19 траўня 2024, Нядзеля, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заехаў у «Карону» на самакаце – могуць арыштаваць на 15 дзён

79

Канфлікт паміж маладзёнам, які заехаў у «Карону» на самакаце, і ахоўнікамі крамы скончыўся тым, што хлопца затрымала міліцыя.

Ён правёў ноч у аддзяленні і цяпер можа атрымаць 15 дзён арышту. Сам хлопец намагае, што ні ў чым не вінаваты, піша «Наша ніва».

21-гадовы Дзяніс Тарманаў жыве ў Жлобіне. У Менск прыехаў да сяброў. І вечарам 29 чэрвеня надумаў пайсці ў «Карону» на Кальварыйскай. Заехаў туды ён на сваім самакаце.

ДЗЯНІС ТАРМАНАЎ
ФОТА: NN.BY

«Праехаў на самакаце па гандлёвай зале, усё было нармальна. Купіў булачку. Выйшаў з крамы, ад'ехаў, зразумеў: ці то забыўся, ці то згубіў пальчаткі. Вярнуўся. На ўваходзе мяне спыніў ахоўнік, сказаў, што на самакаце нельга. Я спытаў - чаму? Ён адказаў, што нельга і ўсё. Пальчатак, кажа, не бачыў, - распавядае Дзяніс. - Калі я ад'ехаў на самакаце, выйшаў другі ахоўнік, ці то сказаў мне спыніцца, ці то я сам спыніўся. Потым ён схапіўся за самакат, заявіў, што зараз прыйдзе міліцыя. Адбывалася гэта ўсё ў будынку крамы».

Са слоў хлопца, ён нічога не парушаў, таму спакойна чакаў. Неўзабаве з'явіўся міліцыянт, адвёў Дзяніса ў пакой аховы: «Я спытаў: за што мяне затрымліваюць? Той прапаршчык сказаў, што я быў на самакаце. Я ўдакладніў: і што тут такоўскага? А ён пачаў крычаць на мяне».

Тады хлопец сам набраў 102, паведаміў, што ўзнікла сітуацыя, калі супрацоўнік міліцыі лаецца на яго. Спытаў, што рабіць.

«Там мяне таксама паслалі, праўда, далікатна», - кажа Дзяніс.

Затым, сцвярджае хлопец, двое ахоўнікаў пры ім напісалі на яго заяву: маўляў, Дзяніс іх абражаў, паводзіў сябе неадэкватна, таму яго і «затрымаў прапаршчык».

Далей - больш. Хлопца павезлі ў РАУС Фрунзенскага раёна.

«Там мяне доўгі час «марынавалі». Паведамілі, што калі я падпішу, што я лаяўся, то дадуць мінімальны штраф і ўсё. Я адмовіўся. Ну, тут у мяне забралі ўсе рэчы, шнуркі, рэмень. Я папрасіў патэлефанаваць, міліцыянты рагочуць у адказ - кажуць, дык, можа, і бабу яшчэ табе сюды? - распавядае Дзяніс. - Ніякіх дакументаў не паказалі, пратаколаў ніхто не складаў. Ну і, такім чынам, прыкладна а першай гадзіне ночы я трапляю ў камеру».

Са слоў Дзяніса, варункі ў камеры былі жудасныя: лужына мачы на падлозе, ніякай вентыляцыі, на сценах цвіль. Ён папрасіў перавесці ў іншую камеру, паколькі я астматык: «Стала цяжка дыхаць. Я кажу, што мне патрэбныя лекі ці хаця б свежае паветра. Нуль рэакцыі».

Калі ўжо развіднела хлопца нарэшце перавялі ў іншую камеру. Затым, прыкладна праз тры гадзіны, па яго прыйшоў капітан міліцыі.

«Я прачытаў пратакол, дзе было напісана, што я быў на самакаце, неадэкватна сябе паводзіў, лаяўся. Я падпісаў, што згодны часткова, бо на самакаце быў, а астатняе - хлусня. Папрасіў сабе копію пратаколу - міліцыянт кажа, ты падпісвай, копію потым аддамо. Я не падпісаў, - кажа Дзяніс. - Я пачаў чытаць пратакол допыту, там пазначана, што допыт праводзіў нейкі старшы лейтэнант. А я з ніякім лейтэнантам не размаўляў. Спытаў - што за ён? Увайшоў нейкі маёр, кажа: што ты з ім робіш, напішы, што не хоча падпісваць і ўсё. Ну, тут капітан забраў паперы і адвёў мяне ў камеру».

Нарэшце, Дзяніса даставілі ў суд. Гэта было пад 10 гадзін раніцы.

«Суддзя мне кажа, што ёсць сведкі, таму - ці я прызнаю віну цалкам, або перанясём пасяджэнне, выклічам сведак і я тады атрымаю не штраф, а 15 дзён арышту. Я зноў прызнаў толькі тое, што быў на самакаце. Ну, мяне адпусцілі. Суд перанеслі на пятніцу, 8 ліпеня», - паведамляе Дзяніс.

Цяпер Дзяніс шукае адваката. На суд прыедзе - кажа, што віны за ім няма, але трэба гэта давесці. Дзяніс намагае, што ён паводзіў сябе абсалютна нармальна.

У краме выпадак не каментуюць.

«Мне кіраўніцтва не рэкамендавала абмяркоўваць з кім-небудзь гэты выпадак, - паведаміў Анатоль Габруковіч, начальнік службы бяспекі «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай. - Тым больш, там жа быў прадстаўнік міліцыі. Таму - прабачце».

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках