26 красавiка 2024, Пятніца, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што ў Беларусі падаражае з 1 кастрычніка

17
Што ў Беларусі падаражае з 1 кастрычніка
ФОТА: TUT.BY

Ад сёння зноў вырастуць некаторыя платы і кошты, а таксама з'явяцца новыя фінансавыя абавязальніцтвы.

Давядзецца плаціць за ваду ў кватэрах без жыхароў і лічыльнікаў

З 1 кастрычніка ўступаюць у сілу змены ў Палажэнні аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, піша finance.tut.by.

Новаўвядзенні будуць тычыцца налічэння платы за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення ў жылых памяшканнях, не абсталяваных індывідуальнымі прыборамі ўліку вады, пры адсутнасці зарэгістраваных на гэтым месцы жыхарства грамадзянаў. Цяпер гаспадары «нібыта пустога» жылля будуць плаціць за ваду ў залежнасці ад плошчы кватэры. Прычым у жыроўках разлікі правядуць паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу. Напрыклад, у сталіцы ён роўны 1,1405 рубля за кубаметр (у тым ліку водазабеспячэнне – 0,6875 рубля, водаадвядзенне (каналізацыя) – 0,453 рубля).

ФОТА: TUT.BY

«Цяпер колькасць выдаткаванай вады ў такіх кватэрах будзе вызначацца зыходзячы з нормаў спажывання, устаноўленых мясцовымі выканальнымі і распарадчымі органамі, і ўмоўнай колькасці грамадзянаў, вызначанай шляхам дзялення агульнай плошчы жылога памяшкання на 20 квадратных метраў з улікам акруглення ў меншы бок да цэлага ліку», – тлумачыць водаканал.

«Дармаеды» атрымаюць паведамленні на выплату збору

Падатковая сфармавала, хоць і не поўны, спіс беларусаў, якія летась працавалі менш за 183 дні. «Дармаедамі» сталіся блізу 10 тысячаў чалавек. Усім накіравалі паведамленні. Цяпер ім трэба будзе альбо даказаць, што яны ўсё ж такі працавалі, альбо выплаціць збор да 15 лістапада 2016 года.

ФОТА: TUT.BY

Аднак колькасць плацельнікаў збору можа змяніцца. «У цяперашні час падатковыя органы прадаўжаюць працаваць над фармаваннем базы дадзеных плацельнікаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год», – кажуць у МПЗ.

Нагадаем, што дэкрэтам прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ўстанаўліваецца абавязак грамадзянам Беларусі, замежным грамадзянам, якія пастаянна жывуць у нашай краіне, і асобам без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні летась, у выплаце збору памерам 20 базавых велічыняў.

Павышаюцца мінімальныя адпускныя кошты на моцны алкаголь

Міністэрства гандлю павышае памежныя мінімальныя кошты на алкагольныя напоі мацункам больш за 28% і этылавы спірт.

Так, лімітавы мінімальны адпускны кошт за 0,5 літра беларускага алкаголю мацункам 40% (з коштам спажывецкай тары) складзе 4 рублі 40 капеек, раздробны кошт – 5 рублёў 58 капеек.

Таксама пастановай вызначаны памежныя мінімальныя адпускныя кошты на спірт этылавы з харчовай сыравіны, вырабляны і (або) рэалізоўваны на тэрыторыі Беларусі.

На фактычныя раздробныя кошты павышэнне паўплываць не павінна – цяпер устанавіліся адпускныя кошты вышэйшыя за мінімальныя, пра якія гаворыцца ў дакуменце.

Падаражаюць некаторыя маркі цыгарэтаў

З 1 кастрычніка ў Беларусі падаражаюць некаторыя маркі цыгарэтаў. Кошты паднімуцца ад 5 да 15 капеек. Напрыклад, тытунёвая фабрыка «Нёман» на 5 капеек падымае кошты на цыгарэты Pall Mall (да 1,55 рубля за пачак), Kent (да 2,55 рубля), Rothmans Nano Blue (да 1,7 рубля).

Напрыклад, на 10 капеек паднімуцца кошты на цыгарэты Kent Switch (да 2,75 рубля). На 15 капеек таксама вырасце цэннік на Luckies Red, Luckies Silver, Luckies Blue (да 2,5 рубля), Luckies Click & Roll (да 2,6 рубля), Vogue (да 2,85 рубля). Цыгарэты кампаніі «Тытунь-інвест» «Карона», «Карона блакітная» (10 цыгарэтаў) з 1 кастрычніка будуць каштаваць 0,49 рубля за пачак, а Winston Blue (10 цыгарэт) – 1,2 рубля.

Паднімуцца кошты і на іншыя маркі цыгарэтаў.

Бедным на аплату «камуналкі» пададуць безнаяўныя субсідыі

Пачне працаваць новая сістэма вылучэння дзяржаўнай дапамогі на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі з'явяцца ў жыроўках беларусаў з лістапада.

ФОТА: TUT.BY

Прапаноўваць субсідыі будуць паводле двух сцэнараў: на аснове выяўленчага і заяўнага прынцыпаў. Першы будзе выкарыстаны для непрацоўных пенсіянераў і інвалідаў, паколькі іх прыбыткі цалкам празрыстыя і не маюць патрэбы ў дадатковым пацверджанні. Другі – для ўсіх астатніх грамадзянаў, якія захочуць атрымаць субсідыі ад дзяржавы.

Таму, калі для адных беларусаў практычна нічога не зменіцца, то для тых, якія трапілі пад выяўленчы прынцып, працэдура атрымання дапамогі стане амаль незаўважнай. Пра тое, што дзяржава іх падтрымала, людзі будуць даведвацца ўжо праз факт – з жыроўкі. Рэч у тым, што безнаяўныя субсідыі будуць вылучацца такім грамадзянам аўтаматычна: пры супастаўленні спецыяльнай праграмай прыбытку і сумы ў паведамленні.

Зменяцца тарыфы мабільных аператараў

МТС закрывае ўсе старыя лінейкі карпаратыўных планаў – «Кампанія», «Карпарацыя» і «Смарт офіс» і аўтаматычна пераводзіць абанентаў на новую – «Разумны бізнэс».

ФОТА: TUT.BY

Карыстальнікаў перавядуць на адзін з чатырох тарыфаў новай лінейкі (Разумны бізнэс 1, 2, 3 ці 4) зыходзячы з іх цяперашняга спажывання. Аператар назваў увод новых тарыфаў «актуалізацыяй прапановаў». Гаворка, перш за ўсё, ідзе пра павелічэнне ўключанага ў абаненцкую плату інтэрнэт-трафіку.

Таксама з 1 кастрычніка ўступяць у сілу змяненні тарыфаў аператара velcom для юрыдычных асобаў. Сярод іншага гаворка ідзе пра павелічэнне пакетаў унутрасеткавых хвілінаў і трафіку перадачы звестак (новыя тарыфы для юрыдычных асобаў). Нагадаем, што 25 верасня velcom змяніў іншыя тарыфы. У большасці выпадкаў гаворка ідзе пра павелічэнне коштаў.

Паслугі банкаў можна будзе атрымліваць не выходзячы з дому

Але ёсць і пазітыў. З 1 кастрычніка 2016 года ў Беларусі з'явіцца міжбанкавая сістэма ідэнтыфікацыі (МСІ). «Беларусам стануць даступныя паслугі, якія робяць банкі, незалежна ад наяўнасці ў іх населеных пунктах аддзяленняў банкаў», – гаворыцца ў каментары Нацбанка.

ФОТА: TUT.BY

Фармаванне МСІ дазволіць кліентам банкаў, аднойчы прайшоўшы працэдуру ідэнтыфікацыі ў асабістай прысутнасці ў адным з банкаў, атрымліваць банкаўскае абслугоўванне дыстанцыйна ў любым беларускім банку ў зручны час. Такім чынам, беларусам стануць даступныя паслугі, якія робяцца банкамі, незалежна ад наяўнасці ў іх населеных пунктах аддзяленняў банкаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках