4 траўня 2024, Субота, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Лукашэнка можа застацца без грошай

39
Deutsche Welle: Лукашэнка можа застацца без грошай
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Масква прыпыняе запазычанні іншым краінам праз праблемы з бюджэтам.

Расея не будзе выдаваць іншым краінам новыя дзяржаўныя крэдыты «праз напружаную сітуацыю з бюджэтам», заявіў журналістам 17 студзеня намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Старчак.

У той жа час Беларусь разлічвала яшчэ да канца мінулага года атрымаць пазыку па крэдытнай праграме Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), сродкі якога больш чым на 80 адсоткаў расейскія. Пра тое, што «пытанне будзе развязанае станоўча» паведаміў месяц таму кіраўнік беларускага Мінфіна Уладзімір Амарын.

Нягледзячы на тое, што Менск знізіў раней запатрабаваную ў Масквы суму крэдыту з 3 млрд даляраў да 2 млрд, паводле інфармацыі ЕФСР, 8 снежня на пасяджэнні праўлення фонду пастанова аб выдзяленні сродкаў Беларусі не была прынятая, а праграма рэформаў беларускага ўрада адпраўленая на дапрацоўку - другім разам са жніўня 2015 года. Апытаныя Deutsche Welle экспэрты мяркуюць, што расейскі бок сур'ёзна зрабіў больш жорсткімі ўмовы выдачы грошай ЕФСР для Менска. На думку назіральнікаў, Беларусь не атрымае фінансавай дапамогі датуль, пакуль не выканае раней узгодненыя, але нявыкананыя абавязацельствы перад Расеяй.

Крэдытная гісторыя

Намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ) Андрэй Суздальцаў назваў некалькі прычын, паводле якіх Менску адмоўлена ў атрыманні чарговага крэдыту. Па-першае, фінансавыя колы Расеі, у адрозненне ад палітыкаў, уважаюць за бессэнсоўную падтрымку такога хаўрусніка ў еўразійскай інтэграцыі, як Беларусь. «Гэта ўсё адно, што кідаць грошы ў чорную дзірку - выдадзеныя Расеяй фінансы праядаюцца, беларуская эканоміка не рэфармуецца, а Менск з кожным годам патрабуе ўсё большага і большага фінансавання», - кажа экспэрт ВШЭ.

З ягоных слоў, ва ўмовах крызісу, калі расходныя артыкулы бюджэту РФ 2016 давядзецца зрэзаць, «кіраўніцтва Расеі разумее, што выдача 2 мільярдаў з бюджэту для Лукашэнкі, які адмаўляецца ад рэформаў, можа выклікаць скандал».

За другую прычыну адмовы Суздальцаў уважае дрэнную крэдытную гісторыю Беларусі ў дачыненні да расейскіх фінансах. Калі заходнія крэдыты беларускі ўрад спраўна выплачвае, то пазыкі Расеі вяртаюцца ў асноўным за кошт зноў пазычаных у Масквы грошай, падкрэсліў Суздальцаў. Напрыклад, толькі ў 2015 годзе Менск атрымаў два расейскія крэдыты 110 млн даляраў і 760 млн даляраў для выплаты запазычанасцяў перад РФ.

Экспэрт ВШЭ распавёў, што Расея пагадзілася таксама і на адтэрміноўку плацяжоў на 2016 год. Гаворка ідзе пра суму 720 млн даляраў. Агульная ж сума разнастайных выплат і розных прэферэнцый, якая штогод выплачваецца Масквой саюзнаму Менску, складае ад 9 да 10 мільярдаў даляраў, падкрэсліў аналітык. Акрамя таго, РФ выдала беларускаму боку фінансаванне на будаўніцтва атамнай станцыі ў аб'ёме 10 млрд даляраў.

Пад жорсткія ўмовы

«Таму выдача 2-мільярднага крэдыту, які просіць Беларусь у ЕФСР, жорстка абумоўленая правядзеннем глыбокіх структурных рэформаў, якія змяняюць усю аснову беларускай эканомікі», - падкрэсліў Суздальцаў. На ягоную думку, калі эканамічная палітыка Менска застанецца такой, якой яна ёсць цяпер, то расейцы ніколі не дачакаюцца вяртання сваіх грошай.

Куча амерыканскіх даляраў

Ён нагадаў, што ў 2011 годзе Беларусь ужо атрымлівала такі ж стабілізацыйны крэдыт ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС паводле заяўкі на 3 млрд даляраў, пагадзіўшыся і на прыватызацыю, і на рэформы. Але калі стала зразумела, што ніякіх рэформаў не будзе, апошняя рата 440 млн даляраў так і не была пералічаная ў Менск, а засталася ў казначэйстве Расеі.

Так што, на думку Суздальцава, беларускія ўлады не атрымаюць новай пазыкі на 2015-2017 гады, пакуль не пачнуць выконваць абавязацельствы паводле пададзенай у ЕФСР праграмы рэформаў. Пра гэта ж папярэджваў пасля пасяджэння праўлення фонду ў снежні мінулага года і кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуянаў: «Мы адклалі прыняцце пастановы аб наданні фінансавай дапамогі да таго, як пабачым канкрэтны вынік. Пакуль неабходных пастаноў у рэалізацыі гэтых планаў мы не ўбачылі».

Палітычная пастанова

Аднак эканамічны аглядальнік беларускага інтэрнэт-рэсурсу Belrynok.by Уладзімір Тарасаў мяркуе, што не трэба надаваць вялікага значэння словам расейскіх чыноўнікаў з урада аб прыпыненні пазык, у асаблівасці, калі гэта тычыцца саюзнай Беларусі. «Пастановы аб крэдытах заўсёды палітычныя, а не эканамічныя, іх прымае прэзідэнт РФ, і грошы ў расейскай казне знойдуцца», - заявіў экспэрт. На ягоную думку, далейшы лёс крэдыту для Менска будзе вызначацца выключна на асабістых сустрэчах Пуціна і Лукашэнкі.

Экспэрт мяркуе, што з нагоды фінансавання паміж Масквой і Менскам ідзе закулісны торг, бо «галоўная цікавасць для Масквы - не столькі правядзенне рэформаў, колькі стварэнне расейскай авіябазы на беларускай тэрыторыі ў межах папярэдняй тэхнічнай дамоўленасці». З ягоных слоў, чакае Масква і іншых саступак - прыватызацыі МАЗа, завода колавых цягачоў (МЗКЦ), іншых прадпрыемстваў, на што Менск згаджаўся, калі браў папярэдні крэдыт.

Цяперп жа Лукашэнка на гэта не ідзе, бо ў канцы лютага разлічвае на поўнае зняцце часова замарожаных санкцый Еўразвязу, а таксама спадзяецца найбліжэйшым часам атрымаць першую рату 3-мільярднага крэдыту МВФ.

«Таму Пуцін дзейнічае таксама, як Лукашэнка - абяцае, але нічога не дае», - заўважыў Тарасаў.

З тым, што палітычны аспект адыгрывае важкую ролю ў крэдытных стасунках, згодны і расейскі экспэрт. З ягоных слоў, беларускае кіраўніцтва хацела б атрымаць адразу два крэдыты - ад МВФ і ЕФСР, а гэта 5 млрд даляраў, з якіх 3,3 млрд трэба раздаць за пазыкі ў 2016 годзе.

«Але на гэты раз Лукашэнка трапіў у сур'ёзны пераплёт», - кажа расейскі экспэрт. Грошай няма ні з Усходу, ні з Захаду, - абодва бакі патрабуюць эканамічных пераўтварэнняў і назіраюць, як будзе паводзіць сябе Менск. «Размяшчэнне авіябазы РФ у Беларусі пацягне за сабой аднаўленне заходніх санкцый і адмову МВФ ад крэдытнага супрацоўніцтва. Расейскага ж крэдыту для такога хлуслівага хаўрусніка, які не падтрымлівае замежную палітыку РФ, у тым ліку, і аб авіябазе, таксама не будзе», - перакананы Суздальцаў.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках