27 красавiка 2024, Субота, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Васюковіч: Буду паказваць свае фатаграфіі пры любой магчымасці

Аляксандр Васюковіч: Буду паказваць свае фатаграфіі пры любой магчымасці

Аўтар праекта «Фота на памяць», здымкі якога знішчылі на выставе ў Маскве, апавёў пра сваю працу.

Інтэрв'ю ў фатографа ўзяў тэлеканал «Белсат».

– Як Вы пачуваецеся пасля таго, як Вас назвалі «фашыстам»?

– Пачуваюся нармальна, таму што я не фашыст, і нават той чалавек не змог мне растлумачыць, чаму называе мяне фашыстам.

– Адкуль такая агрэсія на выставе ў Сахараўскім цэнтры?

– Я думаю, віной усяму прапаганда, якая дзеліць усё на чорнае і белае. Мабыць, што я стаў чорным.

– Чаму гэтыя фатаграфіі Вы выставілі менавіта ў Маскве?

– Гэтую выставу арганізавалі паводле вынікаў конкурсу «Наўпросты погляд», які праводзіць Цэнтр дакументальнай фатаграфіі пры Сахараўскім цэнтры. У намінацыі «Канфлікт» я заняў першае месца – таму, як пераможца, паказваў здымкі на гэтай выставе.

– Узнікае пытанне, акт вандалізму – сапраўды прыватная ініцыятыва, а не дзеянні нейкіх спецслужбаў?

– Я гэтага сапраўды не магу ведаць, але сумняваюся, што нейкія службы гэтым займаліся б. Проста цяпер у Расеі адбываецца шмат такіх рэчаў. Так, нядаўна «Афіцэры Расеі» назвалі педафільскай і зачынілі выставу аднаго амерыканскага фатографа, гэта ім сышло з рук, таму дробныя групоўкі вар'ятаў пастанавілі, што цяпер могуць рабіць што заўгодна.

– Што далей з выставай? У Маскве, вядома, гэтая выстава больш не з'явіцца.

– Я не ведаю – з'явіцца ці не з'явіцца. Я збіраюся паказваць яе ў далейшым пры любой магчымасці.

– Ці адчуваеце Вы нейкую небяспеку ў сувязі з гэтай гісторыяй? Ці прыходзяць Вам нейкія пагрозы?

– Ну, у сацыяльных сетках мне пішуць нейкія пагрозы, але я іх не ўспрымаю сур'ёзна.

– Калі б выстава была арганізаваная ва Украіне, рэакцыя была б падобнай ці іншай?

– Я не магу прадугледзець, якой была б рэакцыя, але мяркую, знайшліся б людзі, якім гэтыя фатаграфіі таксама не спадабаліся б – маўляў, гэта паказана ў жорсткай манеры і можа кагосьці абражаць.

– З'явіліся меркаванні, што Вы хочаце зрабіць сабе піяр на смерці.

– Ну, калі людзі так думаюць – гэта іхняе права. Я перад сабой чысты – і мне гэтага хапае. І большасць людзей так не думае. Але ўсе аднолькава думаць не могуць.

– А як з'явіліся гэтыя фатаграфіі?

– Улетку 2014-га амаль тры тыдні я быў на ўсходзе Украіны, выконваў звычайную журналісцкую працу. І падчас гэтай працы людзі мяне часта прасілі сфатаграфаваць іх на памяць, адправіць гэтыя здымкі сваякам, сябрам і самім салдатам. Гэтых здымкаў сабралася вельмі шмат. І калі праз паўтара года я ўжо ведаў, што многія загінулі, напрыклад, у Ілавайску, я ўвесь час бачыў гэтыя фатаграфіі ў сацыяльных сетках. І час ад часу я разумеў, што трэба іх выкарыстоўваць, каб сказаць, што «клёва быць вайскоўцам», што «вы ўсе – героі» і г. д. Але людзі, якія гэта рабілі, не разумелі, што фраза «героі не паміраюць» – проста фраза. Шмат людзей у гэтай вайне проста гіне, руйнуюцца сям'і, і я надумаў сказаць, што ваенны шлях – не найлепшы шлях, каб людзі ведалі, што стаіць за гэтымі здымкамі.

Тады я паехаў у Кіеў, і з тымі, хто застаўся жывы, мы прагледзелі гэтыя здымкі і зрабілі на іх пазнакі, хто загінуў. Так і з'явіўся гэты праект.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках