4 траўня 2024, Субота, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бачкала: Менскія перамовы - гэта імітацыя «міратворчасці»

1
Раман Бачкала: Менскія перамовы - гэта імітацыя «міратворчасці»
Раман Бачкала

Дыпламатычнае ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе краіны павінна адбывацца ўнутры Украіны.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў вядомы ўкраінскі вайсковы журналіст Раман Бачкала, каментуючы апошняе пасяджэнне кантактнай групы ў Менску.

- Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ва ўрэгуляванні сітуацыі на ўкраінскім Данбасе скончылася ў Менску ў аўторак 4 жніўня. Як вы ацэньваеце значэнне гэтых перамоваў?

- Я скажу як грамадзянін Украіны, які знаходзіцца цяпер у Кіеве: гэты працэс страціў нейкую ўвагу з боку ўкраінскага грамадства.

А як журналіст, я хачу сказаць, што ніводзін значны ўкраінскі тэлеканал гэтую падзею нават не асвятляў.

Гэта сведчыць аб тым, што важнасць гэтага мерапрыемства, на жаль, мінімальная. А звязана гэта з тым, што пастановы, якія там прымаюцца, не ўплываюць ніякім чынам на тое, што адбываецца ў АТА.

Гэта з аднаго боку. А з другога - усе прадстаўнікі, як з украінскага, так і з процілеглага боку, не маюць адпаведных паўнамоцтваў, каб прымаць нейкія сур'ёзныя пастановы.

Таму, на мой погляд, адбываецца нейкая імітацыя міратворчага працэсу. З чым гэта звязана? Я думаю, цяпер ідзе зацягванне часу. Паралельна адбываецца працэс стварэння міжнароднага трыбунала аб «Боінгу» МН17 і падрыхтоўка да выбарчага працэсу ва Украіне.

Таму Менскія перамовы адышлі на другі план, і кожны з бакоў іх зацягвае. Ні ўкраінскі бок, ні нашы праціўнікі не гатовыя цяпер да сур'ёзных пастаноў. І тое, што цяпер адбываецца ў Менску, гэта свайго кшталту «пінг-понг», асноўная задача якога - пацягнуць час.

- Які-небудзь іншы фармат перамоваў і выбар іншай пляцоўкі для іх здольныя, на вашу думку, паўплываць на сітуацыю на ўсходзе Украіны?

- Я мяркую, што пункт незвароту яшчэ не пройдзены, і дыпламатычныя метады на гэты момант сябе яшчэ не вычарпалі. Але такая пляцоўка павінна перш за ўсё быць унутрыўкраінскай.

Як паказвае прыклад Нагорнага Карабаха, Прыднястроўя і гэтак далей - міжнародныя дыпламатычныя фарматы далёка не эфектыўныя. І мне б не хацелася, каб Украіна паўтарыла лёс Прыднястроўя або Карабаха, каб праз 15 гадоў у нейкім камфортным горадзе, накшталт Жэневы або Цюрыха - альбо хай нават у Менску - сабралася нейкая кантактная група і зноў нейкае нязначнае пытанне развязала. Але агулам канфлікт бы захоўваўся. Гэтага вельмі б не хацелася.

А тое, што адбываецца цяпер у Менску - усё гэта вельмі нагадвае. Калі мы будзе рухацца і далей такімі ж крокамі - гэта прывядзе да такой сітуацыі, як я апісаў вышэй.

Таму я мяркую, што гэты канфлікт павінен развязвацца ўнутры Украіны. Але гэтаму перашкаджае пазіцыя Масквы - пазіцыя агрэсара, які ўсю гэтую сітуацыю распальвае і працягвае падкідваць палены ў вогнішча.

Таму, з аднаго боку, мы павінны развязваць гэта ўнутрана, але мы не можам гэтага зрабіць, бо супрацьлеглага боку ў самастойным выглядзе няма. Ёсць проста дырэктывы Крамля, якія выконваюцца «лялькамі». Можна іх называць Пушылін, Захарчанка, Платніцкі - а заўтра з'явяцца нейкія новыя «лялькі» з новымі прозвішчамі.

У гэтым асноўная праблема: канфлікт павінен развязвацца ўнутрана, але фактычна, атрымліваецца, што з Масквой. А Масква сама прызнаваць гэтага не хоча. Сама Расея павінна вызначыцца са сваёй пазіцыяй. Іх палітычнае кіраўніцтва заяўляе, што выступае «за адзіную Украіну, за цэласную Украіну», але іх дзеянні супярэчаць іх словам.

Калі Расея будзе сумленнай і прыстойнай у сваіх заявах і дзеяннях, тады мы зможам перайсці да мірнага ўрэгулявання. А тое, што адбываецца цяпер - гэта проста імітацыя. Урэгуляванне павінна быць выключна ўнутрыўкраінскае. І нам, я мяркую, ніякія пасярэднікі тут не патрэбныя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках