5 траўня 2024, Нядзеля, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сярэдняя сума хабару ў Расеі вырасла ў тры разы

1
Сярэдняя сума хабару ў Расеі вырасла ў тры разы

Лідарскія пазіцыі па-ранейшаму займаюць скаргі на карупцыю ў органах судовай улады РФ.

У Расеі сярэдняя сума хабару вырасла за апошні год амаль у тры разы, з 218,4 тысячы рублёў да 613,7 тысячы. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе антыкарупцыйнай грамадскай прыймальні "Чыстыя рукі", апублікаваным на сайце Асацыяцыі адвакатаў Расеі за правы чалавека. У даляравым эквіваленце рост склаў 40,7 адсотка, піша Grani.ru.

"Спецыялісты прыймальні "Чыстыя рукі" пры разліках грунтаваліся на падзеле агульнай колькасці зваротаў на асобныя тыпы карупцыі: прадпрымальнікаў, узаемадзеянне звычайных грамадзян з чыноўнікамі пры крымінальных, адміністрацыйных і цывільных справах, скаргі на побытавую карупцыю. У разліках выкарыстоўвалася агульная колькасць зваротаў, сярэдняя сума хабару ў асобных групах паводле інфармацыі, атрыманай з зваротаў, і іх прапорцыя ў адсотках", - распавяла старшыня Асацыяцыі Марыя Баст на прэс-канферэнцыі ў "Інтэрфаксе".

Лідарскія пазіцыі па-ранейшаму займаюць скаргі на карупцыю ў органах судовай улады, адзначыла Баст. Сярэдняя сума хабару за вынясенне выраку ў крымінальных справах павялічылася да 3 мільёнаў рублёў. У цывільных справах яна засталася на ранейшым узроўні - 650 тысяч рублёў.

На 18,5 адсотка павялічылася колькасць скаргаў на хабары ў органах МУС. "Сярэдняя сума хабараў склаў 5000 рублёў. Паступалі паведамленні аб хабарах за адмову паліцыі ў распачынанні крымінальнай справы: мінімальная сума якіх склала 500 тысяч рублёў", - сказала Баст. Павялічылася колькасць скаргаў на пракуратуру, а таксама на органы рэгіянальнай выканаўчай улады і мясцовага самакіравання. Пры гэтым на 4,45 адсотка стала менш зваротаў на вымаганне хабараў супрацоўнікамі СКР.

На думку аўтараў дакладу, на ўзроўні карупцыі адбіўся эканамічны крызіс, абвастрэнне міжнародных стасункаў, а таксама прыняцце законаў, накіраваных на абмежаванне свабоды слова і дзейнасці грамадскіх арганізацый.

"Калі карупцыянер у варунках крызісу атрымаў магчымасць зысці ад адказнасці перад грамадствам, а ў грамадства істотна скараціліся механізмы кантролю інстытутаў дзяржавы, гэта стварыла дадатковыя варункі для росту карупцыі", - заявіла Баст.

У індэксе ўспрымання карупцыі за 2014 год, апублікаваным у снежні Transparency International, Расея заняла 136-е месца з 175. У абсалютным вылічэнні Расея набрала 27 балаў - гэта на 1 бал менш, чым у 2012-м і 2013-м. У параўнанні з 2013 годам яна апусцілася на 9 пазіцый - тады ў яе было 127-е месца з 177. Цяперашняе 136-е месца Расея дзеліць з Іранам, Камерунам, Кіргізіяй, Лібанам і Нігерыяй.

У сакавіку прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў федэральны закон, які зніжае мінімальныя штрафы за атрыманне хабару. У адпаведнасці з папраўкамі, за атрыманне хабару службовых асоб будуць штрафаваць ў дзесяціразовай суме ад яго сумы. Раней закон прадугледжваў 25-разовы штраф. У якасці альтэрнатывы устаноўленая фіксаваная сума штрафу 1 мільён рублёў. За даванне хабару прадугледжаны пяціразовы штраф замест 15-разовага альбо фіксаваны штраф 500 тысяч рублёў.

Шматразовыя штрафы былі ўведзеныя з ініцыятывы Дзмітрыя Мядзведзева, які займаў у 2011 годзе пасаду прэзідэнта. Пуцін пасля назваў закон неэфэктыўным, заявіўшы, што "злачынцы не плацяць, знаходзяць разнастайныя нарматыўныя пралазы".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках