28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Выбары» будуць сфальсіфікаваныя

10
Алесь Бяляцкі: «Выбары» будуць сфальсіфікаваныя
Алесь Бяляцкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Беларускі праваабаронца ўзяў удзел у «Форуме 2000» у Празе.

Алесь Бяляцкі раскрытыкаваў цяперашнюю тактычную няшчырую дэмакратыю ў Беларусі, піша сайт ПЦ «Вясна».

Распачаты 13 верасня ў Празе «Форум 2000» у гэтым годзе прысвечаны пытанням дэмакратыі і навучання. Адкрывалі канферэнцыю дырэктар фонду «Форум 2000» Якуб Клепал і навуковец Іван Гавэл, брат нябожчыка экс-прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, які з'яўляўся ініцыятарам «Форуму 2000» у другой палове 1990-х гадоў.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця пра сітуацыю ў сваіх краінах распавялі запрошаныя госці - Ліліян Цынтары, жонка зняволенага венесуэльскага апазіцыянера, азербайджанская палітолаг Лэйла Аліева і беларускі праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» ў сваім выступе ўказаў на неабходнасць пашырэння Еўрапейскага Звязу на ўсход і раскрытыкаваў цяперашнюю «няшчырую» дэмакратыю ў Беларусі - тактыку аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які хоча стаць прэзідэнтам пятым разам.

«Менш, чым месяц таму ў Беларусі былі вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. Рэжым адступіў - пасля ціску еўрапейскай супольнасці, пасля пратэстаў у самой краіне - зрабіў паўкроку назад. Але гэта тактычная саступка, тактычная перамога. Праз месяц у Беларусі будуць праходзіць чарговыя «прэзідэнцкія выбары», і Лукашэнка ідзе пяты раз на іх. І мы не сумняваемся, што «выбары» будуць сфальсіфікаваныя. Лукашэнка будуе фасадную дэмакратыю, і гэтаму нельга верыць», - сказаў Алесь Бяляцкі.

Таксама праваабаронца нагадаў аб замежных пагрозах для Беларусі: «Апошнія два гады мы назіраем, як развіваецца канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Анэксаваны Крым, ідзе практычна вайна на Данбасе. Расея прадаўжае нарошчваць імперыялізм, і ўзнікае пытанне: хто наступны?»

У гэтым годзе ў канферэнцыі возьмуць удзел больш за 150 дэлегатаў з дзясяткаў краін. Сярод ключавых тэм, вынесеных на абмеркаванне - магчымасці навучання дэмакратыі ў рэгіёнах, якія не маюць дэмакратычных традыцый, пытанні, звязаныя з бежанцамі і «Ісламскай дзяржавай», а таксама роля эканамічнай пісьменнасці ў дэмакратычных рэформах.

Разам з Вацлавам Гаўлам ініцыятарамі канферэнцыі «Форум 2000» былі пісьменнік і праваабаронца Элі Візэль і японскі філантроп Ёхеі Сасакава, яны хацелі стварыць прастору, дзе б асобы сусветнай велічыні маглі збірацца, каб прааналізаваць выклікі новага тысячагоддзя. Больш за 700 персон, у тым ліку Далай-лама, дысідэнтка Аўн Сан Су Чжы з М'янмы і былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан узялі ўдзел у канферэнцыі цягам апошніх 18 гадоў. Як заявіў на цырымоніі адкрыцця Якуб Kлепал, колькасць запрошаных дэлегатаў, якія не могуць прыехаць у Прагу з палітычных прычын, расце з кожным годам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках