2 траўня 2024, Чацвер, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнік з Магілёва ўзяўся за беларусізацыю «Прыёрбанка»

2
Настаўнік з Магілёва ўзяўся за беларусізацыю «Прыёрбанка»

Ён напісаў сваё прозвішча, імя і імя па бацьку падчас запаўнення формы на сайце банка на беларускай мове, сістэма выдала, што яго завуць няправільна.

Настаўнік з Магілёва Андрэй Кавалёў з гэтай прычыны абурыўся і напісаў скаргу на адрас банка. Там прызналі хібы, якія былі выкліканыя мадэрнізацыяй сайта, і абяцалі неўзабаве выправіць памылкі. Са слоў Кавалёва, адказ яму прыйшоў на мове звароту, у ім яму адказалі, што "Прыёрбанк" з павагай ставіцца да абедзвюх дзяржаўных моў, а таксама падзякавалі за выяўленую ўважлівасць. Цяпер літары "ў", "ё" ды "і" сістэма бачыць і спазнае, піша "Еўрарадыё".

"Стаў не так даўно кліентам, бо праца патрабавала. Кліентам быць не хацеў, бо стаўленне да гэтага банка было ў мяне не станоўчае, раней былі праблемы ў стасунках з яго персаналам. Так выпала, што трэба было даведацца пра нюансы разлікаў карткай за мяжой, і я наважыў скарыстацца электроннай формай. Напісаў, хто я такі, і націснуў "адправіць". Мне выскачыла, што ў мяне няправільныя прозвішча і імя па бацьку. Калі б гэта была памылка або няправільна ўведзена - іншая рэч. А так выйшла, што пражыў 40 гадоў і даведаўся, што ў мяне няправільнае прозвішча! Адразу стала неяк непамысна", - сказаў Андрэй Кавалёў.

Магілёўскі настаўнік мяркуе, што такія недарэчнасці ўзнікаюць праз малую колькасць рэальных карыстальнікаў беларускай мовы. Не кожны беларускамоўны чалавек наважыцца штосьці некаму пісаць, бо ён мае запасны варыянт - расейскую мову, на якой ён можа запоўніць усякія формы, і гэта не прынясе яму ніякіх турбот.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што такія скаргі на адрас дзяржаўных і прыватных устаноў ад грамадзян з'яўляюцца перыядычна:

"Заканадаўства аб мовах парушаецца рэгулярна, але скаргі падаюць выключна тыя, хто размаўляе па-беларуску і сутыкаецца з праблемай, калі даюць адказы не на мове звароту. Пасля скаргаў зазвычай выпраўляюць дапушчаныя памылкі. Выбарчыя камісіі даюць адказы не на мове звароту. Аднак ужо апошні раз адказ з Ленінскай раённай выбарчай камісіі прыйшоў на беларускай мове. Цяпер я рыхтую скаргі ў Генеральную пракуратуру на абласную і гарадскую пракуратуры, а таксама на адказ з Цэнтрвыбаркама, дзе яны апраўдваюцца і сцвярджаюць, што выбарчыя камісіі маюць асобны статус - не з’яўляюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, а з'яўляюцца невядома чым і таму маюць права парушаць заканадаўства аб мовах і аб справаводстве".

Тым часам у Магілёве ўжо было некалькі гучных выпадкаў, калі за адказы не на мове звароту было прыцягнутае да адміністрацыйнай адказнасці кіраўніцтва "Магілёўаблаўтатранс", а таксама ТАА "Арматурны завод". Усе супрацоўнікі, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб, атрымалі штрафы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках