29 красавiка 2024, панядзелак, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША ўвядуць санкцыі супраць Кітая за камерцыйны кібэршпіянаж

ЗША ўвядуць санкцыі супраць Кітая за камерцыйны кібэршпіянаж

ЗША ўвядуць санкцыі супраць кітайскіх кампаній, якія маюць дачыненне да хакерскіх нападаў і крадзяжу інтэлектуальнай уласнасці.

Адміністрацыя Барака Абамы ўжо некалькі месяцаў рыхтуе пакет санкцый у якасці рэакцыі ў адказ на камерцыйны шпіянаж, якім займаецца кітайская старана, піша Financial Times са спасылкай на трох амэрыканскіх чыноўнікаў.

Паводле іхняй інфармацыі, санкцыі, напэўна, будуць апублікаваныя на наступным тыдні, толькі за некалькі тыдняў да таго, як старшыня КНР Сі Цзіньпін здзейсніць свой першы дзяржаўны візіт у ЗША, піша РБК.

У самым Вашынгтоне няма адзінага меркавання аб тэрмінах абвяшчэння санкцый. Дзяржаўны дэпартамент асцерагаецца, што іх хуткае ўвядзенне можа пашкодзіць візіту Сі Цзіньпіна. Са свайго боку, прыхільнікі хутчэйшага ўвядзення санкцыйных захадаў, галоўным чынам прадстаўнікі вайсковых структур, зазначаюць, што такая рэакцыя павінна паказаць Кітаю, што Злучаныя Штаты сур'ёзна ставяцца да барацьбы з кібэршпіянажам.

Са слоў аднаго з прадстаўнікоў вашынгтонскай адміністрацыі, у Белым доме хацелі б унікнуць «аплявухі» Пекіну акурат перад прыездам старшыні КНР. Таму санкцыі будуць абвешчаныя ўжо на наступным тыдні, пасля святкавання ў краіне Дня працы. У Вашынгтоне спадзяюцца, што за некалькі тыдняў, якія падзеляць увядзенне санкцый і сустрэчу Сі Цзіньпіна з Абамам, Пекін паспее «астыць».

Са словах крыніц Financial Times, як чакаецца, санкцыі закрануць перш за ўсё тых, хто быў абвінавачаны ў эканамічным шпіянажы і крадзяжы камерцыйнай таямніцы.

Аб намеры ўвесці эканамічныя захады супраць кітайскіх асоб улады ЗША заявілі яшчэ ў красавіку. Тады ж скептыкі задаліся пытаннем: як санкцыі супраць Кітая могуць быць ужытыя, улічваючы, што амэрыканскія кампаніі маюць глыбокія эканамічныя сувязі з кітайцамі? Аднак устурбаванасць ростам маштабаў камерцыйнага шпіянажу і павелічэннем колькасці выпадкаў кібэратак пераважыла аргументы скептыкаў. Так, ФБР надоечы заявіла, што колькасць выпадкаў эканамічнага шпіянажу, зробленых кітайскімі асобамі, вырасла на 53%.

Уводзячы санкцыі, ЗША робяць стаўку на тое, што тыя зробяць жорсткае ўздзеянне, адцяўшы шэраг кампаній і фізічных асоб ад сусветнай фінансавай сістэмы. Банкі і кампаніі, якія ажыццяўляюць разлікі ў далярах ЗША, абавязваюць замарозіць актывы асоб, якія падпалі пад санкцыі, і тыя не змогуць праводзіць аперацыі.

У сувязі з публікацыяй у Financial Times агенцтва Reuters паведаміла ў чацвер са спасылкай на аднаго з амэрыканскіх чыноўнікаў, што ЗША разглядаюць таксама магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да расейскіх фізічных асоб і кампаній, якія ўдзельнічаюць у кібэратаках амэрыканскіх кампаній і ўстаноў.

Пра тое, што адміністрацыя Барака Абамы распрацоўвае пакет эканамічных санкцый у дачыненні да шэрагу кітайскіх фізічных і юрыдычных асоб, якія, на думку Белага дома, замяшаныя ў хакерскіх атаках амэрыканскіх устаноў з мэтай выкрадання гандлёвых сакрэтаў, у канцы жніўня паведамляла Washington Post. А на пачатку жніўня The New York Times пісала, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША ладзіцца «адпомсціць Кітаю» за атаку. Улады краіны прыйшлі да высновы, што кібэрнапад быў гэткі маштабны, што звычайная практыка барацьбы з традыцыйным шпіянажам у гэтым выпадку не пасуе. Як адзначала выданне, падчас сакрэтных сустрэч амэрыканскія чыноўнікі і вайскоўцы разглядалі розныя варыянты крокаў у адказ - ад сімвалічных, такіх як дыпламатычны пратэст або высылка з ЗША кітайскіх агентаў, да больш значных дзеянняў.

На пачатку ліпеня агенцтва персаналу адміністрацыі ЗША паведаміла, што хакеры маглі выкрасці асабовыя звесткі 21,5 млн амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў ды іншых грамадзян. У паведамленні таксама адзначалася, што гаворка ідзе пра два асобныя звязаныя паміж сабой выпадкі крадзяжу асабовых звестак. У гэтым крадзяжы амэрыканскія службы падазраюць кітайскіх хакераў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках