2 траўня 2024, Чацвер, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі пайшлі на штурм аблвыканкама

82

Стыхійны мітынг прадпрымальнікаў адбыўся ў Віцебску.

Ля віцебскага аблвыканкамам 22 студзеня праходзіў сход прадпрымальнікаў. А 13 гадзіне яны сабраліся ў гандлёвым цэнтры «Эвіком», і па выніках сходу наважылі пайсці да аблвыканкаму, каб патрабаваць скасавання ўказу №222. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

На перамовы з уладамі прыйшлі прадстаўнікі рынкаў і аргкамітэта для стварэння прафзвязу. Прадстаўніка РГА «Перспектыва» не дапусцілі.

Да некалькіх сотняў прадпрымальнікаў на ганак выканкаму выйшаў начальнік абласнога дэпартамента развіцця прадпрымальніцтва, які спрабаваў растлумачыць, што пытанні аб указе №222 развязваюцца не ў Віцебску, а на вышэйшым узроўні. Але пусціў прадпрымальнікаў на перамовы з мясцовымі ўладамі.

Такі адказ не задаволіў прадпрымальнікаў, яны не разыходзіліся і скандавалі «Працу!» і «Скасаванне!».

На перамовы ў аблвыканкам зайшлі чацвёра прадпрымальнікаў з розных рынкаў, у іх ліку старшыня аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Ляшкевіч.

Акрамя таго, віцебскія прадпрымальнікі чакалі, каб да іх выйшаў старшыня аблвыканкама ці хаця б ягоны намеснік - маўляў, у розных гарадах чыноўнікі мелі стасункі з народам, у Віцебску ж ігнаруюць людзей. Перамовы вядуцца на ўзроўні падатковай інспекцыі.

Праз некаторы час з Віцебскага аблвыканкама выйшла дэлегацыя прадпрымальнікаў, якая праводзіла перамовы з уладамі пра ўказ №222 і немагчымасці яго выканання.

У чацвер, 28 студзеня, прадпрымальнікі плануюць зноў сабрацца ля сцен аблвыканкама. Прадпрымальнікі дамагліся абяцання сустрэчы на вышэйшым узроўні - з намеснікам старшыні аблвыканкама, які на момант сходу быў «у ад'ездзе». Гэта абяцанне прадпрымальнікі сустрэлі воплескамі.

Аб выніках сустрэчы з уладамі прадпрымальнікам і журналістам расказала старшыня аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч:

«Мы падавалі зварот, у якім казалі, што ўказ №222 невыканальны, былі і іншыя пункты. Сёння мы прыйшлі сюды, каб растлумачыць кіраўніцтву вобласці, што ёсць тэрміны падачы і адказу на звароты грамадзян. Мы кажам: калі вы бачыце, што няма вашых паўнамоцтваў, каб прыняць пастанову, то вы не павінны цягнуць 18 дзён, а перадаваць гэтыя дакументы вышэй, даваць сігнал аб тым, што праблема ёсць і яе трэба развязваць.

Сёння на гэтай сустрэчы мы дамагліся таго, каб гэты дакумент, дзе будзе пазначана, што для прадпрымальнікаў указ №222 невыканальны, разам з нашымі тлумачэннямі і прапановамі будзе накіраваны ўжо ад прадстаўнікоў вобласці ў Савет міністраў.

Я мяркую, што гэта вялікая перамога, мы вучымся камунікаваць і гаварыць аб тым, што гэта праблема, і годзе хлусіць. Годзе хлусіць, што мы ў адпачынках, годзе хлусіць, што мы гатовыя ісці на новыя ўмовы. Сёння ўсе дэлегаты гэта ім патлумачылі».

У Віцебску, як і ва ўсёй краіне, з пачатку 2016 большая частка прадпрымальнікаў не выйшла на працу ў сувязі з указам №222. Паводле слоў ІП, рынкі пустуюць прыкладна на 85%.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках