18 траўня 2024, Субота, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катэдж замест турмы: як сын Бакіева забудаваўся ў Раўбічах

27
Катэдж замест турмы: як сын Бакіева забудаваўся ў Раўбічах

45-гадовы Марат Бакіеў, які адшукваецца Інтэрполам, усяліўся ў шыкоўны асабняк пад Менскам.

Вёска Раўбічы пад Менскам стала сімвалам не толькі поспехаў беларускага біятлону і канцэнтрацыі элітнай забудовы. Сёння яна набывае яшчэ адну характэрную асаблівасць: тут усё часцей можна сустрэць людзей з разнастайных «чорных спісаў».

У пятніцу «Радыё Свабода» распавяло пра самага заможнага жыхара не толькі Раўбічаў, але і ўсёй Беларусі - алігарха Уладзіміра Пефціева. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ён патрапіў у «чорны спіс» Еўразвяза за фінансаванне рэжыму Лукашэнкі, які жорстка абыходзіцца са сваімі апанентамі. Атрымаўшы вымушаную паўзу, бізнэсовец пераключыўся на развязанне жыллёвага пытання і не так даўно справіў наваселле ў доме прэміум-класа на ўскраіне Раўбічаў.

А на першай (калі лічыць ад трасы на аэрапорт) лініі катэджнага пасёлка, які паступова паглынае ранейшую вёску, абжываецца ў новых апартаментах фігурант іншага спісу - інтэрполаўскага. Гэта 45-гадовы Марат Бакіеў, старэйшы сын былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, зрынутага ў выніку народных хваляванняў у красавіку 2010 года. На радзіме былы супрацоўнік кіргізскіх спецслужбаў завочна асуджаны на 20 гадоў калоніі.

У Беларусі Марат Бакіеў з жонкай і сынам з'явіўся пяць гадоў таму ў суправаджэнні бацькі, дзядзькі і іншых асоб, набліжаных да былога кіраўніку Кыргызстана. Пасля пратэстаў 2010 года супраць карумпаванасці дзяржаўнай улады Генпракуратура Кыргызстана ўключыла Марата Бакіева пад №4 у афіцыйны спіс асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці паводле абвінавачвання ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і забойстве мітынгоўцаў на плошчы Ала-Тоа ў Бішкеку. Падчас сілавога разгону ён быў адным з кіраўнікоў Савета нацыянальнай бяспекі краіны (аналаг беларускага КДБ).

Спачатку Бакіевы жылі на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка: у адным з жылых карпусоў тут абсталяваныz прэзідэнцкія апартаменты, якія займаюць увесь другі паверх элітнага гатэля «Плаўна». Але пасля таго? як у жніўні таго ж года Аляксандр Лукашэнка фактычна «падарыў» грамадзянства сямейству бежанцаў, бакіеўскі клан ўзяўся за вырашэнне жыллёвага пытання. Кіраўнік роду атрымаў плошчу ў «прэзідэнцкім раёне» Веснінка, дзе забудаваліся практычна ўсе вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі. Дзеці захацелі жыць асобна, пагадзіўшыся на больш сціплы варыянт у Раўбічах.

Адзін з майстроў рамонтнай брыгады распавёў, што заказ на поўнае пераабсталяванне дома ў Раўбічах прыйшоў з паметкай «тэрмінова». Пры тым, што на той момант будынак быў зусім новы і яшчэ літаральна пах фарбай. У колькі абышлася купля - можна хіба здагадвацца, але папярэдні гаспадар толькі за зямельную плошчу заплаціў 50 тысяч даляраў. Само сабой, гэтая сума была ўнесеная ў кошт.

Суразмоўца распавядае, што працавалі амаль без перакураў, і праз тры месяцы ад першапачатковага варыянту мала што засталося. Пры гэтым заказчык ніводнага разу не прамарудзіў з аплатай, даваў грошы наперад, аператыўна развязваючы ўсе праблемы будаўнікоў. Ужо ў новым доме нарадзіўся другі сын (старэйшаму - гадоў 20). Для малодшага ва ўнутраным двары адноўленая дзіцячая пляцоўка з разнастайнымі забаўкамі. За тэрыторыяй, нават за плотам, старанна даглядаюць.

Мясцовыя кажуць, што да Марата Бакіева часцяком наведваюцца сваякі, якія асабліва не «свецяцца», а спяшаюцца праскочыць у аўтаматычныя вароты. Сярод іх пазнаюць бацьку Курманбека з другой жонкай і маленькімі дзецьмі і дзядзьку Жаныбека.

Ужо ў Беларусі былы «гэбіст» Марат Бакіеў вымушана змяніў род заняткаў. Паводле інфармацыі кіргізскіх СМІ, праз кіпрскую кампанію сваёй жонкі ён стаў саўладальнікам загараднага клуба пад Менскам. Здабыткам галоснасці стаў здымак Марата з сынам на руках у забаўляльным цэнтры. Таксама Бакіеў мае дачыненне да паставак беларускага цукру ў Кыргызстан. Ёсць у новага бізнэсоўца і ўласны офіс, які размяшчаецца ў будынку канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Разам з бацькам-прэзідэнтам, дзядзькам Жаныбекам і малодшым братам Максімам Марат Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Усе завочна абвінавачаныя паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за саўдзел у масавых забойствах. Падчас следства пачалі ўсплываць і іншыя факты злоўжывання ўладай. Акрамя падзей у красавіку 2010 года, за якія Курманбека Бакіева завочна асудзілі на 25 гадоў турмы, у 2013 годзе ён атрымаў яшчэ 24 гады - за арганізацыю заказных палітычных забойстваў. Ягоны брат Жаныбек, экс-намеснік старшыні службы Нацыянальнай бяспекі, мае адразу два пажыццёвыя тэрміны - за забойства маніфестантаў і за арганізацыю ўзброеных фармаванняў.

Двойчы пажыццёва і з канфіскацыяй маёмасці асуджаны Максім Бакіеў - некалі адзін з найбагацейшых людзей Кыргызстана, экс-кіраўнік Цэнтральнага агенцтва развіцця, інвестыцый і інавацый. Апаненты Бакіева сцвярджаюць, што ніводзін бізнэс-праект нельга было прыняць без асабістага адабрэння з боку Максіма Бакіева. Суд абвінаваціў яго ў незаконнай прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці на дзясяткі мільёнаў даляраў. Ад пакарання ён хаваецца ў Вялікай Брытаніі, дзе атрымаў статус бежанца.

На гэтым фоне былы супрацоўнік кіргізскіх спецслужбаў Марат Бакіеў абышоўся лёгкім спалохам - усяго 20 гадоў калоніі. Але ва ўсякім выпадку катэдж пад Менскам - непараўнальна лепшая замена турме.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках