6 траўня 2024, панядзелак, 16:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азербайджанскай журналістцы ў судзе не далі сказаць апошняе слова

Азербайджанскай журналістцы ў судзе не далі сказаць апошняе слова
ХАДЗІДЖА Ісмаілава
ФОТА: RFE/RL

Пракурор запатрабаваў перапыніць Хадзіджу Ісмаілаву ў момант, калі журналістка згадала прэзідэнта Ільхама Аліева.

Азербайджанская журналістка, якая супрацоўнічала з "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода", выступіла сёння з апошнім словам на судовым працэсе ў Баку. Хадзіджу Ісмаілаву абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Журналістка зняпраўджвае абвінавачванні, уважаючы іх за палітычна матываваныя. Незадоўга да заканчэння выступу Ісмаілавай пракурор запатрабаваў ад суддзі перапыніць яе - у момант, калі журналістка згадала прэзідэнта Ільхама Аліева і іншых вышэйшых прадстаўнікоў азербайджанскай улады. Пасяджэнне суду перанесенае на заўтра, паведамляе "Радыё Свабода".

Хадзіджа Ісмаілава заявіла, што ёй спрабуюць адпомсціць за журналісцкія расследаванні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады Азербайджана. Яна сказала суддзі: "Я магу апынуцца ў турме, але праца будзе прадаўжацца".

На мінулым тыдні дзяржаўны абвінаваўца прасіў прысудзіць падсудную да дзевяці гадоў турэмнага зняволення. Хадзіджа Ісмаілава заявіла, што незалежныя журналісты-аднадумцы "выкрываюць карупцыю і беззаконне". "Мы выконваем вельмі важную працу", - адзначыла яна. Са слоў Ісмаілавай, "мы давалі грамадству інфармацыю, нават калі цаной гэтага былі арышт і шантаж... Я і цяпер рада таму, што выканала сваю працу".

У 2012 годзе ў эфір азербайджанскай службы "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода" выйшла журналісцкае расследаванне Ісмаілавай пра тое, як урад Азербайджана прадставіў права на прыбытковае залатаноснае радовішча сям'і прэзідэнта Ільхама Аліева. У 2014 годзе Хадзіджа Ісмаілава пісала, што праз афшорныя кампаніі дзве дачкі Аліева апынуліся звязанымі з самым буйным аператарам мабільнай сувязі Азербайджана - Azercell.

Аднаму са сведак прапанавалі хабар. Як вам не сорамна! Што гэта за дзяржава?!

Ісмаілава, якая атрымала шматлікія міжнародныя прэміі за свае рэпартажы, сказала, што суд правёў "экспрэс-разбіральніцтва", вынік якога быў наканаваны і яго цяжка ахарактарызаваць інакш як беззаконне. Прынамсі, са слоў Ісмаілавай, сведкавыя паказанні падчас судовага разбору прадэманстравалі: доказы, пададзеныя супраць яе абвінаваўцамі, былі заснаваныя на заяве сведкаў, "узятых пад ціскам або напісаных за гэтых людзей, якія фактычна толькі зачыталі свае заявы".

"Аднаму са сведкаў прапанавалі хабар, - сказала журналістка, выступаючы ў зале суда. - Як вам не сорамна! Што гэта за дзяржава?!"

У сваім выступе Ісмаілава назвала абвінавачванні "недарэчнымі". Яна адзначае, што ўрад спрабуе даказаць яе віну ў такіх злачынствах, як ухіленне ад выплаты падаткаў, крадзяжы і злоўжыванне паўнамоцтвамі. Але менавіта гэтыя злачынствы ўладаў сталі тэмамі яе журналісцкіх расследаванняў.

"Смешна вінаваціць у гэтым чалавека, які расследаваў захаваныя на афшорных рахунках прэзідэнцкай сям'і скрадзеныя грошы, злоўжыванні, звязаныя з дзяржаўнымі замовамі, кантрактамі з афшорных кампаніямі і групамі, а таксама ўхіленні ад выплаты падаткаў, - сказала яна суддзі, дадаўшы: - Мяне не зломіць 15-гадовы ці нават 25-гадовы тэрмін".

"У мяне будзе магчымасць выкрываць [злоўжыванні] у пенітэнцыярных службах. Я з тых людзей, хто ведае, як ператварыць праблему ў магчымасць", - адзначыла Хадзіджа Ісмаілава.

39-гадовая Хадзіджа Ісмаілава - адна з самых вядомых крытыкаў уладаў Азербайджана. З таго часу, як яе арыштавалі ў снежні мінулага года, Ісмаілава знаходзіцца ў папярэднім зняволенні, нягледзячы на заклікі краін Захаду вызваліць яе. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International называе яе "вязнем сумлення", Камітэт абароны журналістаў уважае абвінавачванні супраць яе расплатай за яе прафесійную дзейнасць.

Толькі некаторыя прадстаўнікі замежных пасольстваў змаглі прысутнічаць на судзе паводле справы Ісмаілавай, які пачаўся 7 жніўня. Незалежныя журналісты і грамадзянскія актывісты былі адхіленыя ад удзелу цягам усяго разбору.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках