17 траўня 2024, Пятніца, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца да даляра па 25 тысяч рублёў

13

Што будзе з валютай далей, і ці варта нам чакаць новых рэкордаў?

Пра гэта «Белсат» запытаўся ў эканаміста і жыхароў Магілёва.

Пасля кароткачасовага ўзмацнення курс беларускага рубля даў слабіну. На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы ў Менску даляр ЗША падскочыў адразу на 108 рублёў. Такім чынам, даляр цяпер каштуе амаль 17800 рублёў. Еўра вырас на 129 рублёў і каштуе 19825 рублёў. Спецыялісты мяркуюць, што сёння ў айчыннай эканоміцы склаліся ўсе ўмовы для далейшай дэвальвацыі валюты.

«У прынцыпе, падзенне беларускага рубля да 20 або нават да 25 тыс рублёў за даляр - толькі віталася беларускім прамысловым сектарам і экспарцёрамі. І многія прадпрыемствы ўжо падрыхтаваныя да такога падзення. Іншая справа, што насельніцтва будзе вельмі незадаволенае такім падзеннем, так як гэта будзе азначаць падзенне рэальных даходаў», - кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Сваё імклівае падзенне беларускі рубель пачаў 24 жніўня. У дачыненні да даляра «зайчык» патаннеў адразу на 5,2%. Ужо на наступны дзень падзенне доўжылася, а даляр паставіў абсалютны рэкорд і стаў каштаваць 17836 рублёў. Праз два дні Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад баранавіцкімі работнікамі, заявіў, што Нацбанк не будзе трымаць курсу рубля штучна, а то зноў не пазбегнуць разавай дэвальвацыі.

«Нацыянальны банк быў бы рады гэта правесці, але перашкаджаюць палітычныя прычыны накшталт выбараў. Таму, я думаю, паслабленне рубля непазбежнае, але будзе праведзенае ўжо пасля выбараў», - працягвае Аляксандр Сінкевіч.

Ці варта чакаць яшчэ горшых часоў для нацыянальнай валюты? З такім пытаннем «Белсат» выйшаў на вуліцы Магілёва.

«Ужо ў лістападзе курс даляра будзе блізу 20 тыс рублёў», - кажа жыхар горада.

«Мяркую, самае горшае яшчэ наперадзе», - агучвае сваё меркаванне жыхарка горада.

На думку экспэртаў, да канца года даляр яшчэ некалькі разоў можа аднавіць рэкорд. Імавернасць гэтага ўзрасце ў выпадку павелічэння прамысловага лобі на Нацбанк Беларусі, каб айчынным прадпрыемствам можна было разгрузіць склады на расейскі рынак.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках