка 2024, Пятніца, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы выявілі фермент, які адказвае за водар руж

1
Навукоўцы выявілі фермент, які адказвае за водар руж

Французскія навукоўцы выявілі фермент, які адказвае за сінтэз у пялёстках ружы аднаго з асноўных кампанентаў водару гэтай кветкі.

Яны мяркуюць, што іхныя вынікі можна выкарыстоўваць для селекцыі руж з моцным пахам, паведамляе ТАСС.

"Інтэнсіўнасць паху руж можа быць звязаная з ферментам RhNUDX1 і монатэрпенамі, якія ён вырабляе, і нашы вынікі могуць падказаць спосаб аднавіць пах у руж з нізкім узроўнем выпрацоўкі гэтага фермента", - пішуць у сваім артыкуле Жан-Луі Магнар з Універсітэта Ліёна (Францыя) і ягоныя калегі.

Дагэтуль навукоўцам былі вядомыя некаторыя ферменты, якія ўдзельнічаюць у сінтэзе лятучых рэчываў, што складаюць пах руж. Большасць даследаванняў, прысвечаных гэтай тэме, звязаныя з вывучэннем біясінтэзу спіртоў монатэрпенаў - адной з асноўных груп рэчываў, якія адказваюць за прыемны пах руж. У іх вытворчасці ўдзельнічаюць ферменты тэрпен-сінтазы.

Некаторыя навукоўцы меркавалі, што толькі тэрпен-сінтазы і патрэбныя ружам для выпрацоўкі монатэрпенаў, аднак Магнар і ягоныя калегі выявілі RhNUDX1 - раней невядомы фермент, які адказвае за сінтэз гэтых кампанентаў. Гэты фермент актыўны ў каморках ружовых пялёсткаў.

У сваёй працы навукоўцы параўналі генетычны код двух сартоў руж: Papa Meilland і Rogue Meilland. Першы сорт валодае моцным пахам, а другі, наадварот, - вельмі слабым. Магнар і ягоныя калегі выявілі, што за сінтэз гераніёлу - спірту з яскрава выяўленым пахам ружы, які з'яўляецца асноўным кампанентам ружавага алею, - адказвае фермент RhNUDX1.

Большая частка сартоў руж, якія вырошчваюцца сёння, пахнуць параўнальна слаба праз тое, што для селекцыянераў доўгі час былі важныя іншыя характарыстыкі кветак, такія як колер і хуткасць звядання.

Навукоўцы мяркуюць, што ў будучыні вынікі іхніх даследаванняў можна будзе выкарыстоўваць для селекцыі руж з моцным пахам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках