27 красавiка 2024, Субота, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За графіці на беларускай мове ў Менску распачалі крымінальную справу

39
За графіці на беларускай мове ў Менску распачалі крымінальную справу

11 жніўня пасля 16-й гадзіны ў Менску людзі ў чорнай форме з аўтаматамі і шаломамі ўварваліся ў тры розныя кватэры.

Жыхароў паклалі тварам на падлогу. У адной з кватэр хлопцы праляжалі на падлозе блізу гадзіны, да іх беспадстаўна ўжывалі электрашокеры. Потым ва ўсіх трох кватэрах прайшлі ператрусы ў рамках крымінальных спраў, пра якія моладзі паведамілі значна пазней, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".

Ператрусы праходзілі з парушэннямі: некалькі следчых адначасова пераварочвалі ўсё ў розных пакоях так, што за імі немагчыма было сачыць. У выніку ў маладых людзей знайшлі «небяспечныя» прадметы: кнігі, балоны з фарбай, усе назапашаныя грошы.

Ператрусы прайшлі ў тым ліку і ў бацькоў маладзёнаў у Менску і ў Смаргоні. У Смаргоні канфіскавалі кнігу Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан». Былі канфіскаваныя ўсе кампутары.

Пасля ператрусаў было затрымана пяць чалавек, якіх абвінавацілі ў стварэнні беларускамоўных графіці ў Менску ў траўні ды жніўні 2015 года, а таксама размалёўванне сацыяльных білбордаў у чэрвені.

Падазраваным Вячаславу Касінераву, Максіму Пякарскаму, Яраславу Ульяненкаву выставілі ўдзел у некалькіх эпізодах:

1) Графіці з надпісам «Беларусь павінна быць беларускай», а таксама выявай арнаменту, перакрэсленымі сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі, што было кваліфікавана, як «наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці нявысветленымі асобамі, што груба парушылі грамадскі парадак і паказалі відавочную непавагу да грамадства». Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу - «Хуліганства, учыненае групай асоб»;

2) Графіці на былой вайсковай частцы з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе» з выявай сілуэту чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю, што было таксама кваліфікавана паводле часткі 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса - «Хуліганства, учыненае групай асоб».

3) Запэцканы фарбай сацыяльны банер з выявай супрацоўнікаў міліцыі на вуліцы Гарэцкага ў Менску, што нанесла матэрыяльную шкоду на суму 2 мільёны 200 тысяч беларускіх рублёў. Гэтыя дзеянні падпадаюць пад артыкул 341 Крымінальнага кодэксу - «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці».

Сярод затрыманых таксама грамадзянін Расеі Павел і яшчэ адзін чалавек, які прасіў не называць свайго імя.

Цікава, што адразу пасля ператрусаў маладзёнаў адвезлі ў Галоўную ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗ). Там, парушаючы працэсуальныя нормы і правілы (не падаючы права на абарону, без складання пратаколаў), пачалі праводзіць «неафіцыйныя» размовы, псіхалагічна ціснуць, правакаваць і нават некаторых збіваць.

Туды ж - у ГУБАЗ - пазней падманам выклікалі і сяброўку аднаго з затрыманых.

«Я стала тэлефанаваць свайму сябру, але замест яго падняў нейкі мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі і сказаў, быццам мой сябар наехаў на дзіця на ровары. Запрасіў прыехаць на адрас: вуліца Рэвалюцыйная, 3. Маўляў, «бацькі збітага дзіцяці заяву падалі, можа вы маглі б паспрыяць, каб яны заяву забралі». Я паехала. Там я даведалася, што сябра і яго таварышаў падазраюць ў нейкім крымінальным злачынстве, і ніякага веласіпеднага сутыкнення не было. Там жа задавалі шмат пытанняў супрацоўнікі 4-га аддзела ГУБАЗ, пагражалі, ціснулі. Ніякіх пратаколаў не складалі, адваката не выклікалі. Пратрымалі дзве гадзіны і ўжо пасля 21 гадзіны павезлі ў Следчы камітэт на допыт як сведку. Бліжэй да паўночы, пасля допыту, адпусцілі», - распавяла Анастасія Мельнікава.

У гэты ж вечар вызвалілі і двух хлопцаў пад падпіску аб нявыездзе - Яраслава Ульяненкава і грамадзяніна Расеі Паўла. Максіма Пякарскага і чалавека, які прасіў не называць ягонага імя дагэтуль трымаюць у ізалятары часовага ўтрымання, а Вячаслава Касінерава знайшлі ў шпіталі з падвойным пераломам сківіцы і пад канвоем. Маладыя людзі не даюць паказанняў, таму ім пагражаюць, што возьмуць пад варту да суда.

Як распавёў Яраслаў Ульяненкаў, у той вечар ён вярнуўся дадому з працы і праз некаторы час да яго ў кватэру, зламаўшы дзверы, уварваліся людзі з аўтаматамі.

«Мяне павалілі на падлогу, закавалі ў кайданкі і сталі біць нагамі па целе, па галаве, пагражалі. Потым цягалі па ўсёй кватэры, зацягнулі ў пакой, прымусілі стаць тварам да сцяны. Білі па нагах, каб ногі стаялі максімальна далёка адна ад адной, прадаўжалі здзекавацца і збіваць. Пасля гэтага «маскі шоу» пачалі сыходзіць, а ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі аператыўнай службы і пачалі ператрус», - кажа хлопец.

Пазней у Следчым камітэце на Ульяненкава фізічна і псіхалагічна ціснулі, пагражалі непрыемнасцямі і крымінальным тэрмінам, казалі, каб выдаў хлопцаў, якія нібыта гэта зрабілі. Дамовіцца з маладым чалавекам аб супрацоўніцтве спрабаваў праз тэлефон і супрацоўнік ГУБАЗ, які прадставіўся Луневічам Ігарам Паўлавічам.

У сваю чаргу дзеянні АМАПу і следчых Яраслаў Ульяненкаў звязвае з «выбарамі».

«Напярэдадні «выбараў» усе моладзевыя рухі, якія супярэчаць ідэалогіі, спыняюцца, і такім чынам ціснуць на людзей», - падкрэслівае хлопец.

На гэты момант усе маладыя людзі маюць статус падазраваных. У выпадку надання ім статусу абвінавачаных за беларускамоўныя надпісы на сценах ім пагражае да 6 гадоў зняволення.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках