5 траўня 2024, Нядзеля, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Піянткоўскі: Пуцін рыхтуе ўгоду з Захадам, каб пазбегнуць ганьбы

17
Андрэй Піянткоўскі: Пуцін рыхтуе ўгоду з Захадам, каб пазбегнуць ганьбы
УЛАДЗІМІР ПУЦІН
ФОТА: КОММЕРСАНТ

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паспрабуе выкарыстоўваць прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева як карту ў гульні з Захадам.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін узмацніў сваю публічную актыўнасць, між іншым, зладзіўшы фотасесію з прэм'ерам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым і пагутарыўшы са школьнікамі. Навошта гэта расейскаму лідару, і як такія дзеянні звязаныя з ягонай спробай наладзіць стасункі з Захадам, піша расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі для «Апострофа».

Пуцін збіраецца пажыццёва заставацца прэзідэнтам. Нікуды сыходзіць ён дакладна не хоча. Але цалкам імаверна, што ён паспрабуе выкарыстоўваць Мядзведзева як карту ў гульні з Захадам. Такая знарочыстая дэманстрацыя дружбы і блізкасці можа быць звернутая толькі да заходняй аўдыторыі. Там яшчэ не ўсё разабраліся, who is Mr. Medvedev, і нават уважаюць яго за гэткага ліберала-заходніка.

Пуцін цяпер сутаргава шукае новы спосаб мірнага суіснавання з Захадам. Пацярпеўшы, у сутнасці, сур'ёзную паразу ва ўсіх сваіх планах - ідэі «рускага свету», «Наваросіі», ядзернага шантажу - ён спадзяецца заключыць нейкую новую ўгоду з Захадам на максімальна выгадных для сябе ўмовах, каб усе яго дзеянні не выглядалі як ганебная параза, Пуціну жыццёва патрэбна паправіць рэпутацыю - захаваць сітуацыю «Крымнаш» і ўтрымаць нейкія пазіцыі на Данбасе.

Расейскі прэзідэнт разумее, што і апошняя ягоная задума - увапхнуць акупаваныя раёны Данбаса ўнутр Украіны, каб усе гэтыя Матаролы і Гіві сядзелі ў Радзе, а Украіна ўтрымоўвала гэтую тэрыторыю - таксама правалілася. Таму ён адчайна гандлюецца з Захадам, імкнучыся выкарыстаць усе свае пакінутыя карты.

Актывізацыя сяброўства з Мядзведзевым - гэта не адзіная ягоная карта. Уся агентура Пуціна на Захадзе цяпер настойліва праштурхоўвае тэзіс - нам патрэбны Пуцін, ён можа нам дапамагчы ў Іране, Афганістане, Іраку, Сірыі, не трэба заганяць яго ў кут, давайце дапаможам яму захаваць аблічча.

Даслоўна на днях з'явіліся сенсацыйныя звесткі з ізраільскіх і іншых блізкаўсходніх СМІ пра тое, што Пуцін рыхтуе перакідку тысячы вайскоўцаў для падтрымкі Асада (прэзідэнта Сірыі Башара Асада, што вядзе вайну), стварае базу пад Дамаскам, а Захаду гэта прадае як ягоны ўдзел у сумеснай барацьбе з ІДІЛам. Гэтыя паведамленні яшчэ афіцыйна не пацверджаныя, але такі паварот цалкам магчымы.

Два гады таму яму ўжо ўдалося трукам з «хімічным раззбраеннем» правесці Абаму, як прастака, і выратаваць Асада. Цяпер ён можа паспрабаваць прадаць Абаме сваю вайсковую падтрымку Асада, як удзел Масквы ў кааліцыі ў барацьбе з ІДІЛ. Паглядзім, як будуць развівацца падзеі далей.

Актыўнасць Пуціна цяпер нельга не заўважыць, і не толькі ў расейскай піярнай прасторы, але і на міжнароднай арэне. Цяпер, да прыкладу, ён едзе ў Кітай на святкаванне перамогі над Японіяй у Другой сусветнай вайне. Але дзеля справядлівасці варта сказаць, што з японцамі камуністычная партыя Кітая і яе войска не змагаліся. Яны ваявалі з Гаміньданам, урадам Кітая, на якім і быў увесь цяжар барацьбы з Японіяй. Уласна, ніхто з буйных сусветных лідараў на гэтую кітайскую цырымонію і не паедзе.

Гучных заяў варта чакаць на Генеральнай асамблеі ААН, куды Пуцін паедзе са сваім новым планам мірнага суіснавання з Захадам. Калі за астатні час яму ўдасца ўсунуць Вашынгтону яго вайсковую падтрымку Асада як значны ўклад Крамля ў агульную справу барацьбы з тэрарызмам, тады гэты план здабудзе нейкую плоць і змест.

Праграма максімум для Пуціна - падтрымаць Асада, а за гэта прымусіць Захад адмовіцца ад падтрымкі Украіны. Калі ён сур'ёзна на гэта разлічвае, то ён сапраўды жыве ў іншай рэальнасці як казала канцлерка Мэркель.

Мне здаецца, Пуціна чакае яшчэ адзін сур'ёзны правал і яшчэ адно расчараванне. Мы даведаемся пра гэта ў найбліжэйшыя дні, калі прыйдзе новая інфармацыя з Блізкага Усходу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках