3 траўня 2024, Пятніца, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Дзе ж абяцаны Лукашэнкам заробак $1000?

12
Генадзь Фядыніч: Дзе ж абяцаны Лукашэнкам заробак $1000?
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Абяцанням беларускага дыктатара верыць нельга.

Лукашэнка абяцае цягам года-двух вярнуць «той узровень заробкаў, які быў учора». Пра гэта ён заявіў 4 жніўня ў сумесным інтэрв'ю «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by.

- Сітуацыя складваецца такім чынам, што мы заробкі павышаць не можам. Мы прывязалі заробак да аб'ёмаў вытворчасці. Калі няма вытворчасці, то і заробак павышаць няма за што. Грошы друкаваць мы не будзем. Я ўпэўнены, што цягам года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сітуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такая ж, як цяпер, - заявіў Лукашэнка.

Ці варта верыць новым абяцанням Лукашэнкі, які не выканаў старыя?

На пытанні praca-by.info адказаў лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

- Лукашэнка абяцаў цягам года-двух вярнуць «той узровень заробкаў, які быў учора». Як можна ставіцца да слоў дзеючага кіраўніка краіны, калі сярэдні заробак па краіне ўпаў да 6 мільёнаў рублёў - да 500 даляраў далёка, як да неба?

- Хто ўважліва сачыў за заявамі кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі на мінулых выбарах, той памятае абяцанні пра сямсот даляраў, пра тысячу. Што з гэтага атрымалася? Праз два гады Лукашэнка абяцае вярнуць заробак 500 даляраў.

Мяркую, гэта чарговы папулізм, прычым вельмі дробны: народ памятае ранейшыя абяцанні і іх выкананне. Народ працаваў, як мог: рабіў свае зменныя заданні, і атрымліваў грошы. Цяпер Лукашэнка перавёў сваю рыторыку на рублі: што вы ўвесь час кажаце пра даляры, але пакупкі робіце за рублі? Заробак можа павялічыцца яшчэ ўдвая, але калі курс даляра пастаянна расце, што з такога росту заробкаў? Уся папярэдняя рыторыка кіраўніка дзяржавы будавалася на далярах - яго ніхто не прымушаў. А народ прывык вымяраць ў далярах узровень заробку - кіраўнік дзяржавы прывучыў.

- Лукашэнка патлумачыў замарозку заробкаў прывязкай да аб'ёмаў вытворчасці, якіх няма. Ці ёсць шанцы ў беларускай прамысловасці павялічыць цягам года-двух аб'ёмы вытворчасці, якія падымуць заробак?

- Што такое «аб'ёмы вытворчасці»? Урад можа даць крэдыт найбуйнейшым прадпрыемствам, якія выпусцяць удвая больш камбайнаў, МАЗаў, БелАЗаў, лядоўняў, тэлевізараў - куды ўсё гэта яны прададуць? Сёння трэба казаць аб змене эканамічнага курсу, аб новых тэхналогіях, новых працоўных месцах, што ў выніку прывядзе да выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі, якую можна прадаваць не толькі на ўсход, але і на захад. Толькі тады можна казаць аб павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці.

Сёння аб'ёмы вытворчасці - гэта ж смерці падобна: прадпрыемствы працуюць па 3-4 дні, таму што думаюць пра магчымую замарозку абаротных сродкаў. Не ведаю, на каго разлічаны пасыл Лукашэнкі. Я перакананы, што без рэформаў краіна не выйдзе з эканамічнага тупіка, у які завяла яе цяперашняя ўлада.

А калі гаварыць шчыра, то ў краіне за 20 гадоў створаны непрымальны стыль кіравання: там пазычыць, там перахапіць, тут крутануць, - ад якога вельмі складана сысці. У мяне вялікія сумневы, што цяперашняе кіраўніцтва, цяперашняя каманда здольная правесці структурныя змены ў эканоміцы, якія на пэўным этапе будуць вельмі цяжкімі, але ў выніку прывядуць да ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны. Патрэбныя новыя кіраўнікі, зусім новае мысленне.

МВФ паставіў умову: нельга выдаваць незаробленыя заробкі. З гэтым нельга не пагадзіцца, незаробленыя заробкі - надрукаваныя грошы.

- Выснова: абяцанні Лукашэнкі вярнуць заробкі ва ўчорашні дзень - пусты гук?

- На пэўную частку народа папулізм акажа ўздзеянне. Але сёння гаворку весці трэба не аб заробку, які калі-небудзь хто-небудзь атрымае ці не атрымае, гаворку трэба весці аб узроўні жыцця людзей.

Узровень жыцця - гэта не толькі заробак, але і даступнае жыллё, даступная ахова здароўя, даступныя паслугі, даступнае навучанне, пенсіі. Калі цяперашняе кіраўніцтва думае аб выхадзе з тупіка, яно павінна падаць разумную праграму выхаду з крызісу, зразумелую не толькі спецыялістам, але і звычайным абывацелям.

Людзям, якія працуюць на прамысловых прадпрыемствах, кіраўніцтва не абяцае светлае заўтра. Сёння інтэнсіфікацыя працы ўзрастае, а заробак падае. Гэта факт. А новай палітыкі ў прадпрыемстваў няма, таму што яе няма ў дзяржаве.

- Але беларусы прывыклі давяраць свайму кіраўніцтву.

- Дапускаю, што пэўная частка людзей прымае рыторыку «абы не было вайны, а заробак - чорт з ім». Але рабочыя з заробкам 300-400 даляраў наўрад ці павераць пустым абяцанням, якія сёння ўкінутыя ў грамадства. Падтэкст такі: вы сёння галасуйце за мяне, а я праз два гады вярну 500 даляраў. А чаму не праз год? А чаму 500, а не 700, ня тысячу даляраў?

Калі б сёння былі празрыстыя выбары, як у 1994 годзе, калі ўпершыню абіраўся прэзідэнт Лукашэнка, мы б убачылі рэальную рэакцыю беларусаў на яго абяцанні.

Народ можна падмануць і раз, і два - эканоміку не падманеш.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках