2 траўня 2024, Чацвер, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Наўрад ці Лукашэнку цяпер выпадзе джэк-пот

6
Барыс Жаліба: Наўрад ці Лукашэнку цяпер выпадзе джэк-пот
Барыс Жаліба
ФОТА: «Радыё Свабода»

Крэдыт ад МВФ ці не прыйдзе, або прыйдзе занадта позна.

7 ліпеня з пазачарговай рабочай сесіяй у Менск з рабочым візітам прыехалі прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду. Прычына сямідзённага візіту спецыялістаў Фонду на чале з кіраўніком місіі Дэвідам Хофманам у тым, што Лукашэнка просіць крэдыт і ў іх. Напярэдадні прыезду місіі міністр фінансаў Уладзімір Амарын распавёў журналістам, што ўрад разлічвае на 3.5 мільярда даляраў «на эканамічныя рэформы».

Эканаміст Барыс Жаліба падзяліўся меркаваннем з charter97.org, навошта Лукашэнку столькі грошай і на што яны пойдуць напраўду.

- Адказ просты: прасі больш, бо атрымаеш менш. Прасі ў двух крэдытораў, бо адзін з іх сёння не дасць. А раптам пашанцуе - і ўсе дадуць грошай.

А калі казаць сур'ёзна, аналіз сітуацыі такі, што наўрад ці цяпер выпадзе Лукашэнку джэк-пот. У нас цяпер у гасцях місія МВФ, якая тыдзень будзе вывучаць эканамічную сітуацыю на прадмет таго, ці магчымая выдача крэдыту беларускаму боку. Паводле прагнозаў спецыялістаў, пры спрыяльным збегу абставінаў, калі місія азнаёміцца з праграмай, пададзенай урадам, і яна яе больш-менш задаволіць, гэты крэдыт магчымы не раней, чым да канца года. А місія ўжо навучаная папярэднім досведам, што беларускае кіраўніцтва далёка не ўсё і не заўсёды выконвае.

Расейскі крэдыт прыйдзе скарэй. Тут можна разважаць, маўляў, ну як жа, хаўруснік! Калі тут будзе эканамічны калапс, гэта ніяк Расеі не выгадна. Расея нікуды не дзенецца і дасць Лукашэнку крэдыт. Сума да гэтага часу не вядомая. Але я думаю, крэдыт гэты прыйдзе альбо да выбараў, альбо адразу пасля, але дакладна ў гэтым годзе, - мяркуе эканаміст.

- Але ж калі крэдыты перападуць з абодвух бакоў, іх потым трэба неяк аддаваць...

- Калі даюць грошы - вядома, добра. А вось як аддаваць іх потым - тут пачынаюцца праблемы. Я думаю, што беларускі бок возьме столькі, колькі дадуць. Гэтая псіхалогія вядомая. Улада жыве сённяшнім днём і разважае так: так, цяпер крызіс, абумоўлены вонкавымі фактарамі пройдзе, раптам падзеі ва Украіне прыйдуць да міру, санкцыі скасуюць, расейскі рынак запрацуе, як і раней і мы як-небудзь усё прададзім. Даюць - бяры, а далей выкруцімся.

- Ці пойдуць грошы на заяўленыя крэдыторам «рэформы»?

- Патрабаванні крэдытораў, дарэчы, шмат у чым супадаюць. Размова ідзе пра глыбокія структурныя рэформы - патрэбна рэальная прыватызацыя, дзяржава павінна сысці з эканомікі ў як мага большай ступені, гэта - умерана рабіць крэдытную эмісію, плаціць 100% за ЖКГ, транспарт, абмяжоўваць заробкі, каб яна не апярэджвала прадукцыйнасць працы. Але беларускі бок заўсёды нешта не выконваў. І зноў ён нічога выконваць не будзе. Лукашэнка і сам казаў, што пакуль ён прэзідэнт, эканамічная мадэль, якую ён вызнае, застанецца.

Нагадаем, пяць ратаў крэдыту ў рамках праграмы «Stand by» на суму 3.46 мільярдаў даляраў Беларусь атрымала ад МВФ у 2009-2010 гадах. Прадстаўнікі фонду неаднаразова заяўлялі, што новая крэдытная праграма з Беларуссю магчымая пры пэўных умовах: для пачатку перамоў у гэтым пытанні неабходная гатоўнасць беларускіх уладаў на самым высокім узроўні праводзіць глыбокія рэформы ў эканоміцы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках