7 траўня 2024, aўторак, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўшанавалі памяць загінулага байца тактычнай групы «Беларусь»

3
У Менску ўшанавалі памяць загінулага байца тактычнай групы «Беларусь»

Вечарына памяці ўкраінскага байца Віталя Целяжэнкі прайшла у сядзібе БНФ у Менску.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Імпрэзу вяла грамадская актывістка Ганна Шапуцька. Сустаршыня Маладога Фронту Мiкалай Дземiдзенка адзначыў:

«Вiталя ведала шмат беларусаў, якія прайшлі праз Майдан. Мы пазнаёміліся ў снежні 2013, калі рабілі беларускі штаб, што месціўся ў будынку Кіеўскай рады».

Мікалай распавёў, што Віталь, хоць і меў уласны бізнэс, але шмат часу і сродкаў ахвяраваў Майдану, ахоўваў будынак Рады.

«Я захапляўся гэтым чалавекам», — сказаў Дземідзенка. У ягонай кватэры беларусы заўжды знаходзілі начлег і ежу.

«Целяжэнка быў першым украінцам у складзе тактычнай групы «Беларусь». Так выйшла, што на Майдане першымі загінулі армянін і беларус. А ў тактычнай групе "Беларусь" — украінец», — сказаў Дземідзенка.

Віталь Целяжэнка загінуў 10 жніўня.

Мікалай Дземідзенка распавёў пра стан беларускага добраахвотніка пад пазыўным Тарас, які знаходзіўся разам з Целяжэнкам і быў цяжка паранены.

Стан хлопца вельмі цяжкі, ён выйшаў з комы, але знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«У нас на ўсю Беларусь ёсць адзін паранены добраахвотнік, — сказаў Дземідзенка. — Мы можам яму дапамагчы».

«Нагода, з якой мы сабраліся, — гэта адна смерць і адно жыццё», — Павал Севярынец паведаміў, што параненаму беларусу няма яшчэ 30 год, ягонае цела пасечанае аскепкамі, якія немагчыма выняць дзеля цяжкага стану. Хлопец перажыў дзве комы.

Севярынец зазначыў, што беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне ня маюць аніякага статусу, у іх няма дазволу на жыхарства і яны ніяк ня могуць вярнуцца ў Беларусь.

«У гэтай сітуацыі абараніць іх могуць толькі Госпад Бог і Беларусь».

Паводле Севярынца, хлопца трэба перавезці да месца, дзе яму нададуць больш кваліфікаваную дапамогу.

Было абвешчана, як можна падтрымаць беларусаў, якія патрабуюць дапамогі ў выніку падзеяў ва Ўкраіне.

Вечарына скончылася выкананнем гімну Ўкраіны і беларускага гімну «Магутны Божа».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках