26 красавiка 2024, Пятніца, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збіты АМАПам журналіст: Мне нанеслі некалькіх дзесяткаў удараў нагамі

115
Збіты АМАПам журналіст: Мне нанеслі некалькіх дзесяткаў удараў нагамі
ПАВЕЛ ДАБРАВОЛЬСКІ

Журналіст Павел Дабравольскі напісаў заяву аб збіванні яго амапаўцамі ў будынку суда падчас «справы графіцістаў».

Інцыдэнт адбыўся падчас вываду з залі актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія разгарнулі транспарант з надпісам «Не - палітычным пераследам» і скандавалі «Мастацтва не злачынства!». Яны былі аштрафаваныя на 45 базавых велічынь (9,45 млн. рублёў), Сяргей - на 50 (10,5 млн.), паведамляе БелаПАН.

«Убачыўшы, што з залі пасяджэння суда выводзяць людзей з заламанымі рукамі, я ўключыў тэлефон і стаў здымаць відэа. Затрыманых павялі ў нейкі калідор, я прайшоў за імі. За мной зачынілі дзверы і ўпіхнулі ў кабінет», - прыводзіць tut.by словы свайго супрацоўніка Паўла Дабравольскага.

Карэспандэнт падкрэсліў, што ў руках у яго было пасведчанне і ён некалькі разоў папярэдзіў, што з'яўляецца прадстаўніком прэсы.

У пакоі знаходзіліся Шыцік, Сяргей і людзі ў цывільным. Як высветлілася пазней, гэта былі супрацоўнікі АМАПу, бо некаторыя з іх сведчылі на працэсе супраць журналіста і актывістаў.

«Вырвалі з рук камеру, журналісцкае пасведчанне і пачалі збіваць. Паводле маіх адчуванняў, мне нанеслі некалькі дзесяткаў удараў нагамі. Я паспрабаваў закрыць твар рукамі і падстаўляў спіну. Потым мне закруцілі рукі, а хтосьці з праваахоўнікаў паставіў сваю нагу мне на твар», - сказаў Дабравольскі.

Суд, паводле яго слоў, заняў паўгадзіны. «Суддзя азнаёмілася з матэрыяламі справы. Папрасіла апісаць сітуацыю. Было трое сведак: адзін з міліцыі і двое амапаўцаў у цывільным. Міліцыянт сказаў, што не бачыў мяне ў залі суда, а амапаўцы заявілі, што я на іх напаў, абараняючы актывістаў. Ну і традыцыйна лаяўся матам», - паведаміў журналіст.

Супрацоўнікі АМАПу сцвярджалі, што Дабравольскі атрымаў траўмы, абараняючы сваіх сяброў. На справе журналіст і актывісты не былі знаёмыя.

«Я хачу справядлівасці. І каб такое не паўтаралася. Я маю намер давесці справу да канца - напісаў заяву, здыму пабоі, звярнуся ў суд. Справа нават не ў тым, што я журналіст. У цывілізаваным грамадстве праваахоўныя органы не маюць права збіваць людзей», - заявіў карэспандэнт.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках