16 красавiка 2024, aўторак, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Парфянкоў - творца гісторыі

8

Мы маем выбар: альбо быць творцамі, альбо ахвярамі гісторыі.

Былы палітвязень з Беларусі Васіль Парфянкоў ваяваў у складзе валанцёрскага батальёна АУН з пачатку зімы, а 13 верасня наткнуўся на «расцяжку» пад Пяскамі. Спачатку яго даставілі ў рэанімацыю Днепрапятроўскай бальніцы, потым - у Адэсу. Асколак ад міны не закрануў артэрыю, але моцна параніў нагу і сцягно - на лячэнне спатрэбіцца блізу месяца. Цяпер Васілю палягчэла, валанцёры кормяць яго, дапамагаюць выходзіць на вуліцу. Парфянкоў вельмі ўдзячны валанцёрам, медыкам, а таксама беларускім паплечнікам за неабыякавасць. Журналісты «Радыё Свабода» праехалі з актывістамі з Менска да поўдня Украіны, каб наведаць Васіля ў бальніцы.

Прыбыўшы на досвітку, яны адразу пайшлі ў Адэскі вайсковы шпіталь, у аддзяленне хірургіі і траўматалогіі. Медыцынскія сёстры паказалі палату, дзе ляжыць Васіль.

Пакуль ішлі па калідоры, бачылі іншых параненых байцоў: хтосьці сядзіць, прыхінуўшыся да сцяны, утаропіўшы позірк у бальнічную прастору, хтосьці ідзе на мыліцах, зусім малады хлопец з ампутаванай нагой размаўляе праз тэлефон: «Ты разумееш, калі ты гэта зробіш - ты мне больш не сябар!». Столькі розных лёсаў, столькі драм у адным памяшканні.

У сёмай палаце ляжаць двое: баец Узброеных сіл Украіны Юры і Васіль Парфянкоў. Ён задаволены, што да яго ўпершыню прыехалі беларусы. На шыі ў Васіля - катэтар ад кропельніцы і жэтон з пазыўным «Сябра» і чырвона-чорнай эмблемай АУН.

- Медыкі тут вельмі кваліфікаваныя, робяць усё, што трэба, абязбольваюць, калі спатрэбіцца... Валанцёры штодня прыносяць гарачую ежу, садавіну, салодкае. Дзеткі з мясцовай школы прыносілі нам паштоўкі з пажаданнямі выздараўлення, - распавядае Васіль.

У той дзень, 13 верасня, яны з двума байцамі пайшлі ў выведку. Іх заўважылі сепаратысты і пачалі страляць з кулямёта, аднаго байца цяжка параніла. Тады яны з іншым байцом пачалі цягнуць хлопца назад і падарваліся на «расцяжцы».

- «Расцяжку» амаль немагчыма ўбачыць, бо трава там па пояс. А мы яшчэ і Шульца [параненага хлопца] цягнулі - часу глядзець пад ногі не было, - тлумачыць Васіль.

- Скажыце, а чаму вы пайшлі менавіта ў АУН?

- Спачатку, як прыехаў у Кіеў, сустрэўся там з Вячаславам Сіўчыкам, ён многіх ведае... Праз яго выйшаў на Каханіўскага, камандзіра АУН, і паехаў у раён Пяскоў. Каханіўскі карыстаецца вялікім аўтарытэтам у нашых байцоў, яго паважаюць не менш за Яраша.

- Нудзіцеся па Радзіме?

- Так, натуральна. Я люблю Беларусь, у мяне там засталіся сябры, родныя, з Беларуссю шмат звязана... Пакуль там Лукашэнка, мы не зможам вярнуцца, бо заведзеныя крымінальныя справы. Але добра, што ў мяне і ў іншых беларусаў, якія ваююць, ёсць магчымасць цяпер атрымаць украінскае грамадзянства. Тады будзе ўжо не так страшна, што могуць дэпартаваць.

- А што вы збіраецеся рабіць, калі выйдзеце з лякарні?

- Некалькі тыдняў я планую правесці з сям'ёй, а потым - у батальён. Вайна не скончаная. Акупанты гэтага часу топчуць украінскую зямлю, на што не маюць ніякага права.

Васіль кажа, што падчас прымірэння баевікі сапраўды некаторы час не стралялі. Напрыклад, 1 верасня, падчас школьных лінеек, абодва бакі прытрымліваліся рэжыму цішыні.

- Шчыра кажучы, падчас «цішыні» было сумна. Займаліся ў асноўным зямельнай працай, капалі бліндажы, акопы.

У канцы гутаркі ў Васіля зазваніў тэлефон - з ім звязалася маці Міхаіла Жызнеўскага, беларуса, які загінуў на Майдане. Ніна Васільеўна пыталася пра здароўе Васіля, наказвала берагчы сябе. Дарэчы, яна сябруе з маці Алеся Чаркашына, які загінуў у Данбасе 28 жніўня.

- Узброеныя сілы Украіны кажуць, што адзін-два вайскоўцы гінуць, а на самай справе іх дзесяткі, - заўважае Васіль Парфянкоў. - Але мірных забіваюць яшчэ, калі «Градам» страляюць. А ім што, яны ж не ведаюць, хто страляе. У Пясках усе каналы тэлевізіі - сепаратысцкія. Бывае, і па іх праўду кажуць. Праўду, змешаную з хлуснёй. Людзі ўжо развучыліся адрозніваць.

Валанцёрка, якая апякуецца Парфянковым і ўкраінскімі байцамі ў бальніцы, мае пазыўны «Спадарыня Глорыя», яе клічуць Людміла. Вясёлая і энэргічная, яна вяртае параненым жыццёвыя сілы. Кожны абед яна рыхтуе не толькі для ўласнай сям'і, але і для іх таксама. Сёння «Спадарыня Глорыя» прынесла Васілю велізарны...

У інтэрв'ю Людміла распавядае, што ў валанцёрскай арганізацыі ёсць афіцыйны офіс і пастаянны штат супрацоўнікаў. Сама яна стараецца праводзіць па 4 гадзіны ў дзень з параненымі. Гэта пры тым, што працуе.

- Я запісалася ў актывісты яшчэ да падзей 2 траўня ў Адэсе, адчула патрэбу паўплываць нейкім чынам на сітуацыю. Пазней мы пачалі збіраць грошы для АТА, людзі адвозілі іх байцам. Таксама куплялі адзенне, новую форму... З Васілём я пазнаёмілася, калі мне патэлефанаваў Каханіўскі і сказаў, што хлопцы трапілі ў бяду. Вядома, я ўсё кінула і адправілася ў шпіталь.

Падышоў мужчына, які назваўся бацькам Шульца. Высветлілася, што менавіта яго 19-гадовага сына Васіль Парфянкоў выцягнуў з-пад абстрэлу.

- Для мяне Васіль як сын», - кажа мужчына.

Яны прайшлі ў палату да Ігара. Відаць, што той атрымаў цяжкую траўму - у нагу устаўленыя жалезныя пруты. Лекары прагназуюць інваліднасць, на частковую папраўку сыдзе мінімум год.

Над самым ложкам Васіля Парфянкова вісіць дзіцячы малюнак - паштоўка ад гімназістаў. Буслы на фоне ранішняга сонца і надпіс: «Я за мір».

«Спадарыня Глорыя» прынесла ў бальніцу свежы нумар газеты-ўлёткі, прысвечанай жыццю добраахвотнікаў. Словы, надрукаваныя на першай паласе: «У вялікай сусветнай драме нашых дзён мы маем выбар: альбо быць творцамі, або ахвярамі гісторыі».

Шкада, што так часта творца і ахвяра - адно і тое ж.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках