24 красавiка 2024, Серада, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Пустыя ўчасткі стануць для Лукашэнкі катастрофай

8
Анатоль Лябедзька: Пустыя ўчасткі стануць для Лукашэнкі катастрофай
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА
ФОТА: RFE/RL

Галоўная праблема ўлады - гэта прыход выбарцаў.

Пра асаблівасці цяперашняй «выбарчай» кампаніі піша на блогу на сайце «Беларускія навіны» старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

1. Гэта першая за 20 гадоў прэзідэнцкая кампанія, якая не распаляе і практычна не цікавіць масавага выбаршчыка. Нават у фанатаў клуба імя Лукашэнкі не гараць вочы. Папярэднія, безумоўна, былі падзеяй, якая стварала палітычную інтрыгу. Яна спараджала ў людзей надзею, чаканне, матывавала галасаваць, а самых актыўных - нават абараняць свой выбар.

2. Плошча як пратэст людзей супраць несумленных, несвабодных выбараў, не стаіць у парадку дня выбарчай кампаніі. Яна, у адрозненне ад двух папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній, не разглядаецца як інструмент ціску на ўладу і змены сітуацыі. Зарэгістраваныя «кандыдаты» публічна адмежаваліся, адхрысціліся ад Плошчы. Шмат у чым гэта ёсць следства апатыі і ўкраінскіх падзей.

3. Гэта першая прэзідэнцкая кампанія, калі у Лукашэнкі няма грошай на масавы подкуп выбаршчыка. Ну, не лічыць жа такім 5% надбаўку да пенсіі, якая нават у пенсіянераў выклікае не ўсмешку, а лёгкі ашчэр!

4. Упершыню існуе імавернасць павелічэнне замежнай і памяншэнне ўнутранай легітымацыі (прызнання) вынікаў прэзідэнцкай кампаніі.

5. Сярод прыхільнікаў пераменаў выразна праявілася лінія размежавання. Частка апазіцыі, экспэртнай супольнасці мяркуе, што ў гэтую сістэму можна і трэба ўбудоўвацца. Іншая стаіць на пазіцыі, што гэтую сістэму трэба мяняць з дапамогаю сумленных, свабодных выбараў і новага эканамічнага курсу!

Апаненты ўлады:

Ёсць два цяжкавагавіка, з якімі ўладзе бадацца вельмі няпроста. Першы - гэта эканамічны і фінансавы крызіс. Крызіс кропкавы і адчувальна б'е па слабых месцах выбаршчыка - кашальку і страўніку. Калі прыняць да ўвагі, што ў шматлікіх страўнік - гэта орган, адказны за прыняцце палітычных пастаноў, то гэта рэальная рызыка і пагроза для ўлады.

Крызіс робіць з Лукашэнка балбатуна, які абяцаў заробак 1000 даляраў, а ў рэальнасці - не больш за 350. Крызіс узмацняе псіхалагічную стомленасць ад адной асобы, што мітусіцца на ТВ 21 год. Крызіс агаляе некампетэнтнасць, непрафесіяналізм «уладнай вертыкалі». Крызіс павялічвае колькасць прыхільнікаў пераменаў нават ва ўмовах негатыўнага ўздзеяння падзей, якія адбываюцца ва Украіне.

Другі апанент - крызіс выбарчай мадэлі. Прэзідэнцкая кампанія перастала быць падзеяй, вакол якой круціцца краіна і якой жыве больш за сем мільёнаў выбаршчыкаў. У лазні, у грамадскім транспарце, на лаўцы ля пад'езда кажуць пра што заўгодна, пра кошты, заробкі, пра беспрацоўе, пра чыноўнікаў-карупцыянераў, але толькі не пра выбары. Адзінае выключэнне - гэта прэса (уся) ды сацыяльныя сеткі, але як толькі ты пакідаеш гэтую прастору, ты нібы трапляеш у іншы свет!

Крызіс выбарчай мадэлі адчуваецца ў дзеяннях, рыторыцы арганізатараў «выбараў». Упершыню пасля завяршэння збору подпісаў мы бачым на вуліцах агітацыйныя пікеты ў падтрымку Лукашэнкі. Нічога такога раней не адзначалася. Упершыню давераныя асобы кіраўніка адпраўленыя не проста пазначаць сваю прысутнасць, а агітаваць і расштурхваць у людзей цікавасць да выбарчай кампаніі. Упершыню ў дзяржаўныя СМІ запрашаюць мяккіх апазіцыянераў і рахманых незалежных экспэртаў. Упершыню ўлада стварае «кандыдату ў прэзідэнты» з апазіцыйным бэкграўндам рэжым найбольшага спрыяння.

Усе гэтыя «ўпершыню» - не ад добрага жыцця. Яны накіраваны на тое, каб тэрмінова залатаць дзірку ў выбарчай мадэлі, праз якую хвастае абыякавасць, апатыя, нявер'е, абурэнне. Пустыя выбарчыя ўчасткі - гэта не толькі «самы страшны сон» Лідзіі Міхайлаўны, але і «ахілесава пята» Аляксандра Рыгоравіча. Асабіста для Лукашэнкі гэта катастрофа. Гэта вотум недаверу ўсёй сістэме ўлады, у аснове якой НАРОДНЫ ПРЭЗІДЭНТ.

Так, ёсць яшчэ адзін апанент. Гэта палітыкі, структуры, якія не ўпісваюцца ў сцэнар «выбараў», прапанаваны ўладай. Спытаеце, хто канкрэтна? Гэта тыя, каго ўлада «мочыць» у дзяржаўных СМІ, каго спрабуе дыскрэдытаваць у сусветнай павуціне, каго спрабуе прэсаваць судовымі позвамі, міліцэйскімі пратаколамі. Яны псуюць карцінку, яны ствараюць праблему, але ўлада пакуль устрымліваецца ад сур'ёзных разборак з імі. Хутчэй за ўсё, гэта адкладаецца на потым, на поствыбарчы перыяд.

З вышэйсказанага вынікае, што галоўная праблема ўлады - гэта прыход выбарцаў. Яго будуць арганізоўваць усімі даступнымі сродкамі: прапаганда, фінансава-эканамічная залежнасць выбарцаў ад улады, саўдзел у праекце часткі апазіцыі і экспэртнай супольнасці. Стаўкі ў гэтай гульні занадта высокія. Рэжыму да зарэзу патрэбныя крэдыты МВФ, неабходная міжнародная легітымацыя і, вядома, захаванне існуючай сістэмы-тупіка.

Міфы і стэрэатыпы:

1. «Калі я не пайду галасаваць, то ў мяне ўкрадуць мой голас».

Крадзеж ёсць! І ў вялізных колькасцях. Але ў нас ужо гадоў 10 галасуюць не бюлетэнямі, а пратаколамі. Гэта значыць усё роўна, за каго будзе аддадзены ваш голас, яго проста ніхто не палічыць - бо пратаколы з патрэбнымі лічбамі ЎЖО напісаныя. Нас абкрадаюць незалежна ад таго, ці запаўняем мы бюлетэнь, кідаем яго ў скрыню ці не.

2. «Пайду і прагаласую супраць усіх».

Гэта зноў жа ніяк не паўплывае на канчатковыя лічбы, якія агучвае адна ўсім вядомая жанчына. Сярод больш за 70 тысяч членаў выбарчых камісій толькі 30 чалавек прадстаўляюць апазіцыйныя партыі. Гэта азначае, што працэс цалкам кантралюецца камандай Лукашэнкі. Без ілюзій!

3. «Не трэба наогул нічога рабіць».

Выбаршчык, ужо як спелая груша, ён паспеў для байкоту выбарчага фарсу. Але недавер да выбарчай сістэме і непрыход на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка - гэта ўсё ж розныя бакі адной праблемы. Трэба дамагчыся, каб недавер выліўся менавіта ў непрыход на ўчастак.

4. «Трэба ўбудоўвацца ў існуючую сістэму і разбураць яе знутры».

Так, выбараў няма, але штосьці трэба рабіць. Напрыклад, інтэгравацца ў сістэму і раскладаць яе знутры. Па кропельцы, пакрыху, з дня ў дзень, адным словам - калупаючы сцены пазногцем. Нескладана спрагназаваць, што праз нейкі час, тыя што пракраліся ў сістэму з чорнага ходу стануць часткай гэтай самай сістэмы.

Чаму нельга даваць уладзе карт-бланш, а менавіта такім з'яўляецца прыход людзей на выбарчыя ўчасткі?

Па-першае, прыход выбаршчыкаў не матывуе ўладу мяняць выбарчую мадэль. На практыцы гэта азначае, што вы і далей застаяцеся без права выбару, што ваш голас ніхто не будзе лічыць і ў 2016 годзе.

Па-другое, гэта дазваляе ўладзе працягнуць эксперыменты над грамадзянамі Беларусі. Чакайце ўзняцця планкі пенсіённага ўзросту. Не здзіўляйцеся пастановам, аналагічнай той, што пад нумарам 666, ці чамусьці падобнаму да дэкрэта аб дармаедстве. Улада заўсёды будзе гатовая растлумачыць свой маразм тым, што вы за гэта прагаласавалі сваім удзелам у "выбарах" 11 кастрычніка 2015 года.

На пытанне, што рабіць, дае адказ артыкул 65 Канстытуцыі Беларусі. «Выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста пастанаўляе, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах...»

Думайце. Гэта не балюча!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках