18 траўня 2024, Субота, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскія прадпрымальнікі: Мы стаім да канца, чакаем скасавання ўказаў

17
Берасцейскія прадпрымальнікі: Мы стаім да канца, чакаем скасавання ўказаў
ФОТА: RFE/RL

Індывідуальныя прадпрымальнікі Берасця адновяць працу толькі пасля скасавання указаў №222 і 48, якія рэгламентуюць іх дзейнасць.

Пра гэта паведаміла сябра звязу прадпрымальнікаў мясцовага рынку «ЦУМ» Ларыса Быцко пасля сустрэчы, якая адбылася 20 студзеня, з намеснікам старшыні Берасцейскага аблвыканкама Міхаілам Сярковым, піша БелаПАН.

«Гутарка прайшла ў больш-менш спакойнай абстаноўцы, - распавяла Быцко. - Мы падалі намесніку старшыні аблвыканкама заяву ад імя прадпрымальнікаў рынкаў Берасця аб тым, што мы не можам выконваць у гэтым заканадаўчым полі нашую дзейнасць. Нам паабяцалі, што нашая заява будзе перададзеная куды трэба».

Аналагічная заява за подпісам больш як 200 ІП Берасця будзе адпраўлена сёння на імя Лукашэнкі, паведаміла прадпрымальніца.

Са слоў Быцко, па выніках сустрэчы пастанавілі стварыць пры аблвыканкаме раду, якая будзе каардынаваць пытанні работы мясцовых рынкаў. «Сёння ўжо прайшло яе першае пасяджэнне, на ім прысутнічалі прадстаўнікі розных рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца скасавання указаў. Нам сказалі, што ўсе пытанні будуць перададзеныя па ланцужку вышэй», - паведаміла яна.

«Нашая пастанова: мы стаім да канца, чакаем скасавання указаў. У лютым ніхто выходзіць на працу не будзе, калі не развяжуцца нашыя пытанні. Па-іншаму нельга, бо мы падставім сябе пад шалёныя штрафы і канфіскацыі. У такіх умовах мы працаваць не можам», - падкрэсліла Быцко.

Сустрэчы ў аблвыканкаме папярэднічаў сход мясцовых ІП на рынку «ЦУМ». На яго прыйшлі прадстаўнікі ўсіх рынкаў і некаторых гандлёвых цэнтраў Берасця. Яны прынялі калектыўны зварот да прэзідэнта Беларусі і мясцовых органаў улады з просьбай зрабіць крокі, якія дазволілі б ІП аднавіць працу, прыпыненую з пачатку года.

Прадпрымальнікі дамагаюцца скасавання указаў №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі», які ўвайшоў у дзеянне 1 студзеня, і № 48 «Аб захадах для забеспячэння дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Гэтыя дакументы, як сцвярджаюць ІП, спаралізавалі іх працу. Акрамя таго, ІП просяць вярнуць ім магчымасць наймаць работнікаў не з колда блізкіх сваякоў, працаваць паводле адзінага падатку без падвышальных каэфіцыентаў, разгледзець пытанне аб выплаце абавязковых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за фактычна адпрацаваны час, а таксама ўключыць у працоўныя групы і камісіі для развязання пытання аб далейшай дзейнасці ІП саміх прадпрымальнікаў з ліку чальцоў рады рынкаў.

Пасля сходу ІП адправіліся да аблвыканкаму, каб перадаць зварот. Іх паспрабавалі спыніць на ўваходзе ў аблвыканкам, але прадпрымальнікі ўсё ж здолелі ўвайсці ў будынак і дамагчыся сустрэчы з Міхаілам Сярковым.

Аналагічныя падзеі адбыліся сёння ў Магілёве, дзе мясцовыя ІП прынялі зварот да абласных уладаў з просьбай разгледзець магчымасць іх далейшай працы і ўвесці мараторый на праверкі. Магілёўскім прадпрымальнікам удалося дамовіцца аб сустрэчы з начальнікам абласной управы прадпрымальніцтва і замежнаэканамічнай дзейнасці.

Стыхійны мітынг ІП прайшоў 18 студзеня ў Гомелі, у ім прыняло ўдзел амаль 500 чалавек. З мітынгоўцамі сустрэўся намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Баляслаў Пірштук. Па выніках сустрэчы была створаная група для развязання праблем ІП.

11 студзеня ў Менску адбыўся антыкрызісны форум прадпрымальнікаў. Яго ўдзельнікі запатрабавалі ад улады развязаць праблемы, звязаныя з дзеяннем указа №222, на ўзроўні ўрада і прэзідэнта, а таксама дамовіліся не выходзіць на працу да 25 студзеня - на гэты дзень запланаваны яшчэ адзін форум прадпрымальнікаў.

Нагадаем, што з 1 студзені 2016 года беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках