17 траўня 2024, Пятніца, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памочнік Лукашэнкі прапануе скараціць адпачынак для догляду дзіцяці

258
Памочнік Лукашэнкі прапануе скараціць адпачынак для догляду дзіцяці

Адпачынак па догляду за дзіцем можна скараціць да двух гадоў, мяркуе памочнік прэзідэнта ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды.

«Цяпер адпачынак па догляду за дзіцем у Беларусі з'яўляецца адным з самых працяглых - 3 гады, у Расеі - 1,5 гады, у Казахстане - 1 год. Эфект ад працягласці водпуску па догляду за дзіцем неадназначны», - піша Кірыл Руды ў артыкуле, які апублікаваны ў апошнім выпуску «Беларускага эканамічнага часопіса», паведамляе БелаПАН.

«Большасць жанчын цягам 4-6 тыдняў аднаўляюцца пасля родаў, калі няма ўскладненняў. Таму многія еўрапейскія краіны гарантуюць аплачваемы адпачынак менавіта на гэты перыяд», - канстатуе Руды.

На ягоную думку, працяглы адпачынак па догляду за дзіцем мае шэраг мінусаў - адмоўна ўплывае на колькасць рабочай сілы, валавы ўнутраны прадукт, і стварае «дадатковыя стымулы да дыскрымінацыі на рынку працы». «Гэта перашкаджае назапашванню досведу і вядзе да больш нізкіх заробкаў для жанчын. Агулам, на прыкладзе АЭСР даведзена, што адпачынак па догляду дзіцяці да 1 года неабходны для паспяховага развіцця дзіцяці ды забяспечвае здароўе маці, а адпачынак звыш 2 гадоў не мае пэўных пераваг для здароўя і развіцця», - падкрэслівае Кірыл Руды.

Ён мяркуе, што апошнія звесткі паказваюць на аб'ектыўную магчымасць скараціць у Беларусі адпачынак па догляду за дзіцем на 1 год да 2 гадоў. «Па-першае, грудное гадаванне. Для груднога гадавання аптымальным з'яўляецца тэрмін адпачынку 2 гады. У Беларусі 19% дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў былі выключна на грудным гадаванні, а 41,4% - пераважна на грудным. У сярэднім па рэспубліцы прадаўжалі знаходзіцца на грудным гадаванні 27,9% дзяцей ва ўзросце 12-15 месяцаў і 11,5% ва ўзросце 20-23 месяцаў», - канстатуе Руды.

Паводле афіцыйных звестак, адзначае ён, 66,1% беларускіх дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў і 66,5% ва ўзросце да 23 месяцаў знаходзіліся на штучным гадаванні.

Яшчэ адзін фактар, які паказвае на карысць магчымасці скарачэння адпачынку па догляду за дзіцем, - гэта датэрміновы выхад жанчын на працу. «Для забеспячэння больш высокага даходу беларускія жанчыны часам датэрмінова выходзяць з адпачынку па догляду за дзіцем», - канстатуе Руды.

Ён звяртае ўвагу на тое, што калі ў сярэднім у апошнія гады ў Беларусі налічвалася блізу 110 тысяч родаў на год, то колькасць тых, што датэрмінова выйшлі з дэкрэтнага адпачынку - 14 тысяч (блізу 10-13%).

«Такім чынам, трохгадовы дэкрэтны адпачынак паўнавартасна выконвае сваю функцыю толькі ў першыя два гады. Дадатковы год з'яўляецца, хутчэй, вынікам недахопу дашкольнай інфраструктуры, звычкі, іншых прычын, наўпрост не звязаных з доглядам за дзіцем», - піша Кірыл Руды.

У той жа час, скарачэнне дэкрэтнага адпачынку на год можа забяспечыць рост эканомікі на 2,3%, адзначаецца ў артыкуле.

Нагадаем, што ў снежні 2015 экс-міністр працы ды сацыяльнай абароны Беларусі Антаніна Морава заявіла на міжнароднай канферэнцыі ў Менску аб тым, што «3-гадовы адпачынак па догляду за дзіцем - гэта марнатраўства».

Напісаць каментар 258

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках