5 траўня 2024, Нядзеля, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO адкрывае шэсць штабоў у краінах Усходняй Еўропы

NATO адкрывае шэсць штабоў у краінах Усходняй Еўропы

Задачай апорных пунктаў NATO ва Усходняй Еўропе стане планаванне і каардынацыя вучэнняў падраздзяленняў сіл хуткага рэагавання.

NATO адкрывае шэсць новых штабоў у дзяржавах Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у альянс, паведамляе Deutsche Welle. «Мы чакаем, што да саміту NATO ў ліпені будучага года ўсе яны будуць прыведзеныя ў стан поўнай баявой гатоўнасці», - цытуе агенцтва dpa афіцыйнага прадстаўніка альянсу ў аўторак, 1 верасня.

У кожным з новых штабоў, якія пачынаюць сваю працу ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Румыніі і Эстоніі, будуць дыслакаваныя блізу 40 вайскоўцаў, прычым палова з іх будуць складаць прадстаўнікі войска адпаведнай дзяржавы. Асноўнай задачай гэтых апорных кропак NATO ва Усходняй Еўропе стане планаванне і каардынацыя вучэнняў падраздзяленняў сіл хуткага рэагавання альянсу.

Акрамя таго, іх разглядаюць, як недвухсэнсоўны сігнал прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну. У постсавецкіх краінах Балтыі асцерагаюцца, што Масква можа паспрабаваць распаўсюдзіць свой уплыў і на іх тэрыторыю.

Напружаныя стасункі з Расеяй прымушаюць камандаванне амерыканскага войска нарошчваць лік баз захоўвання вайсковай тэхнікі ў Еўропе. Як заявіў 1 верасня камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс, будзе адноўленая дзейнасць вайсковай базы «Казармы Коўлман» (Coleman Barracks) у нямецкім Мангейме. З яго слоў, там будуць размешчаныя прыкладна 1200 адзінак вайсковага аўтатранспарту і іншай тэхнікі, уключаючы 250 танкаў. З Нямеччыны гэтая тэхніка можа быць хутка перакінутая ў любую кропку Еўропы.

Ходжас мяркуе, што гэта часовая мера: склады ў Мангейме будуць выкарыстоўвацца пакуль ідзе пошук месцаў для базавання амерыканскай вайсковай тэхнікі ў краінах Балтыі, Польшчы, Вугоршчыны, Румыніі і Балгарыі. У лютым 2015 амерыканцы, у сувязі са скарачэннем сваёй вайсковай прысутнасці ў Еўропе, пачалі працэс перадачы «казармаў Коўлмана» нямецкім уладам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках