5 траўня 2024, Нядзеля, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Honda спыняе пастаўкі ў Расею ўсіх сваіх аўтамабіляў і матацыклаў

4
Honda спыняе пастаўкі ў Расею ўсіх сваіх аўтамабіляў і матацыклаў

Цяпер у Расеі прадаюцца толькі красоверы CR-V і рэшткі Сrosstour і Honda Pilot другога пакалення.

Адзін з вядучых японскіх аўтавытворцаў Honda адмовіўся ад далейшых паставак у Расею аўтамабіляў і матацыклаў Honda і прэміяльнага брэнда Acura. Пра гэта паведаміў у чацвер сайт "За стырном" са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. Пазней у кампаніі, каментуючы гэтую інфармацыю, заявілі, што маюць намер прадставіць новыя мадэлі ў наступным годзе.

"Сёння кіраўніцтва кампаніі Honda Motor RUS аб'явіла супрацоўнікам, а таксама прадстаўнікам дылераў аб тым, што перастае ўвозіць у Расею аўтамабілі, матацыклы і сілавую тэхніку, засяродзіўшыся выключна на запчастках і сэрвісным абслугоўванні", - паведамляе "За стырном".

Кіраўніцтва кампаніі не заявіла, што гаворка ідзе аб канчатковым сыходзе марак Honda і Acura з расейскага рынку. Аднак большая частка персаналу прадстаўніцтва будзе скарочаная, шэрагі дылераў таксама істотна парадзеюць, хоць у іх застанецца магчымасць увозіць аўтамабілі самастойна, піша NEWSru.com.

Кампанія паабяцала выканаць узятыя абавязанні на 2015 год і прадасць у Расеі, як планавалася, 1000 аўтамабіляў. Пасля гэтага Honda і Acura пастаўляцца ў Расею праз прадстаўніцтва японскай кампаніі не будуць.

Справы кампаніі на расейскім рынку ўжо даўно ідуць дрэнна: паводле статыстыкі AEB, за сем месяцаў з пачатку года продажы Honda скараціліся на 78% што да таго ж перыяду мінулага года - да 2742 штук (12424 штук у 2014 годзе). Цяпер у Расеі прадаюцца толькі красоверы CR-V і рэшткі Сrosstour і Honda Pilot другога пакалення.

Honda: размовы аб спыненні паставак няма - проста дылеры самі будуць заказваць аўтамабілі

У расейскім офісе Honda адрэагавалі на паведамленні аб спыненні паставак на айчынны рынак аўтамабіляў Honda і Acura, заявіўшы, што маюць намер прадставіць новыя мадэлі ў наступным годзе. Пра гэта Gazeta.ru паведаміў начальнік управы продажаў і маркетынгу Honda і Acura ў Расеі Міхаіл Плотнікаў.

Плотнікаў удакладніў, што цяпер Honda абмяркоўвае з дылерамі пераход на новую схему працы: "Калі цяпер дылеры працуюць з Honda Motor Rus і атрымліваюць аўтамабілі праз гэтую кампанію, то з наступнага года, як мы мяркуем, яны будуць закупляць машыны наўпрост з Японіі па папярэдняму заказу ад кліентаў", - сказаў ён.

З ягоных слоў, размовы аб спыненні паставак у гэтым выпадку не ідзе - гэта тычыцца мадэльнага тыпу Honda і прэміяльнага брэнда Acura. "У наступным годзе, як і планавалася, мы пачнем продаж новага Honda Pilot. Праблем з яго сертыфікацыяй няма", - запэўніў Плотнікаў.

"Мы абмяркоўваем з дылерамі магчымасць пераходу на папярэднюю аплату. Замест таго, каб дылеры плацілі за аўтамабіль па прыходзе, мы прапануем ім самім заказваць аўтамабілі ў патрэбным аб'ёме і разлічваць свае продажы", - сказаў агенцтву ТАСС прадстаўнік Honda ў Расеі.

Ён адзначыў, што гэтае пытанне абмяркоўваецца, але гэта пастанова была б адэкватнай рэакцыяй на эканамічную сітуацыю. Пры гэтым з ягоных слоў, у дылераў з'явяцца абавязанні і па папярэдняму заказу, і па папярэдняй аплаце.

"Калі адпаведная пастанова будзе прынятая, дылеры будуць афармляць заказ наўпрост у японскім офісе - гэта дазволіць сістэматызаваць заказы", - дадаў прадстаўнік Honda.

Адказваючы на пытанне ТАСС аб тым, ці можа змяніцца пры прыняцці гэтай пастановы мадэльны шэраг, ён адзначыў, што, імаверна, мадэльны шэраг не зменіцца, больш за тое, магчыма, згодна папярэдняму заказу, на расейскі рынак будуць пастаўляць і новыя мадэлі. Але гэта "тэарэтычны момант", указаў суразмоўца агенцтва.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках