19 красавiка 2024, Пятніца, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Выбары ўжо сфальсіфікаваныя

65
Мікалай Статкевіч: Выбары ўжо сфальсіфікаваныя
Фота: tut.by

Лідары беларускай апазіцыі правялі прэс-канферэнцыю ў Менску.

Лідары беларускай апазіцыі маюць намер пачаць грамадскую кампанію, каб данесці да людзей сваю агульную пазіцыю аб тым, што "выбары ўжо сфальсіфікаваныя".

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 28 жніўня ў Менску былы палітвязень, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі 2010 года Мікалай Статкевіч, піша БелаПАН.

Акрамя Статкевіча, у прэс-канферэнцыі бралі ўдзел старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар стваранага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў і сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Са слоў Статкевіча, усе яны ацэньваюць тое, што адбываецца на палітычным полі Беларусі, "як сфальсіфікаваныя выбары". Прычым зроблена гэта было "не ў бюлетэнях, выніковых пратаколах", а ў "спісах кандыдатаў", адзначыў палітык.

"Лукашэнка ў 1990-х гадах быў гатовы здаць нас з шасцю абласцямі за галоўны пост у Крамлі, - сказаў былы палітвязень. - пастарэўшы і зразумеўшы, што трона ў Крамлі яму не відаць, ён гатовы здаць за пару мільярдаў, але абараняць з аўтаматам ён тут нічога не будзе. Калі Беларусь Расеі здасць легітымны з пункту гледжання міжнароднай супольнасці прэзідэнт, мы не зможам гэтаму супрацьстаяць. Мы будзем супрацьстаяць гэтаму, не дапусцім легітымізацыі гэтых выбараў і Лукашэнкі як прэзідэнта".

Статкевіч адзначыў, што лепшая маральная пазіцыя для грамадзян у гэтай сітуацыі - "цалкам ігнараваць гэтае шоу".

"Мы будзем праводзіць грамадскую кампанію, каб давесці беларусам нашу пазіцыю. Будзем патрабаваць нармальных дэмакратычных выбараў. Вядома, гэта наша апошняя задача, магчыма, яна расцягнецца на гады", - дадаў Статкевіч.

У дэмакратычных выбарах ён мае намер узяць удзел, нягледзячы на забарону праз непагашаную судзімасць. "У свабодных выбарах не могуць удзельнічаць злачынцы, але я не злачынца, - заявіў Статкевіч. - Сапраўдны злачынец усім вядомы. Вось ён не мае права ўдзельнічаць, ён неаднаразова парушаў Канстытуцыю".

Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў рэзка раскрытыкаваў прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, якія наважылі ўдзельнічаць у "выбарах". На ягоную думку, ніхто з апазіцыі не можа ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, калі "не змяніў дэмакратыі" і не падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе "Еўрарадыё".

"Ніколі яшчэ я не перажываў такой невыноснай, як гэтым летам, спякоты і не адчуваў такога невыноснага сораму", - заявіў ён на сумеснай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у Менску.

Някляеў мяркуе, што ў прэзідэнцкай кампаніі нельга ўдзельнічаць, таму што яшчэ адзін былы кандыдат у прэзідэнты, Мікалай Статкевіч, "незаконна пазбаўлены" такога права. Пры гэтым Някляеў выказаў публічную падзяку Статкевічу за "мужнасць, якая дапамагае тым, хто мае сорам і сумленне не падаць духам". Таксама ён заявіў, што гатовы ва ўсім падтрымаць Статкевіча.

Журналісты пацікавіліся ў апазіцыянераў, што яны маюць намер рабіць, калі Захад прызнае выбары.

"Захад не павінен здаць дэмакратыю ў Беларусі. Але нават калі так адбывалася, заставаўся беларускі народ і Беларусь, Бог дапамагаў нам жыць далей", - сказаў Павел Севярынец.

Журналісты таксама пацікавіліся ў палітыкаў, ці будзе апазіцыя выступаць адзіным фронтам і ці ёсць у іх праграма дзеянняў.

"Два галоўныя пункты: Беларусь, яе суверэнітэт і незалежнасць. І мы заяўляем, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці. Мы шчыльна працуем з міжнароднай супольнасцю - калі цяпер не правесці працу дэлегітымізацыі вынікаў выбараў, то Лукашэнка ўпершыню стане легітымным прэзідэнтам пасля 1996 года" , - адказаў на пытанне Анатоль Лябедзька і сказаў, што справа не абмяжоўваецца толькі гэтай выбарчай кампаніяй. Апазіцыя выступае за новыя свабодныя выбары.

"Я б хацеў ведаць, каб кандыдат Лукашэнка патлумачыў, куды ён нас вядзе. Нас не пускаюць на сустрэчы выбаршчыкаў з Лукашэнкам, але мы хочам ведаць. Я нават гатовы сам арганізаваць гэтую сустрэчу, і гатовы гарантаваць ягоную бяспеку на гэтай сустрэчы. Буду адпраўляць запрашэнні - калі замест сябе ён дашле хлопцаў з дубінамі, мы атрымаем адказ на пытанне, што нас чакае далей ", - у сваю чаргу заўважыў Мікалай Статкевіч.

"Лукашэнкаўская-ярмошынская стратэгія адчувае крызіс, таму яе трэба ігнараваць. Калі ўчасткі будуць паўпустымі - гэта будзе і наш вынік. Упэўнены, што людзей будуць гнаць палкай на выбары, таму што грошай на пенсіі і заробкі няма", - дадаў Лябедзька.

"Рэжым зняў абмежаванні на продаж алкаголю. Беларусы, вас збіраюцца спаіць! Трэба з цвярозай галавой аб'ядноўвацца і бараніць незалежнасьць і свабоду", - адзначыў Павел Севярынец.

Мікалай Статкевіч распавёў, што ўчора сустракаўся з "Грамадой" і "Еўрапейскай кааліцыяй", і яны падтрымліваюць ягоную пазіцыю.

На думку Уладзіміра Някляева, якая б не была канстытуцыя, яна дазваляе выказваць сваю пазіцыю, праводзіць шэсці і мітынгі з мэтамі, якія грамадзяне вызнаюць і хочуць данесці да людзей. Ён таксама прызнаўся, што прыклаў шмат намаганняў для таго, каб стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, і гатовы быў ім стаць, заявіўшы на самым апошнім этапе, падчас выступу на тэлевізіі, што здымаецца з выбараў у знак пратэсту.

Статкевіч выказаў надзею, што ў будучую кааліцыю ўвойдуць удзельнікі прэс-канферэнцыі, а таксама некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл.

Зрэшты, мяркуе былы палітвязень, не ўсім ёсць месца ў будучым аб'яднанні. Так, з ягоных слоў, чырвонае святло трэба запаліць на шляху ў кааліцыю Сяргея Калякіна і Аляксея Янукевіча.

Першы не праходзіць таму, што, мяркуе Статкевіч, "камуністаў назваць дэмакратамі ў мяне язык не паварочваецца", а другі праз тое, што Партыя БНФ "цяпер працуе на кандыдата" - Таццяну Караткевіч.

"Яна выдатная жанчына, але за ёй стаіць чалавек, які раней публічна зганьбіў сябе, і зноў ходзіць у белым", - падкрэсліў палітык.

Уладзімір Някляеў назваў прычынай свайго выхаду з "Гавары праўду" Тацяну Караткевіч.

"Я як ставіўся да яе асабіста добра, так нічога і не памянялася. Але яна несамастойная. Яна неспрактыкаваны палітык, яна не можа разумець глыбокіх палітычных працэсаў. Ёй сказалі: "у нас усё будзе добра, ты столькі зможаш зрабіць". Яна і павялася . Калі б Караткевіч выбралі на кангрэсе дэмакратычных сіл адзіным кандыдатам, маё стаўленне да яе было б іншым. Калі яны не знойдуць палітычнай волі, каб выправіць сітуацыю, гэта будзе галоўная параза апазіцыі... Калі гэта было, каб Ярмошына так абараняла апазіцыйнага кандыдата, як гэтую "бабу", - заявіў Уладзімір Някляеў.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках