29 красавiка 2024, панядзелак, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства юстыцыі пяты раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі БХД

1
Міністэрства юстыцыі пяты раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі БХД

Аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» атрымаў адмову ад Міністэрства юстыцыі на заяву аб рэгістрацыі.

Пра гэта charter97.org паведамілі ў прэс-службе БХД.

Гэта была пятая беспаспяховая спроба хрысціянскіх дэмакратаў зарэгістравацца.

У адказе Мінюста, тэкст якога распаўсюдзіла прэс-служба БХД, сярод прычын адмовы называюцца: непадача на просьбу міністэрства шэрагу дакументаў з устаноўчага з'езду партыі і недакладнасці ў асабовых звестках некаторых заснавальнікаў (няправільныя месца працы, рэгістрацыі, адсутнасць прыватных і службовых нумароў тэлефонаў). Чатыры чалавекі, пазначаныя ў ліку заснавальнікаў партыі, піша Мінюст, пісьмова ці праз тэлефон паведамілі, што не бралі ўдзелу ва ўстаноўчых мерапрыемствах БХД і не вылучалі дэлегатаў на з'езд. Двое паведамілі, што не ставілі подпісаў, яшчэ адзін заснавальнік згаданы ў спісе двойчы.

У БХД адзначаюць, што ад сваіх подпісаў заснавальнікі партыі адмовіліся пад ціскам і пагрозамі мясцовых чыноўнікаў. Іншыя прычыны адмовы ў аргкамітэце назвалі «дробнымі недакладнасцямі, якія не могуць ставіць пад сумнеў рэгістрацыю палітычнай партыі».

«Нават за вылікам пералічаных Мінюстам асоб спіс заснавальнікаў Партыі БХД змяшчае больш за 1000 чалавек, патрэбных для дзяржаўнай рэгістрацыі», - паведамляе прэс-служба хрысціянскіх дэмакратаў.

Партыі БХД адмовілі ў рэгістрацыі пяты раз, з улікам падачы дакументаў на рэгістрацыю грамадскіх аб'яднанняў хрысціянскіх дэмакратаў колькасць адмоў дасягае 19.

«Гэта знак таго, што элементарных нормаў дэмакратыі ў Беларусі няма. А «выбары» з'яўляюцца толькі шырмай, якая затуляе аўтарытарызм і беззаконне ва ўсіх сфэрах жыцця, не толькі палітычнае, але і эканамічнае, і сацыяльнае», - адзначае аргкамітэт для стварэння партыі БХД.

Хрысціянскія дэмакраты ўважаюць адмову ў рэгістрацыі за незаконную і будуць абскарджваць яе ў Вярхоўным судзе, хоць і падкрэсліваюць, што не вераць у наяўнасць у Беларусі свабодных і незалежных судоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках