6 траўня 2024, панядзелак, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Брытанскае войска павінна абараніць хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе

The Telegraph: Брытанскае войска павінна абараніць хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе

Вялікая Брытанія павінна абараніць хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе, якія пакутуюць ад усё больш агрэсіўнай замежнай палітыкі Расеі.

А менавіта каралеўскія войскі павінны прысутнічаць на тэрыторыі гэтых краін на сталай аснове. На такі крок раяць Лондану наважыцца экспэрты аналітычнага цэнтра Henry Jackson Society, паведамляе The Telegraph. Сёння яны апублікавалі справаздачу, у якой гаворыцца пра тое, што краінам Балтыі неабходная дадатковая абарона ад палітыкі "кіраванага хаосу", якую праводзіць Уладзімір Пуцін усцяж усходніх межаў NATO, піша ZN.ua.

Экспэрты мяркуюць, што ўпершыню за два дзесяцігоддзі перад Вялікай Брытаніяй паўстаў новы дзяржаўны супернік у межах еўрапейскага кантынента. "Замест таго, каб сарамліва адмахвацца ад кантынентальнай Еўропы, Аб'яднанаму Каралеўству трэба перазапусціць сваю еўрапейскую частку міжнароднай палітыкі ў больш рашучым ключы", - мяркуюць сааўтары справаздачы Джэймс Роджэрс і Андра-Лучыя Марцінеску.

Яны адзначаюць, што заканчэнне вайны на Усходзе Украіны, якая ўжо забрала жыцці блізу 7 тысяч чалавек, наўрад ці скончыцца найбліжэйшым часам. У гэты ж час расейскія вайсковыя самалёты і субмарыны сталі частымі няпрошанымі гасцямі ў заходнееўрапейскай паветранай і воднай прасторах. Гэта сведчыць, што напружанне толькі ўзрастае.

Аўтары спасылаюцца на іншую справаздачу пад загалоўкам "Пасля Крыму: брытанская геапалітычная стратэгія ва Усходняй Еўропе", у якой гаворыцца, што Расея пад кіраўніцтвам Пуціна пагражае балтыйскім краінам, а таксама Румыніі і Вялікай Брытаніі, бо Масква спрабуе раскалоць адзінства заходніх краін.

"Відавочна, брытанскаму войску давядзецца пакінуць свой след ва Усходняй Еўропе, прынамсі размясціць на сталай аснове брытанскія войскі на тэрыторыі хаўруснікаў па Альянсу, каб умацаваць абарону і росквіт еўрапейскага кантынента. Гэта частка брытанскай геастратэгічнай абароннай сістэмы", - гаворыцца ў справаздачы Henry Jackson Society.

Аўтары нагадваюць, што краіны Балтыі заклікалі NATO размясціць большы вайсковы кантынгент на сваёй тэрыторыі. І, як адна з самых магутных у вайсковым плане краін Еўропы, Вялікая Брытанія павінна ўзяць на сябе такую адказнасць перад сабой і хаўруснікамі.

Тым часам выданне The Times пісала, што NATO позна стала абараняць саюзнікаў ва Усходняй Еўропе. У Балтыі і Польшчы няма вайсковых баз NATO. Нават вучэнні там не праводзілі. Расея ж успрыняла гэта як слабасць і паводзіла сябе агрэсіўна. У 2007 годзе здзейсніла кібератакі на Эстонію, запусціла прапаганду і падрыўную дзейнасць, у 2009 годзе правяла пад бокам ЕЗ найбольш маштабныя вайсковыя вучэнні "Захад-09" і "Лагада". Сцэнаром манеўраў быў захоп краін Балтыі і ядзерны ўдар па Варшаве.

У сваю чаргу, у адміністрацыі Пуціна назвалі "трызненнем сівой кабылы" магчымасць нападу на краіны Балтыі. Пра гэта сказаў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Іваноў. Ён мяркуе, што краіны Балтыі нібыта адмыслова падкрэсліваюць магчымасць нападу з боку РФ, каб палохаць Захад і "атрымліваць грошы". Але ў гэты ж час, у Дзярждуме РФ хочуць разгледзець правамернасць прызнання незалежнасці краін Балтыі. Дэпутаты сумняваюцца ў законнасці работы дзяржаўнага савета СССР у 1991 годзе. Перагляд пастаноў гэтага органа можа прывесці да фактычнага скасавання прызнання Расеяй незалежнасці краін Балтыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках