23 красавiка 2024, aўторак, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ініцыятыўная група Лябедзькі не сабрала 100 тысяч подпісаў

23
Ініцыятыўная група Лябедзькі не сабрала 100 тысяч подпісаў
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА

Анатоль Лябедзька - адзіны дэмакратычны палітык, які рызыкнуў сваёй рэпутацыяй і не пабаяўся апынуцца ў кампаніі фрыкаў.

Той факт, што ініцыятыўная група не сабрала 100 тыс подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, не дыскрэдытуе партыю.

Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, паведамляе «Беларускі партызан».

«У вачах нашых апанентаў гэта, магчыма, будзе і дыскрэдытацыя. У вачах нашых прыхільнікаў, хутчэй за ўсё, гэта будзе сумленны ўчынак. Думаю, ва ўспрыманні чалавека нейтральнага, калі пакласці на шалі падман, хлусню і фальсіфікацыі і сумленныя, шчырыя дзеянні, людзі выберуць другое», - сказаў Лябедзька.

З ягоных слоў, апазіцыя «павінна неяк адрознівацца ад улады, і самае простае і даступнае ў гэтым выпадку - быць сумленным».

Лябедзька мяркуе, што не варта «абсалютызаваць нейкія лічбы». «Калі б мы бралі ўдзел у сапраўдных выбарах, мы натужыліся і сабралі б сто тысяч подпісаў. Я гэта гарантую, таму што многія магчымасці мы проста не выкарыстоўвалі. Мы пайшлі на эксперымент, стварылі групу валанцёраў, і ў нас няма ніводнага фальшывага подпісу, таму што няма сэнсу іх фальсіфікаваць», - падкрэсліў ён.

«Хацелі зрабіць больш, але зрабілі, што змаглі. У нашай камандзе няма спадарыні Лідзіі Ярмошынай і яе ідэалагічных сваякоў. Гэта значыць, колькі сабралі, столькі і скажам. Мы ж павінны чымсьці адрознівацца ад гэтай ілжывай улады. Я думаю, людзі ўсё разумеюць. Фішка не ў тым, 100 тысяч ці не, а ў тым, што мы нясем людзям, якую праграму мы ім прапануем, якую альтэрнатыву», - сказаў Лябедзька.

Палітык адзначыў, што яго каманда прадоўжыць удзельнічаць у выбарчай кампаніі, нават калі ён не стане кандыдатам у прэзідэнты. «У нас была пастанова палітрады, і на заключным этапе кампаніі майго прозвішча ўсё роўна б не было ў выбарчым бюлетэні. Пакуль мы губляем толькі адно: магчымасці выступіць на дзяржаўнай тэлевізіі. Але калі мы запішам наш выступ і запусцім яго праз сацыяльныя сеткі, то хто сказаў, што да яго не будзе больш цікавасці, чым да таго, што выйдзе, магчыма ў тупаватым выглядзе, на беларускай тэлевізіі?» - сказаў Лябедзька.

Пры гэтым ён прызнаў, што не ўсе сябры ягонай ініцыятыўнай групы працавалі эфектыўна пры зборы подпісаў: «Мы таксама, як і ўсе іншыя, ганяліся за людзьмі, якіх трэба было запісаць у ініцыятыўную групу. Зараз мы разумеем, што працавала некалькі сотняў чалавек, але гэта капітал, які мы будзем выкарыстоўваць і далей. Так, якасць людзей, якія запісаліся ў ініцыятыўную групу, цалкам розная, затое мы цяпер разумеем, у якіх рэгіёнах у нас ёсць валанцёры і на што мы можам разлічваць».

Лябедзька паведаміў, што і далей збіраецца стаяць у пікетах. «Ёсць артыкул 45 Выбарчага кодэкса, у адпаведнасці з якім грамадзянін, палітычная партыя могуць бесперашкодна праводзіць агітацыю за, супраць кандыдатаў, праграм і гэтак далей», - сказаў ён. Са слоў палітыка, калі ўлады будуць прымяняць рэпрэсіі, то такім чынам збяруцца «довады, што гэта не ёсць свабодныя і справядлівыя выбары».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках