27 красавiка 2024, Субота, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Патрэбныя новыя выбары без Лукашэнкі

13
Андрэй Саннікаў: Патрэбныя новыя выбары без Лукашэнкі

Нельга дапусціць міжнароднага прызнання маючага адбыцца ў кастрычніку 2015 выбарчага фарсу.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Сайт charter97.org зрабіў стэнаграму размовы.

- У 1994 годзе перамогу атрымаў, можна сказаць, невядомы чалавек. Ці ў стане сёння беларускае грамадства зрабіць свядомы крок і выбраць новага чалавека?

- У стане. Яно ў стане было і ў 2010 годзе, калі я ўдзельнічаў у выбарах. Людзі сапраўды спадзяваліся, што будуць перамены. Можа, не спадзяваліся, што атрымаецца падлічыць галасы, бо ў нас працуе выдатна арганізаваная сістэма фальсіфікацыі. Але ўсё ж спадзяваліся на перамены, спадзяваліся на другі тур, і вось мой адказ: людзі гатовыя выбраць новага прэзідэнта.

- Гэта значыць, можна сказаць, што мы яшчэ не выйшлі з папярэдніх выбараў 2010-га года? Хоць Статкевіча вызвалілі, Міхалевіч вярнуўся.

- З юрыдычнага пункту гледжання - так, мінулыя выбары не скончаныя, бо павінен быў адбыцца другі тур. Але мы не выйшлі не з прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года, мы яшчэ не выйшлі з дыктатуры. І вось пра гэта трэба казаць, пра тое, якім можа быць выйсце. Мы прапаноўвалі выхад у 2010-м годзе. На Плошчы 19 снежня была ўся Беларусь, якая дэлегавала тым дзясяткам тысяч права аспрэчыць гэтыя выбары і патрабаваць пераменаў. Таму вось аб гэтым мы павінны цяпер казаць: аб тым, што існаванне дыктатуры пагаршае жыццё грамадзян. Пра тое, што будзе яшчэ складаней, калі гэта будзе цягнуцца.

- Вы ўспамінаеце Плошчу, і мы не можам не закрануць вашу кнігу, нават дазволім сабе прачытаць вытрымкі з гэтай кнігі. Гэта «Беларуская амерыканка ці выбары пры дыктатуры» і тут вядзецца размова як раз пра Плошчу: «У той момант я падумаў: калі павярну, усё скончыцца. Я кандыдат у прэзідэнты. Пакажу спіну - здраджу сабе і людзям. І я ступіў насустрач шчытам...». Ці зрабілі б вы сёння такі крок?

- Я зрабіў тады гэты крок, пасля гэтага я быў збіты і апынуўся ў турме КДБ. І сёння так зрабіў бы, калі б быў кандыдатам, сапраўдным кандыдатам у прэзідэнты.

- Вы падкрэсліваеце слова «сапраўдны». Маеце на ўвазе, што тыя кандыдаты, якія сёння выступаюць, гэта значыць, тыя, якіх могуць зарэгістраваць, як кандыдатаў, яны несапраўдныя?

- А няма кандыдатаў. На маю думку, кандыдат - той, хто хацеў бы змяніць нешта ў краіне, хацеў бы пазбавіцца ад дыктатуры, хацеў бы прапанаваць людзям лепшае жыццё. І меў на гэта ўсе падставы - каб звярнуцца да людзей, як мы гэта рабілі ў 2010-м годзе. Так што няма кандыдатаў. Гэта нават не падтанцоўка нейкая, гэта нават не пешкі, гэта шашкі.

- Не хочацца казаць агульна, бо ёсць прозвішчы і людзі, можа пройдземся канкрэтна па тварах?

- Не пройдземся. Няма кандыдатаў - няма выбараў. Я не абмяркоўваю выбары, мне яны не цікавыя.

- Аднак выбары будуць.

- Гэта будуць не выбары. І я вельмі рады, што калі вызваліўся Мікалай Статкевіч, ён сказаў пра гэта. Вельмі рады, што з'явілася надзея, што апазіцыя вернецца да таго, што яна дэкларавала ў 2011-2012 гадах, калі я і Мікалай Статкевіч былі ў турме. Новыя выбары без Лукашэнкі - гэта нармальная стратэгія, і гэта трэба рабіць, бо гэтую стратэгію падтрымаюць людзі.

- Аднак якімі вы бачыце гэтыя выбары без Лукашэнкі? Гэта сёння гучыць як фантастыка. Ён ва ўладзе больш за 20 гадоў.

- Ён нелегітымны, трэба на гэта заўсёды рабіць акцэнт. І тое, што цяпер апазіцыя сведчыць, што выбары сфальсіфікаваныя - гэта і ёсць частка стратэгіі. Паверце мне, цяпер будзе вельмі складанае становішча. І нават калі гэтае шоў адбудзецца, нават калі будзе нейкае прызнанне...

- Безумоўна адбудзецца - выбары прызначаныя.

- Я не ведаю, што адбудзецца, давайце не будзем загадваць. Нават калі будзе нейкае прызнанне, а мы ведаем, што ёсць людзі, якія працуюць на гэта прызнанне і за межамі Беларусі, гэта не палепшыць становішча ў эканоміцы. Будзе крызіс, і можа нават калапс. Лукашэнка спадзяецца: «Цяпер выбары прызнаюць, я буду больш гандляваць з Еўропай, кантрабандай займацца, як ужо больш-менш прызнаны». Не, гэтага не адбудзецца, грошай не будзе хапаць. Таму што ён не будзе рэфармаваць эканоміку, ён не здольны на гэта. Усё, што будзе адбывацца, - гэта ўмацаванне карнага апарату. Таму што краіна Лукашэнку ўжо не ўспрымае.

- І ў гэтым выпадку адбудзецца Плошча?

- Можа, адбудзецца Плошча, а, можа, яшчэ што-небудзь.

- Ці патрэбна Беларусі Плошча?

- А чаму не? Я вельмі ўдзячны Мікалаю Статкевічу, што ён сказаў пра Плошчу. Бо да гэтага часу толькі я і мая каманда казалі, што гэта быў годны момант у нашай гісторыі. Гэта было паўстанне, і яно застанецца як светлы момант у гісторыі.

- Хто можа паўтарыць гэты, як вы кажаце, светлы момант?

- Ведаеце, усё адбываецца нечакана. Калі рыхтаваць - то гэта можа адбыцца. Мы заўсёды кіраваліся негвалтоўнымі мірнымі прынцыпамі. А мірныя прынцыпы - гэта выбары. Я падтрымліваю выбары, але сапраўдныя выбары. Калі мы зможам пад міжнародным кантролем падлічыць галасы апанентаў, якія кінуць выклік гэтай дыктатуры.

- Усё ж, вы не выключаеце дапамогу Захаду ў гэтай сітуацыі.

- Што б рабіла Украіна без дапамогі Захаду? Дзе б яна цяпер апынулася, калі б Захад сказаў: «Гэта не наша справа - разбірайцеся самі».

- Аднак, беларусы, я маю на ўвазе электарат, сітуацыю ва Украіне ацэньваюць не вельмі добра. Гэта значыць, іх такі сцэнар усё ж не задавальняе.

- Я пагаджуся, што спачатку, калі пачалася гэтая вайна, расейская агрэсія, было негатыўнае стаўленне. Але цяпер беларусы бачаць, што іх эканамічнае становішча пагаршаецца. І бачаць, што Еўропа змагаецца з Расеяй за Украіну.

- Якая тактыка выратавала б кампанію-2015, якую вы не прызнаеце?

- Выбараў няма. А вось тактыка - гэта змагацца за нелегітымнасць гэтых выбараў.

- А якім чынам? Гэта павінен быць байкот?

- Так, байкот.

- Аднак, ён не законны ў нашай краіне.

- Хто сказаў, што гэта незаконна? Не паўтарайце глупстваў, бо гэта супярэчыць Канстытуцыі. Прымат міжнароднага права, які зафіксаваны нават у гэтай лукашэнкаўскай Канстытуцыі з усімі папраўкамі. І гэта значыць, што мы маем права мяняць сваю ўладу. Гэта значыць, што маем права дзейнічаць падчас выбараў так, як мы хочам.

Я хацеў бы падкрэсліць: байкот - гэта законна. Незаконна тое, што цяпер спрабуюць абвясціць гэта незаконным. Лукашэнка не толькі імкнецца дасягнуць нейкага прызнання на Захадзе, але ён імкнецца (і гэта галоўнае) пазбавіць апазіцыю, народ суб'ектнасці. Захаду і міжнародным партнёрам Беларусі хочуць падсунуць гэты падман, якія цяпер з'явіўся.

- Каго вы ўважаеце за падман?

- Усіх, хто ўдзельнічае ў гэтых выбарах, у тым ліку і Лукашэнку, бо гэта не кіраўнік дзяржавы, а фэйк.

- Вы прапаноўвалі альбо байкот, або адзінага кандыдата Статкевіча. Чаму апазіцыя не аб'ядналася вакол яго?

- Аб'ядналіся. Цяпер Статкевіча падтрымліваюць у тым, што ён робіць. І гэта можа быць сцэнарам, бо патрабаванне новых выбараў з удзелам Статкевіча - гэта годнае нармальнае патрабаванне. І я б падтрымаў гэта. Як гэтага дасягнуць - гэта іншая справа. Але Статкевіч - гэта сапраўды апазіцыя, а ўладу можна памяняць толькі праз апазіцыю.

- Тое, што сёння прапануе апазіцыя, якая аб'ядналася вакол Статкевіча - гэта так званыя вулічныя акцыі пратэсту і першая адбудзецца ўжо сёння.

- Не, не толькі. Вулічныя акцыі - гэта форма. Апазіцыя правільна сказала: выбары сфальсіфікаваныя, выбараў няма. Патрабуем новыя выбары - вось, што прапануе апазіцыя, а не вулічныя акцыі. Гэта форма, гэта пэўны інструмент.

- Вы ўпэўненыя, што яго пачуюць?

- Я ўпэўнены, што пачуюць. Мы гэта бачылі яшчэ ў 2010 годзе.

- Аднак якога эфекту варта чакаць ад гэтай заявы?

- Апазіцыя павінна прытрымлівацца прынцыпаў. І гэтыя прынцыпы дапамогуць Беларусі, а не рэшта гэтых прынцыпаў. Таму абвясціць, што мы гатовыя пайсці на новыя выбары пад міжнародным кантролем - гэта і ёсць нармальны падмурак для далейшых дзеянняў. А далей трэба глядзець і абмяркоўваць, што рабіць.

- Аднак гэтыя акцыі, пра якія кажа Статкевіч - гэта ў нейкай ступені выклік уладам.

- Усякая акцыя - выклік уладам.

- А ўлада ведае, як рэагаваць на такія заявы?

- Улада рэагуе заўсёды адным чынам. Давайце паглядзім, як рэагавала ўлада на пахаванне Алеся Чаркашына. Гэта паказчык таго, чым ёсць сённяшняя ўлада. Калі КДБ не тое, што цікавіцца, а цісне на людзей, нават на сям'ю загінулага героя - гэта і ёсць паказчык. Як улада рэагавала на футбольных заўзятараў, якія вярталіся ў Беларусь з Львова, - гэта паказчык.

- Вы падтрымліваеце Мікалая Статкевіча ў ягоных дзеяннях. А самі вы збіраецеся далучыцца да гэтай барацьбы, а можа і вярнуцца ў Беларусь?

- Я не збіраўся з'язджаць з Беларусі. Таму ваша пытанне недарэчнае.

- Мы цяпер абмяркоўваем не прычыны, чаму вы з'ехалі. Далучайцеся вы да гэтай барацьбы?

- Я таму і з'ехаў, што б прадаўжаць сваю працу. Я б вельмі хацеў, каб у Беларусь вярнуліся Генадзь Карпенка, Юрый Захаранка, Віктар Ганчар. Але гэтага не адбудзецца, і мы ведаем чаму. Таму што яны забітыя. Забітыя гэтым рэжымам, калі ён яшчэ не быў такім упэўненым. Цяпер стала яшчэ горш. І вось гэта адказ на ваша пытанне.

- Ці павінен сёння палітык баяцца за сваё жыццё?

- Павінен ведаць, што ёсць небяспека для жыцця. Кожнаму вызначаць. Ёсць рызыкі, на якія трэба ісці. Заўсёды трэба ісці. Без рызык нічога не атрымаецца.

- Сённяшняя апазіцыя гатовая ісці на гэтыя рызыкі? Тая, якая знаходзіцца ў Беларусі?

- Гатова шмат людзей. І таму я кажу, што цяпер нам патрэбен байкот. Трэба паказаць, што ва ўладаў няма падтрымкі. Байкот патрэбен тым людзям, якія ахвяруюць, якія сёння рызыкуюць. Нельга гуляць у гульні з дыктатурай.

- Цяжкі досвед паслявыбарнай пяцігодкі, наогул усіх гэтых гадоў дыктатуры... Апазіцыя змагла зрабіць высновы?

- Што значыць змагла? Я мяркую, што апазіцыя была і засталася. Што толькі праз апазіцыю мы можам выйсці на якія-небудзь канструктыўныя рэчы, у тым ліку трансфармацыю гэтага рэжыму ці дэмантаж рэжыму.

- Аднак, на сённяшні момант, ці ўважаеце вы, што ў беларускай апазіцыі наступіў момант разладу, такога, што аб'яднацца ўжо будзе немагчыма.

- Як гэта немагчыма? А вось тое, што цяпер розныя людзі прыйшлі на прэс-канферэнцыю, выразна сказалі, што не прызнаюць гэтыя выбары, што Анатоль Лябедзька, які спрабаваў удзельнічаць у «выбарах», далучыўся да гэтых людзей? І гэта вельмі добра, бо ён адчуў, што людзі не цікавяцца гэтымі «выбарамі» і сумленна сказаў пра гэта. Што, ён не змог бы сабраць гэтыя подпісы? Змог бы, бо АГП - даволі вядомая партыя. Проста няма ніякай зацікаўленасці. Таму нельга ўдзельнічаць у гэтых гульнях, пакуль не адбудуцца сапраўдныя выбары.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках