3 траўня 2024, Пятніца, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарагое мяса зноў падаражае

6
Дарагое мяса зноў падаражае

За апошнія два тыдні кошты на свініну на рынку выраслі ў сярэднім на 10 – 15 тыс. «старых» рублёў за кілаграм.

Прадаўцы бязрадасна паведамляюць, што гэта, можа быць, толькі пачатак, піша «Вячэрні Брэст».

«Мы тут увогуле ні пры чым, – апраўдваюцца яны перад пакупнікамі, якія ўсё яшчэ не могуць прывыкнуць да такога павароту. – Калгасы кошт паднялі на 16 тысячаў за 1 кг. Сказалі, што і гэта не мяжа: маўляў, рыхтуйцеся. Вось-вось будзе яшчэ падаражанне».

Пакупнікоў у мясных шэрагах у сераду раніцай няшмат. Мяса на прылаўках – таксама. «Баімся браць больш, – прызнаюцца прадаўцы. – Дай Бог гэта да канца дня прадаць. Вы ж бачыце, як людзі з гэтымі коштамі набываюць».

Большасць прадаўцоў на рынку ў Бярэсці гандлююць мясам, набытым на свінагадоўчых комплексах «Белавежскім» і «Заходнім». Тлумачаць: прыватнікаў прымусілі выразаць усіх свіней праз чуму, вось цяпер свінакомплексы і завышаюць кошты. Адпускалі мяса за 39 тысячаў рублёў за кг, цяпер – за 56 (5 руб. 60 кап. у новых грошах). Трэба сказаць, ранейшы кошт вытворцаў пратрымаўся доўга. І пакупнік, чые рэальныя прыбыткі за апошнія год-паўтара дэманструюць сумную тэндэнцыю да зніжэння, да гэтых коштаў неяк прыстасаваўся, навучыўся ўвязваць іх са сваім бюджэтам. Цяпер даводзіцца зноў пераглядаць свае магчымасці.

На свінакомплексах не адмаўляюць: кошты паднялі. Прычына – рэзка падаражалі кармы. «Бялковую сыравіну для вытворчасці кармоў, а гэта сланечнік, соя, іншыя дабаўкі, мы заўсёды набывалі ва Украіне, – растлумачыў спецыяліст аднаго з прадпрыемстваў вобласці, які папрасіў не называць ягонае імя. – Але цяпер праз афрыканскую чуму свіней у шэрагу ўкраінскіх абласцей экспарт гэтай прадукцыі спынены. Іншыя рэгіёны, дзе не адзначаны выпадкі АЧС, скарысталіся сітуацыяй і рэзка паднялі свае кошты. Выдаткі на камбікармы ў сабекошце вытворчасці прадукцыі складаюць каля 60%. Каб не застацца ў мінусах, мы вымушаныя падымаць адпускныя кошты».

Ёсць яшчэ некалькі «побытавых» версій мяснога падаражання. Адна з іх: попыт на свініну ў Беларусі на цяперашні момант перавысіў прапанову, і менавіта гэта вызначыла кошт. Версія супярэчыць афіцыйным заявам: яшчэ пару месяцаў таму ў Мінсельгасхарчы Беларусі казалі, што задача ў аднаўленні пагалоўя свіней пасля ўспышкі АЧС да ўзроўню 1 студзеня 2013 года на гэты момант не стаіць. Маўляў, нам не трэба столькі свініны ў краіне: мы цалкам сябе забяспечваем у разліку на душу насельніцтва і разумеем, што экспарт свініны абмежаваны ва ўсе краіны.

Тым не менш, некаторыя свінакомплексы вобласці атрымалі «разнарадку» на пастаўку свініны ў Менскую вобласць. «Недахоп свініны ёсць. І калі мы не падымем кошты, іх падымуць перакупнікі», – рэзюмуюць на прадпрыемстве.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках