17 траўня 2024, Пятніца, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве

1
Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве

Пяты Варшаўскі фестываль беларускага кіно пройдзе ў кастрычніку адначасова ў дзвюх краінах.

Да ўдзелу ў конкурсе Bulbamovie-2015 прымаюцца мастацкія і дакументальныя фільмы. Заяўкі прымаюцца да 25 верасня, перадае «Радыё Свабода».

Як паведаміў адзін з арганізатараў Bulbamovie Януш Гаўрылюк, у гэтым годзе фэст будзе праводзіцца без фінансавай дапамогі Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое падтрымлівала чатыры мінулыя фестывалі Bulbamovie ў рамках супольнага беларуска-польскага праекта культурных дзеянняў. Цяпер Bulbamovie не атрымала фінансавання, і арганізатары вымушаныя разлічваць толькі на сябе.

Яшчэ адная адметная рыса цяперашняга фестывалю ў тым, што фестывальныя паказы фільмаў будуць праходзіць не толькі ў Варшаве.

«У гэтым годзе фестываль будзе паралельна праходзіць у Варшаве, Кракаве і Менску. Раней ён праходзіў толькі ў Варшаве. Але цяпер, паколькі няма фінансавання, мы наважылі паказаць усе конкурсныя фільмы ў Менску, бо ў такім выпадку не давядзецца перакладаць 15-20 фільмаў на польскую мову, не трэба будзе рабіць тытры да іх. У Варшаве, у апошні дзень фестывалю, мы пакажам толькі тры фільмы, якія перамогуць на конкурсе», - кажа Гаўрылюк.

Януш Гаўрылюк адзначыў, што да ўдзелу ў фестывалі прымаюцца фільмы як на беларускай, так і на расейскай мове.

«Мы не ставім такога патрабавання, каб кіно было толькі на беларускай мове. Галоўны прынцып для нас - кіно павінна быць цікавым. Калі гэта кіно на беларускай мове, то гэта для нас вельмі добра. Але калі ёсць добрае кіно на расейскай мове, то мы таксама яго прымаем. Тым больш, што ёсць такія жанры кіно, якія паказваюць жыццё такім, якое яно ёсць, а ў Беларусі не кожны гаворыць па-беларуску», - растлумачыў Гаўрылюк.

Пераможца фестывалю атрымае 2,5 тысячы злотых, за другое месца - 1,5 тысячы злотых, трэцяе - 1000 злотых. Акрамя таго, будзе ўручаны спецыяльны прыз за гук ад студыі soundmixer.by Яўгена Рагозіна.

Фестывальныя паказы адбудуцца 23-25 кастрычніка.

У цяперашняй праграме, акрамя конкурсных фільмаў, - прэм'ера агульнабеларускага кінапраекта «хранатоп», нямецкія ды італійскія дакументальныя стужкі пра сучасную Беларусь, амерыкана-ўкраінскі мастацкі фільм «Міна», які здымаўся на Данбасе падчас вайсковых дзеянняў, лаўрэат шматлікіх узнагарод - дакументальны фільм Анастасіі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне» ды іншыя.

Акрамя кінапаказаў, падчас фестывалю будуць сустрэчы з аўтарамі ды музычныя канцэрты.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках