5 траўня 2024, Нядзеля, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Я ж нават начальнікам штаба ў Раманчука не быў

42
Анатоль Лябедзька: Я ж нават начальнікам штаба ў Раманчука не быў
Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька даслаў charter97.org ліст.

У лісце ён спрабуе палемізаваць з артыкулам Ірыны Халіп «Мышы і мерцвякі», надоечы апублікаваным на нашым сайце.

Я даўно заўважыла за Анатолем Уладзіміравічам схільнасць абражаць журналістаў і рабіць іх вінаватымі ва ўсіх смяротных грахах, калі раптам яны закрануць крытычным словам ягоную персону. І гэты артыкул - чарговае таму пацвярджэнне.

Заклікаючы Анатоля Лябедзьку зняцца з «выбараў», журналістка Ірына Халіп нагадала палітыку, наколькі амаральна з ягонага боку апраўдваць сёння дзеянні свайго намесніка па партыі Яраслава Раманчука, кандыдата ў прэзідэнты на «выбарах» 2010 года. Тады, нагадаю, Раманчук у эфіры Беларускай тэлевізіі абвінаваціў Андрэя Саннікава, ягоную жонку Ірыну Халіп і Мікалая Статкевіча ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Публічная заява кандыдата ад партыі Лябедзькі, у ліку іншага, прывяла да арышту Саннікава і ягонай жонкі, а іх трохгадовага сына ледзь не аддалі ў дзіцячы дом.

У адказ лідар АГП зноў не знайшоў нічога найлепшага, як абвінаваціць журналістку, якая прайшла праз турму КДБ, хатні арышт і ледзь не страціла сваю сям'ю. Паралельна Лябедзька абразіў і кіраўніка выбарчага штаба Саннікава Уладзіміра Кобца, які, у адрозненне ад некаторых, публічна прызнаўся, што ў «амерыканцы» шляхам катаванняў яго прымусілі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве c КДБ.

Я як галоўная рэдактарка сайта не хацела ставіць гэты матэрыял, бо ён абражае многіх людзей, але прапаную вам самім зрабіць высновы.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

ВЫ ЗАПЫТАЛІСЯ, ІРЫНА, Я АДКАЗАЎ...

Анатоль Лябедзька

Артыкул Ірыны Халіп «Мышы і мерцвякі» на супергалоўнай старонцы Хартыі з перадрукам на іншых інфармацыйных рэсурсах... Што тут сказаць... Адказваю крыху з затрымкай, але гэта пытанне прыярытэтаў. Збор подпісаў на прахадной завода халадзільнікаў, стасункі з прадпрымальнікамі на рынках у Ждановічах, папулярызацыя праграмы «Новых працоўных месцаў» у Берасці для мяне і сапраўды больш важныя. Але і пакінуць артыкул без адказу было б няправільна. Тым больш такіх на Хартыі з'явілася ўжо некалькі, значыць, для сайта гэта таксама пытанне прыярытэтаў.

Ды Вам, Ірына, прабачце за шчырасць, пляваць, здымуся я ў гэтай выбарчай кампаніі ці не. Калі б гэта сапраўды Вас хвалявала, то Вы, вярнуўшыся з адпачынку, пацягнуліся б да тэлефоннай трубкі, а не да клавіятуры. Гэта ж так лагічна і даступна. Проста сказаць: «Анатоль, давай пагаворым за кубкам кавы». Не ведаеш - спытай, сумняваешся - удакладні! Але тут зусім іншыя мэты, таму ўсё робіцца з дакладнасцю да наадварот.

Калі я кажу, што мы ставім дзве задачы ў гэтай кампаніі, па-першае, не дапусціць легітымацыі яе вынікаў без сумленных выбараў, а па-другое, праз вылучэнне эканамічнай альтэрнатывы, праграмы «Мільён новых працоўных месцаў», істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу, то я нясу адказнасць за сказанае.

І агучанае пацвярджаюць справы і дзеянні маёй каманды ў існай выбарчай кампаніі. Для нас 100 тысяч сабраных подпісаў - гэта не жаданне ўсякім коштам трапіць у бюлетэнь для галасавання, а толькі магчымасць яшчэ паўтара месяца наўпрост працаваць з людзьмі. Магчымасць, якая бывае раз на чатыры-пяць гадоў.

Усякую дыскусію, палеміку можна падтрымліваць. Але Вы, Ірына, не аналізуеце факты, не турбуеце сябе пошукам доказаў, вы як пракурор і ілжэсведка. Так, па-журналісцкі таленавіты. Але хто сказаў, што подласць і хлусня не могуць быць спакаваныя прыгожа?

Літаральна першай фразай вызначаны віноўнік усіх праблем: «Анатоль Лябедзька сваім удзелам у «выбарах» можа дамагчыся прызнання Лукашэнкі на Захадзе». А ці не занадта крута, з адгалоскам у нябёсах ?! І тут лепш за Віталя Цыганкова не скажаш: «Я б на месцы Анатоля Лябедзькi толькі б ганарыўся тымі прэтэнзіямі, якія амаль штодня гучаць у ягоны бок, нібыта ён сваім удзелам спрыяе легітымізацыі рэжыму і вядзе ды прызнання выбараў з боку Захаду. Бо ўсе гэтыя абвінавачванні надаюць яму неймаверную палітычную вагу, якая сягае на міжнародны ўзровень. Выяўляецца, усе 8 апазіцыйных кандыдатаў у 2010 не спрыялі «легітымізацыі выбараў»! Выяўляецца, Захад глядзіць толькі на ягоны ўдзел ці не ўдзел. Будзе ўдзельнічаць Анатоль - значыць, Захад адразу прызнае выбары. Не будзе - не прызнае. «А як там Лябедзька?» - пытаецца з заміраннем сэрца Мэркель у Абамы...»

Ад сябе толькі дадам. На жаль, канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі, калі накіроўваліся ў Менск, са мной не кансультаваліся. А Вы, Ірына, не горш за мяне ведаеце і разумееце, што азначае дэ-факта гэты візіт на чаяванне да таго, каго вы небеспадстаўна называеце ўзурпатарам. Разуменне таго, што адбываецца, аднак, не прывяло да з'яўлення вашага выкрывальніцкага артыкула на перадавіцы «Хартыі». Ці то смеласці не выстарчыла, ці то хваляй асцярожнасці накрыла.

«У 2012 годзе АГП у адзін дзень прыняла пастанову аб зняцці ўсіх кандыдатаў з выбараў у «палатку», бо за кратамі застаюцца палітвязні. А што, хіба ў гэтым годзе сітуацыя змянілася», - задаецца пытаннем Ірына Халіп.

Ірына, у 2012 годзе мы сапраўды прынялі пастанову аб калектыўным зняцці сваіх «спікераў», але зрабілі гэта пасля таго, як сабралі пакет доказаў, што ў Беларусі няма сумленных, свабодных выбараў, пасля таго, як нашы кандыдаты распавялі, што АГП прапануе зрабіць у эканоміцы, пасля таго, як мы заклікалі выбаршчыкаў не браць удзелу ў галасаванні, прычым зрабілі гэта на дзяржаўных каналах радыё і ТВ, выкарыстоўваючы статус кандыдатаў. Адчуваеце розніцу?

І дарэчы, сустрэчнае пытанне. А што, у 2010 годзе сітуацыя з палітвязнямі была іншая? Але тады ваша каманда не ставіла нават пад найменшы сумнеў неабходнасць удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. І тады Вас не бянтэжылі ні мышы (колькасць ахвотных паўдзельнічаць набліжалася да 20). Ні тое, што большасць зарэгістраваных не сабралі неабходныя 100 тысяч. Што Вамі рухала? Можа, у тагачасных палітвязняў, уключаючы Мікалая Аўтуховіча, маштаб не той быў? Ці Вам не хапала колькасных паказчыкаў? Што тады было не так, як цяпер?!

«Затое пасядзеў Толік, выяўляецца, без крымінальнай справы».

Дакументы, Ірына, сведчаць аб адваротным. Справа ў нас з вамі адна, №10011110362. Распачатая 20.12.2010.

Але гэта ж дробязь, праўда? Бо не да ісціны дакопваемся, а элементарна спрабуем закапаць канкурэнта! Яна толькі вельмі благая і вельмі дзіўная - мая справа. Пустая папка. Я ж нават начальнікам штаба не быў. І Вы, Ірына, ужо сапраўды памятаеце, якая была таўкатня ля мікрафона на плошчы, і як асобныя штабы «змагаліся», каб ім распараджацца і каб запоўніць першы шэраг калоны. Я быў гульцом другога плана, але гэта мяне не выратавала ад «амерыканкі». На маё пытанне, за што сяджу, сказалі адкрыта, але гранічна зразумела: за старыя грахі! Яшчэ адны праведнікі і святыя айцы, толькі ў пагонах.

Ну, і як жа тут без Раманчука, без яго замес не той! Ягонае імя - эфектыўны і безадмоўны інструмент, каб успучыць мозг чытачу Хартыі. Але цяпер гэты персанаж Вам патрэбны толькі і выключна для таго, каб мазнуць чорнай фарбай па мне. Карціна дзёгцем. З Раманчуком усё зразумела, і ў ацэнцы ягонага ўчынку нашы пазіцыі не моцна разыходзяцца. Але вось пытанне: чаму вы заўсёды ставіце кропку там, дзе павінна быць коска? Калі вы прэтэндуеце на ролю рэвалюцыйнага трыбуналу, то майце мужнасць казаць усё і пра ўсіх! Без выключэнняў.

«Я вельмі сур'ёзна паставіўся да пагрозаў, якія прагучалі ў дачыненні да маёй сям'і, мяне, а таксама маіх сяброў. Пагрозы гучалі і пасля «вызвалення», іх мэта - прымусіць працаваць на КДБ» - так кіраўнік выбарчага штаба вашай каманды Уладзімір Кобец патлумачыў, чаму ён падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ. Можна меркаваць, што даў вельмі падрабязныя, пад подпіс, паказанні аб вашай выбарчай кампаніі, з апісаннем ролі і месца кожнага. Але, як я разумею, гэта не перашкаджае Вам, Ірына, падтрымліваць сяброўскія стасункі з Уладзімірам. І вы ж знаходзіце нейкія прычыны, падставы, тлумачэнні, чаму Вы гэта робіце?

Або для Вас важная форма праяўлення слабасці і подласці? Калі гэта публічна, то тут літасці быць не павінна, а калі гэта за зачыненымі дзвярыма, то тут магчымае і паслабленне?

Я ніколі за гэтыя пяць гадоў не ўздымаў гэтай тэмы, і, бачыць бог, нікога не хацеў згадваць і цяпер. Але ва ўсяго ёсць межы.

«Раздаваць інтэрв'ю пра тое, як гераічна, вітаючы арышты жанчын, Раманчук яго выратаваў. І пра тое, як кандыдаты ў прэзідэнты падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, а ён, лідар АГП, спакойна выйшаў.

Толя, ты сам-то хоць зразумеў, што сказаў? Сцвярджаць такое можна толькі ў двух выпадках: калі ты сам працуеш у КДБ і бачыў гэтыя паперы або калі ты ходзіш разам з «падпісантамі» ў адзін і той жа час да аднаго і таго ж куратара па інструкцыі. Іншых варыянтаў няма!»

Зразумела, што ніякіх маіх інтэрв'ю з прывітаннямі арыштаў жанчын (роўна як і мужчын) не існуе ў прыродзе. Але якое гэта мае значэнне, калі трэба выклікаць духаў нянавісці, так? Прыём вядомы. Разадранага «бандэраўцамі» хлопчыка не існуе ў прыродзе, але паўкраіны яго аплакваюць. Націск на жанчын і дзяцей заўсёды надае дадатковую, моцную эмоцыю.

Але не варта гэтым злоўжываць. У мяне ж таксама ёсць мае блізкія - мама, жонка, сын, і ўсе яны - жывыя людзі, і ўсе яны за гэтыя гады прайшлі праз не меншыя выпрабаванні. Або калі мачыць - то ўсё чалавечае па барабану?

Ну, і як жа ў фінале не прыгваздаць Лябедзьку да слупа ганьбы КДБ сцвярджэннем «іншых варыянтаў няма!». Ды не, Ірына, ёсць. Я нічога не прыдумляю, і Вы гэта ведаеце, магчыма, і ў большых аб'ёмах, чым я. А пакуль проста спасылка на крыніцу, адкуль я ведаю, што кандыдаты падпісалі паперы: «А сёння Алесь Міхалевіч на спецыяльнай прэс-канферэнцыі распавёў, што прычынай ягонага выхаду з камітэцкіх засценак стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве з КДБ.

Са слоў Міхалевіча, ён вымушаны быў пайсці на такі крок «праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні».

Я называю факт, які даказвае, што ваша заява - хлусня. Абвінавачванне, пабудаванае на хлусні, - гэта адкрытая правакацыя!

Усімі сваімі сіламі намякаючы, што я з'яўляюся агентам КДБ, вы спрабуеце паставіць мяне на адну планку з людзьмі, якія вам блізкія, якія публічна прызналіся ў падпісанні папер. Відавочна, вам і ў галаву не прыходзіць, што можна, адседзеўшы 108 дзён, не падпісаць ніводнай паперы.

У адрозненне ад вас, я не ўступаў ні ў які дыялог - ні з уладай, ні са следствам - ні ў які. Я не падпісаў ніводнай паперы, менавіта таму мне пасля не давялося падпісваць і паперу аб супрацоўніцтве. Я не даў сябе ўцягнуць у іх гульні. Следства такая штука - калі тэчка пустая, не сказана нічога, не зафіксавана нічога, то напоўніць яе няма чым... Пустую тэчку цяжка перадаваць у суд - тым больш, калі справа мае грамадскі рэзананс.

Дык вось калі б ні адзін з затрыманых не даў паказанняў - пустымі былі б усе тэчкі...

Але што пра гэта казаць цяпер.

Ірына, рэжым абавязкова зменіцца, і мы ўсе ўбачым, хто пра што казаў і пісаў. Чакаю гэтага з нецярпеннем і спрабую гэта наблізіць.

«Так ужо атрымалася, што сёння Анатоль Лябедзька - адзіны, хто можа выцягнуць «выбарчую кампанію» Лукашэнкі і дамагчыся прызнання дыктатара. Менавіта гэта ён цяпер і робіць...»

І чым жа гэта я выцягваю? Пікетамі салідарнасці з палітвязнямі? Мярзотнымі сюжэтамі на БТ у свой адрас? Эканамічнай альтэрнатывай таго тупіку, у які ўлада завяла краіну? Выступамі на прахадных аб карумпаванасці ўлады? Вылучэннем нашых прадстаўнікоў у камісіі, якіх туды не ўключаюць? Прымушэннем людзей да дзеяння? ЧЫМ?

Я не клічу людзей галасаваць, я заклікаю грамадзян змагацца за перамены, за сумленныя выбары, за праграму «Мільён новых працоўных месцаў» як эканамічную альтэрнатыву! Гэта я і мая каманда збіраем доказы і факты, што ў Беларусі няма свабодных выбараў.

Я не чакаю выбачэнняў за дэзінфармацыю, за хлусню, за падтасоўку. І няма ў мяне жадання піць каву з Ірынай Халіп і гаварыць з ёй душа ў душу. Учора было, а сёння няма. Многіх цяпер хвалюе не рэжым Лукашэнкі, не праца з людзьмі, не пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі, а асцярогі як бы хтосьці не ўзмацніўся, не раскруціўся падчас гэтай выбарчай кампаніі. Іншага тлумачэння гэтаму плявузганню я не бачу...

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках