25 красавiка 2024, Чацвер, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў клічуць на мітынг супраць расейскай авіябазы

3

Акцыя пройдзе 4 кастрычніка ў Менску на плошчы Свабоды ў 17 гадзін.

Прадстаўнікі апазіцыйных партый і шэрагу грамадскіх арганізацый заклікалі беларусаў выйсці на мітынг супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Сход запланаваны на 4 кастрычніка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы можа быць падпісаная найбліжэйшым часам. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», - сказана ў заяве пад назвай «За Беларусь без чужых вайсковых баз».

Заяву падпісалі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка.

Далучыцца да заявы далі згоду таксама сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец, актывісты «Маладога фронту» і прадстаўнікі беларускай жаночай партыі «Надзея».

Падпісанты заявы мяркуюць, што размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі замежнай вайсковай базы супярэчыць 18 артыкулу Канстытуцыі Беларусі, згодна з якім Беларусь імкнецца да нейтралітэту. Са слоў аўтараў ініцыятывы, Аляксандр Лукашэнка «не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, не мае права падпісваць дакументы і прымаць пастановы, якія вызначаюць лёс беларускага народа».

Народны сход супраць расейскай вайсковай базы прапанавана правесці ў рамках выбарчай кампаніі 4 кастрычніка 2015 г у Менску на плошчы Свабоды ў 17 гадзін.

На думку падпісантаў, тэкст заявы «За Беларусь без чужых вайсковых баз» будзе змешчаны ў інтэрнэце і адпраўлены ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку, у Мінабароны і адміністрацыю Лукашэнкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках