2 траўня 2024, Чацвер, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампаніі з Беларусі судзяцца з холдынгам міністра ўрада Мядзведзева

1
Кампаніі з Беларусі судзяцца з холдынгам міністра ўрада Мядзведзева

Беларускія кампаніі пачалі звяртацца ў суды, каб вярнуць пазыкі «Групы Е4» - бізнэсу міністра без партфеля ў цяперашнім расейскім урадзе Міхаіла Абызава.

Ураджэнец Менска Міхаіл Абызаў, які да нядаўняга часу ўважаўся за аднаго з самых паспяховых бізнэсоўцаў - выхадцаў з Беларусі, пачынаў сваю прадпрымальніцкую кар'еру пры Анатоліі Чубайсе ў РАТ «ЕЭС Расеі», паведамляе «Ежедневник».

Ён нарадзіўся ў Менску ў 1972 годзе. Бацька будучага мільянера быў электрыкам, маці - электрагазазваршчыцай. З ранніх гадоў будучы бізнэсовец падпрацоўваў - рознарабочым ў друкарні, на піўзаводзе «Беларусь» (сённяшняя «Аліварыя»). У школе адрозніваўся матэматычнымі здольнасцямі, і як пераможцу алімпіяд яго заўважылі ў Маскве і прынялі ў спецыяльную фізіка-матэматычную школу пры МДУ.

У Маскве ён паступіў у выніку ў МДУ, але сышоў з другога курса ў бізнэс. Займаўся продажам турэцкага шырспажыву, аргтэхнікай, працаваў на біржы, прадаваў балгарскае лечо, пакуль лёс не закінуў яго ў Новасібірскую вобласць у якасці заснавальніка «Аб'яднанай расейскай паліўна-энергетычнай кампаніі». У 1997 годзе ён стаў уладальнікам 18% кампаніі «Новасібірскэнэрга», акцыі якой атрымаў у абмен на паліва. Менавіта з гэтага перыяду за Абызавым замацавалася рэнамэ аднаго з самых паспяховых расейскіх антыкрызісных кіраўнікоў.

У выніку яго скмеціў таксама выхадзец з Беларусі Анатоль Чубайс і ў 1998 годзе запрасіў на пасаду начальніка дэпартамента інвестыцыйнай палітыкі і бізнэс-праектаў РАТ «ЕЭС Расеі». Тады Абызаву было ўсяго 26 гадоў. З 1999-га да 2004 год ён з'яўляўся намеснікам старшыні ўправы энэргетычнай кампаніі, у 2005 годзе ўзначаліў адну з найбуйнейшых вуглездабыўных кампаній Расеі «Кузбассразрэзвугаль». У 2007 годзе Абызаў заснаваў свой бізнэс - інжынірынгавую кампанію «Група Е4», куды ўвайшлі прададзеныя ў выніку рэформы будаўнічыя і сэрвісныя падраздзяленні РАТ «ЕЭС Расеі». Кампанія занялася будаўніцтвам энэргетычных аб'ектаў для дзяржаўных і прыватных заказчыкаў пад ключ.

«Група Е4» цяпер структурна падпарадкаваная Групе RU-COM, якая кіруе актывамі расейскага бізнэсмэна ў будаўніцтве, энэргетыцы, энэргетычным машынабудаванні, вуглездабычы і сельскай гаспадарцы. Таксама Міхаіл Абызаў - адзін з заснавальнікаў і ўладальнікаў венчурнага фонду Bright Capital, які інвеставаў у тры дзясяткі праектаў у энэгетыцы ды інтэрнэце.

У 2012 годзе Абызаў быў прызначаны дарадцам прэзідэнта Расеі (тады Дзмітрыя Мядзведзева) і ў тым жа годзе ўвайшоў у склад новага ўрада Расеі на пасаду міністра, адказнага за арганізацыю работы ўрадавай камісіі каардынацыі дзейнасці «Адкрытага ўрада».

У топ-200 найбагацейшых расейскіх бізнесоўцаў, апублікаваным ў 2015 годзе Forbes, Міхаіл Абызаў з капіталам 700 млн даляраў заняў 128 месца. За год бізнэсовец страціў 300 млн даляраў і 23 пазіцыі, што стала вынікам пачаўшыхся праблем у ягонага галоўнага бізнэсу «Групы Е4». Толькі за 2014 года ў расейскіх судах было зарэгістравана амаль 200 пазоваў аб спагнанні запазычанасці і 6 заяў аб прызнанні кампаніі банкрутам.

У 2015 годзе колькасць пазоваў і заяў аб банкруцтве як снежны ком працягвае нарастаць, кампанія як генэральны выканаўца фактычна спыніла працу. Праблемы ў кампаніі былі ў 2009, потым у 2012 годзе, але апошнім «цвіком» у амбіцыйны бізнэс-праект стала адмова ўрада Расеі летам 2014 ад маштабных будоўляў у энэргетычным сектары і агулам значнае зніжэнне дзелавой актыўнасці. Увядзенне санкцый супраць Расеі паскорыла падзенне бізнэсу: банкі прызналі гэты бізнэс высокарызыкоўным і спынілі крэдытаванне, адначасова звярнуўшыся за вяртаннем раней выдадзеных сродкаў. «Альфа-Банк» і «Ашчадбанк» падалі пазовы аб датэрміновай выплаце крэдытаў. На гэта адразу ж адрэагавалі дзяржаўныя заказчыкі «Групы Е4», якія пачалі прыпыняць кантракты.

Свой адзіны праект у Беларусі, аднак, «Група Е4» здолела закончыць. У снежні 2014 пасля атрымання станоўчых высноў дзяржаўных органаў была ўведзеная ў эксплуатацыю парагазавая ўстаноўка (ПДУ) кацельнага цэха №3 Жодзінскай ЦЭЦ у г. Барысаве. Магутнасць аб'екта, якім з 2012 года займаўся расейскі выканаўца, складае 65 МВт. Агульная сума інвестыцый у праект склала 130 млн даляраў, прадстаўленых часткова (80%) Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця і часткова выдадзеных з бюджэту.

У якасці субпадрадчыка на гэтым аб'екце працавала некалькі беларускіх будаўніча-мантажных кампаній. Пазоў ад адной з іх - «Цэнтрэнэргамантаж» - нядаўна папоўніў вялікі спіс прэтэнзій да «Групы Е4» у расейскіх арбітражных судах.

«Цэнтрэнэргамантаж» у Арбітражным судзе Масквы патрабуе спагнаць запазычанасць у "Групы Е4». Сума на фоне іншых патрабаванняў, праўда, нязначная (1 638 07 еўра).

Ёсць і іншыя пацярпелыя з Беларусі. Праз Эканамічны суд Менска ў той жа Арбітражны суд Масквы таксама нядаўна звярнуўся вялікі міжнародны аўтаперавозчык «Райзінг». Гэтым разам пазоўнік патрабуе з «Групы Е4» 24 тысячы расейскіх рублёў.

І, мяркуючы з усяго, гэта - не апошнія беларускія пазоўнікі да кампаніі расейскага міністра.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках